Тэма
З заканчэннем агароднага сезону дачы пусцеюць
Праблема
Зімой дачная маёмасць прываблівае злодзеяў
Слова спецыяліста
Вольга Жыбко, старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта:
– Набліжаецца час, калі з-за халадоў паездкі на дачы і ў вёскі, дзе засталіся бацькоўскія хаты, становяцца рэдкімі. У перыяд адсутнасці гаспадароў павялічваецца рызыка крадзяжоў дачнай маёмасці, якая прываблівае злодзеяў аддаленасцю ад горада. Задача ўласнікаў – зрабіць доступ у такія памяшканні максімальна складаным, стварыць уражанне частай прысутнасці людзей у домаўладанні.
Найперш важна забяспечыць надзейнасць замкоў і ахоўных прыстасаванняў на дзвярах і вокнах. На зіму перад ад’ездам іх варта праверыць, пры неабходнасці – абнавіць. Найлепш замкнуць не адну, а некалькі дзвярэй у доме. Зачыніць на замок пажадана веснічкі і вароты, заадно праверыць спраўнасць агароджы па перыметры ўчастка. Не менш актуальна граматна схаваць дарагую маёмасць, якая застанецца ў доме. Яе трэба прыбраць далей ад вокнаў, лепш пад замок, аднак самы надзейны спосаб абароны – забраць з сабой на пастаяннае месца жыхарства.
Разам з тым, пры любой магчымасці наведвайцеся на дачу, прыбірайце ўчастак, стварайце ўражанне, што дом з’яўляецца жылым. Дачныя злодзеі рэдка рызыкуюць, калі баяцца сустрэцца з гаспадарамі.
Што адвадзіць няпрошаных гасцей
Зрабіць гэта дапамогуць камеры відэаназірання. Іх трэба ўстанавіць так, каб агляд ахапіў уваход на прыдамавую тэрыторыю, у дом, гаспадарчыя пабудовы, як мага большую частку падворка.
Сёння ёсць магчымасць устаноўкі камер з анлайн-рэжымам на мабільным тэлефоне гаспадара. Іх можна праглядаць у любы момант. Ёсць камеры, якія пасылаюць паведамленні аб наяўнасці руху паблізу ад дома.
Калі няма магчымасці паставіць відэаабсталяванне, можна ўстанавіць муляжы і павесіць інфармацыйныя таблічкі аб назіранні.
Дом – пад ахову
Папулярным становіцца выкарыстанне паслуг па ахове дамоў і кватэр, якія прадастаўляе Дэпартамент аховы. Пакуль гэта самы надзейны спосаб барацьбы з крадзяжамі. Для афармлення паслугі трэба звярнуцца ў раённы аддзел аховы ў той мясцовасці, дзе знаходзіцца дача. Напрыклад, у Дзятлаве гэта вуліца Фогеля, 15.
Сусед – надзейны памочнік
Калі на зіму ў вёсцы, дзе знаходзіцца дача, застаюцца жыхары або суседзі па ўчастку прыязджаюць туды рэгулярна, папрасіце іх прыглядаць і за вашай маёмасцю. Пры з’яўленні падазроных асоб у населеным пункце ці залішняй цікавасці незнаёмцаў да вашага дома яны абавязкова патэлефануюць вам або ў міліцыю.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga