Тэма

Абарона персанальных даных – важны элемент фарміравання і развіцця інфармацыйнага грамадства.

Факт

У наш час адзначаецца высокі ўзровень развіцця інфармацыйных тэхналогій, актывізаваліся і працэсы станаўлення інфармацыйнага грамадства. У якасці яго цэнтральнага звяна выступаюць такія складальнікі, як інфармацыя і інфармацыйныя паслугі. Персанальныя ж даныя можна разглядаць як асабліва значны від інфармацыі, таму іх абарона – адна з асноўных задач любой дзяржавы пры пабудове інфармацыйнага грамадства.

Слова спецыяліста

Следчы Дзятлаўскага раённага аддзела следчага камітэта Анастасія Сідаровіч:

– Цяпер большасць людзей ва ўсім свеце карыстаюцца інтэрнэтам і сацыяльнымі сеткамі, месенджарамі, электроннай поштай, маюць банкаўскія карткі і мабільныя банкінгі, пры дапамозе якіх могуць аплачваць паслугі і ажыццяўляць іншыя грашовыя аперацыі без наведвання банка. Выкарыстоўваюцца і такія плацежныя сістэмы, як Apple Pay, Samsung Pay, іншыя. Усе гэтыя тэхналогіі могуць быць рэалізаваны толькі з дапамогай укаранення ў іх персанальных даных.

Варта адзначыць, што пад персанальнымі данымі, паводле нормаў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб абароне персанальных даных” № 99, разумеюць “любую інфармацыю, якая адносіцца да ідэнтыфікаванай фізічнай асобы ці фізічнай асобы, якая можа быць ідэнтыфікавана”.

На жаль, з развіццём тэхналогій пачасціліся і злачынныя замахі на персанальныя даныя людзей, значыць, і на іх асабістае жыццё. Канстытуцыя Беларусі ўтрымлівае палажэнне, што пасягальніцтва на асабістае жыццё чалавека з’яўляецца незаконным і караецца згодна з артыкулам 28 Канстытуцыі. Аднак не толькі галоўны дакумент краіны рэгламентуе абарону персанальных даных. Заканадаўства нашай рэспублікі прадугледжвае комплекс прававых, арганізацыйных, тэхнічных мер па забеспячэнні канфідэнцыйнасці, цэласнасці, праўдзівасці, даступнасці і захаванасці інфармацыі. Гэта азначэнне ўзята з пастановы Савета Міністраў № 1 “Аб Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь”. У Крымінальным кодэксе таксама ёсць артыкул аб адказнасці за парушэнне падобных нормаў.

У дэталях

Адрозніваюцца наступныя віды персанальных даных:

– генетычныя – інфармацыя аб спадчынных ці набытых генетычных характарыстыках чалавека з унікальнымі данымі аб яго фізіялогіі ці здароўі, якая можа быць атрымана пры даследаванні біялагічнага матэрыялу;

– агульнадаступныя – былі распаўсюджаны самім суб’ектам персанальных даных ці па яго згодзе ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўчых актаў;

– спецыяльныя – тычацца расавай ці нацыянальнай прыналежнасці, палітычнах поглядаў, рэлігійных, іншых перакананняў, членства ў прафсаюзах, здароўя, палавога жыцця, прыцягненняў да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці, біяметрычныя і гэтак далей.

Апрацоўка персанальных даных – гэта дзеянне ці іх сукупнасць, якія ўключаюць збор, сістэматызацыю, захоўванне, змяненне, выкарыстанне, абязлічванне, блакіраванне, распаўсюджванне, прадастаўленне, выдаленне персанальных даных.

Пад паняццем “фізічная асоба, якая можа быць ідэнтыфікавана”, разумеюць фізічную асобу, якую можна прама ці ўскосна вызначыць праз прозвішча, імя, імя па бацьку, дату нараджэння, ідэнтыфікацыйны нумар, адну ці некалькі прыкмет, характэрных для яе фізічнай, псіхалагічнай, разумовай, эканамічнай, культурнай ці сацыяльнай ідэнтычнасці.

Даведка

У эпоху інфармацыйных тэхналогій не абысціся без новаўвядзенняў. У нашай краіне створаны Нацыянальны цэнтр абароны персанальных даных Рэспублікі Беларусь. Функцыянуе інтэрнэт-рэсурс (cpd.by), на якім юрыдычныя і фізічныя асобы могуць звярнуцца па дапамогу з пытаннямі аб персанальных даных або азнаёміцца з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь у сферы персанальных даных.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации