Сярод імён,  якія складаюць гонар і славу беларускага народа, пачэснае месца займае імя нашага земляка – ураджэнца вёскі Погіры Дзятлаўскага раёна Ігната Дварчаніна.

Сёлета спаўняецца 130 гадоў з дня яго нараджэння. З гэтай нагоды ў Дзятлаўскай раённай бібліятэцы прайшло мерапрыемства “Мы ганарымся ім”. Вядучая Святлана Магера расказала пра кароткае (усяго 42 гады), але яркае жыццё нашага земляка, які горача і самааддана любіў сваю Радзіму і народ. Ён быў таленавітым паэтам і перакладчыкам, літаратуразнаўцам і публіцыстам, педагогам і выдаўцом, культурным і грамадскім дзеячам.

Нездарма літаратуразнаўца Тамара Кароткая адзначыла: “Гэтаксама, як і Скарыну, Дварчаніна можна з поўным правам назваць будзіцелем, адраджэнцам, хай сабе і на другім адрэзку гісторыі…”.

Старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Вольга Цюшляева пазнаёміла з экспанатамі пра нашага знакамітага земляка, якія захоўваюцца ў музеі. Яна паказала гасцям хрэстаматыю беларускай літаратуры, дзе Дварчанін сабраў творы лепшых беларускіх пісьменнікаў дакастрычніцкага перыяду; доктарскую дысертацыю, за якую атрымаў званне доктара філасофіі; часопісы з надрукаванымі вершамі Ігната Сымонавіча, фотакарткі і такі каштоўны экспанат, як пісьмо ў Таварыства беларускай школы, напісанае яго рукой.

Памяць пра Ігната Дварчаніна захоўваецца ў сэрцах нашых землякоў, жыхароў Дзятлаўшчыны. У гонар яго названа Жукоўшчынская школа, вывешаны мемарыяльныя дошкі на доме вёскі Погіры, будынку раённай бальніцы. На плошчы 17 Верасня стаіць на гранітным пастаменце бронзавы бюст Ігнату Дварчаніну. Гэта і ёсць удзячная даніна нашчадкаў свайму славутаму земляку.

Госці сустрэчы ўшанавалі памяць земляка, усклаўшы кветкі да помніка яму.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации