Пачаць дзень з прывітання.
Прычым вітацца з кожным, хто сустракаецца табе па дарозе.
Шчыра і ветліва гаварыць “здравствуйте!”. І гэта слова зусім не рускае, яно агульнаславянскае, а значыць, і наша, закладзенае ў генетычную памяць тысячы гадоў таму. Слова не толькі прывітання, але і пажадання здароўя на сённяшні дзень, на заўтрашні і, увогуле, на ўсё жыццё.
З гэтым словам жыве штодня вельмі цікавы чалавек, спартсмен, дырэктар дзятлаўскага кінатэатра, цудоўны муж і бацька Юрый Васільевіч Скрабец. Для меня ён стаў адкрыццём. Вось так жывеш, працуеш, кожны дзень маеш стасункі з дзясяткамі людзей і нават не падазраеш, што мужчына, які часам па справе заходзіць у музей, настолькі неардынарная асоба, чалавек, які не заўсёды ўпісваецца ў рамкі агульнапрынятых уяўленняў тых з нас, хто жыве ціхмяна, нікуды не імкнецца і, бачачы іншых, якія нешта робяць не для сябе, а для людзей, для агульнай справы гарманізацыі жыцця, адносін, наваколля, кажуць: “І навошта яму гэта?” А вось трэба! Проста трэба, бо ў чалавека ёсць на зямлі сваё прызначэнне, якое ён прыйшоў выканаць. І добра, калі ён зразумеў гэта сваё прызначэнне, ідзе поруч з ім па сваім лёсе.
Юрый Васільевіч родам з Раготна, там жа ў 1986 годзе скончыў сярэднюю школу, паступіў у Брэсцкі інстытут імя А. С. Пушкіна на факультэт фізічнай культуры, бо ўжо ў школьныя гады праявіў сябе станоўча ў многіх відах спорту, асабліва ж падабаўся лыжны бег на доўгія дыстанцыі. Быў юнаком моцным фізічна, вынослівым, не баяўся шматгадзінных трэніровак. І ў інстытуце выбраў спецыялізацыю па лыжах, таксама настойліва трэніраваўся, удзельнічаў у разнастайных спаборніцтвах. Але пасля першага курса хлопца забралі на службу ў Савецкую армію. Трапіў пад спецыяльны прызыў 1987 года, калі забіралі служыць усіх студэнтаў-першакурснікаў. Апынуўся на службе ў Кіраўскай вобласці. Зімы суровыя, снежныя, лыжніку ёсць дзе разгуляцца. Так і зразумеў, што сапраўдным лыжнікам у Беларусі не станеш: не той клімат, снегу мала, зімы цёплыя. Калі тут трэніравацца? А там, у глыбінцы Расіі, лыжы – стыль жыцця, неабходнасць, якая становіцца нормай з самых ранніх гадоў.
Таму, адслужыўшы і вярнуўшыся на вучобу ў інстытут, Юрый Васільевіч вырашае займацца лёгкай атлетыкай, рабіць забегі на сярэднія і доўгія дыстанцыі. Лічыць, што яму пашанцавала з настаўнікам – ім быў Аляксей Іванавіч Шуцееў, трэнер-выкладчык інстытута. У час вучобы Юрый стаў членам зборнай каманды Брэсцкай вобласці, чэмпіёнам БССР (1990 год), удзельнічаў у многіх шматбор’ях, але перавагу аддаваў ваенна-прыкладному шматбор’ю, якое складалася з трохкіламетровага кроса, кідання гранаты і стральбы. Стаў кандыдатам у майстры спорту.
На якіх толькі стадыёнах не пабываў за сваё доўгае спартыўнае жыццё! І не толькі ў абласных і раённых гарадах нашай рэспублікі, але і за яе межамі. Стасункі са спартсменамі-аднадумцамі, проста цікавымі людзьмі, якіх шмат сустракалася па жыцці, Юрый Васільевіч лічыць найлепшымі, незабыўнымі ўражаннямі. Але асабліва дарагі для яго ўдзел у марафоне Брэст-Бяла-Падляска, у якім удзельнічае яшчэ з савецкіх часоў. Тады на яго прыязджалі добраахвотнікі з усяго Савецкага Саюза. Помніць марафоны 1987, 1989, 1990 гадоў. Нібы ўчора было. Цяпер бацькава захапленне марафонскім бегам падтрымлівае сын Аляксандр. Ён таксама марафонец, яго рэкорд – забег на 42 кіламетры.
Па-рознаму бывае ў жыцці. Часам прыходзіць такая хвіліна, калі хочацца здацца, праявіць слабасць, але ці то лёс, ці то выпадак не даюць гэта зрабіць. Нездарма ж кажуць: калі ты вельмі нечага хочаш, табе дапамагае ўвесь Сусвет. Так было і з марафонцамі з сям’і Скрабец. Саша расказаў бацьку, што на 42-кіламетровым марафоне следам за ім бег мужчына, якому споўнілася 83 гады. Ну, як тут можна адступіць, здацца, калі такі прыклад перад табой? І не здаюцца. Мала таго, з’яўляюцца прыкладам для многіх дзятлаўчан.
Юрый Васільевіч бегае кожны дзень, а ў суботу норма яго прабегу складае 12 кіламетраў, часта шлях пралягае па шашы ў бок санаторыя “Радон”. Плавае, вучыць плаваць дзятлаўчан і іх дзяцей у нашым гарадскім басейне, удзельнічае штогод у паўмарафонах у Шчучыне, Брэсце, Мінску, мае аж 60 медалёў рознай вартасці. Калі ён расклаў іх веерам на журнальным століку ў зале музея, мне аж дух заняло. Такая прыгажосць і шматколернасць. Але ж за кожным медалём – шматдзённая праца, напружаная работа цела і духу чалавечага. Як тут не ўразіцца?
Падзяліўся мой субяседнік і методыкай аздараўлення, якая дапамагае яму быць у выдатнай спартыўнай форме ў свае 50 гадоў. Гэта сістэма Парфірыя Іванова, вядомага прапагандыста здаровага ладу жыцця і загартоўкі. Менавіта Іваноў стварыў своеасаблівую сістэму аблівання халоднай вадой, і не проста сістэму, а цэлую філасофію. Ёй актыўна захапляліся на прасторах былога СССР у 80-90-я гады, шмат паслядоўнікаў мае сістэма і сёння. Юрый Васільевіч з Парфірыем Івановым не сустракаўся, але на такую сустрэчу ездзілі яго сябры-студэнты і расказалі, што бачылі, што чулі там. Ды так расказалі, што захапілі, заахвоцілі паспрабаваць.
Калі сям’я Скрабцоў жыла і працавала ў Явары, мела свой дом, аздараўленне па сістэме Іванова было простым і даступным. Ім захапілася ўся сям’я: спачатку бацька, праз год маці, Галіна Аляксандраўна, потым дзеці. Са здзіўленнем глядзелі суседзі, як старэйшыя аблівалі маленькіх дзяцей з вядра на вуліцы. І ў сям’і амаль ніколі не хварэлі. Былі лічаныя выпадкі, калі ў дзяцей падымалася тэмпература, але лекі на такі выпадак адны – рэгулярнае абліванне халоднай вадой.
У Юрыя Васільевіча і Галіны Аляксандраўны трое дзяцей. Старэйшая дачка Насця вучылася ў гімназіі, добра яе памятаю. Высокая, прыгожая дзяўчына, разумніца. Прыйшла з сельскай школы ў гімназію ў 10 класе, але не толькі паказала выдатныя веды, але і стала алімпіядніцай, скончыла школу з залатым медалём. Яна таксама ўдзельнічае ў забегах, адолела свае першыя дзесяць кіламетраў у 5 класе. Падцягваецца да старэйшых і Святланка, малодшая дачка.
Юрый Васільевіч – выдатны педагог, заўсёды любіў працу з дзецьмі, умеў заахвоціць прадметам, асабістым прыкладам, зрабіць правільную стаўку на таго ці іншага вучня і дасягнуць выдатнага спартыўнага выніку. І яму, канешне, гэтага не хапае. Але хто ведае, як павернецца далейшы лёс. Чалавек нараджаецца, каб ісці сваім, толькі яму вызначаным шляхам. Ён розны бывае, часам цярністы, і толькі нам, бывае, вырашаць, збочваць з яго ці не. Хочацца пажадаць Юрыю Васільевічу поспехаў на яго шляху служэння людзям, бо шлях гэты годны і варты чалавека.
Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup
У другой палове дня ў райвыканкаме практычную частку мерапрыемства змяніла пасяджэнне выязной калегіі ўпраўлення культуры…
Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй Жамойда ў…
Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй Жамойда наведаў…
Президент Беларуси Александр Лукашенко в интервью французскому журналу Le Point 17 ноября высказался о роли…
Перечень заготовителей и объемы поставок (закупок) сельскохозяйственной продукции и сырья для республиканских государственных нужд на…
Вопрос: Будет ли иметь право на дополнительную профессиональную пенсию в системе профессионального пенсионного страхования (далее…