Адной з важных хрысціянскіх дабрадзейнасцяў, якую заклікае здзяйсняць хрысціянская царква ў перыяд працяглага паста, – малітоўна шанаваць памерлых. У Вялікім пасту на працягу трох субот, 3, 10 і 17 сакавіка – Бацькоўскія памінальныя суботы.

У самы дзень і напярэдадні ў храмах здзяйсняюцца адмысловыя набажэнствы – Вялікія паніхіды ці Парастас. У перакладзе з грэчаскай мовы гэта слова азначае «хадайніцтва». Хрысціяне просяць дапамогі ў святых, кааб яны былі заступнікамі нашым спачылым родным перад праведным Судом Божым. Для чаго нам трэба маліцца аб выратаванні душ сваякоў, што адышлі ў іншы свет? Ці так неабходна ставіць у іх памяць свечкі? А калі і паставіш свечку, ці будзе яна прынята, ці пачуе Бог нашы маленні? Шмат пытанняў узнікае, задаць няма каму, а час няўмольна ідзе наперад.

У Свяшчэнным Пісанні Ветхага і Новага Запавету даволі шмат месцаў, якія паказваюць на тое, што чалавек павінен маліцца пра памерлых. У гісторыі Макавеяў Іуда прынёс ахвяру і здзейсніў малітву па загінулых воінах. Святы апостал Павел вучыў, што «Такім чынам, перш за ўсё прашу здзяйсняць малітвы, прашэнні, маленні, падзякі за ўсіх чалавекаў» (1 Цім. 2, 1). У IV стагоддзі свяціцель Іаан Златавуст, тлумачачы першае пасланне да Карынфян, заўважае, што не слязамі, але малітвамі, маленнямі, міласцінамі і прынашэннямі мы павінны дапамагаць нябожчыку.

Да прыняцця манаства здарылася аднаму афонскаму схімніку цяжка захварэць. Падчас сну ён убачыў пакуты грэшнікаў. Пры гэтым аднаго з іх, чорнага, нібы вугаль, які знаходзіўся ў кайданах, вызвалілі ад нясцерпных пакут і правялі ў рай. На пытанне за што яму такая літасць, анёл адказаў: «Гэта грэшная душа была адлучана ад Бога за грахі і вечна пакутавала б у полымі; але родныя грэшніка шмат служылі літургій і паніхід па ім, шмат раздалі міласціны; вось дзеля іх хадайніцтва Бог злітасцівіўся над гэтаю душою і загадаў вызваліць яе з пекла».

Наша жыццё поўная розных спраў, мітусні, хвалявання. У спешцы мы не толькі не памятаем пра памерлых блізкіх, але нават не задумваемся, што аднойчы гэта жыццё спыніцца і для нас. Тады прыйдзецца даць адказ за нашы ўчынкі, добрыя і злыя. Калі ў зямным жыцці мы не знайшлі часу падумаць, памаліцца за родных і блізкіх, нас, па вучэнні царквы, будзе чакаць строгае пакаранне. Згодна аповесці «Мытарства Феодоры» апошнім, дваццатым выпрабавальным пунктам для нашых душ будзе пакута (мытарства) неміласэрнасці і бязлітаснасці. Яго не змогуць прайсці людзі, адмовіўшыя ў міласціне і правіўшыя бессардэчнасць да блізкіх.

Каб абудзіць нашу памяць, часам мерцвякі з’яўляюцца ў нашых снах. Гэтыя начныя бачанні палохаюць нас. Пасля абуджэння мы пачынаем сябе накручваць. Але хто скажа, калі ў апошні раз ён заказваў паніхіду, хадзіў у царкву, ставіў за спачын свечкі, наведваў месцы пахавання? А яшчэ пра памерлых родзічаў трэба маліцца дома. У ранішнім і вячэрнім малітоўным правіле ёсць асобныя малітваслоўі, у якіх мы памінаем загінулых. Ім не патрэбныя дарагія помнікі, пластыкавыя кветкі. Ім патрэбна наша малітва. Мы не можам дакрануцца, абняць, пашкадаваць, сказаць, як мы любім тых, хто ўжо не з намі. Але кожны з нас можа і павінен памятаць пра іх, здзяйсняць добрыя справы ў іх памяць.

Хтосьці сказаў: «Чалавек не памірае, пакуль жывая пра яго памяць у сэрцах людзей». Паспрабуем пабываць у царкве ў адну з бліжэйшых субот. Магчыма потым, калі мы адыдзем у іншы свет, нашы дзеці таксама ўспомняць пра бацькоў і наведаюць могілкі.

І. ЗІНЧАНКА

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Дзятлаўшчына святкуе Дзень Перамогі
Як дружна пырснулі сады…
Паважаныя жыхары Дзятлаўскага раёна!

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации