Тэма: 28 мая ўступаюць у сілу новаўвядзенні, якія тычацца сямейнага капіталу. Што мяняецца?

Слова спецыяліста

Наталля Чарняк, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама:

– Згодна з Указам № 69 Прэзідэнта Беларусі, удасканалены парадак прадастаўлення сямейнага капіталу сем’ям, якія гадуюць трох і больш дзяцей. Новаўвядзенні тычацца як прызначэння, так і датэрміновага выкарыстання грашовых сродкаў.

Так, датэрмінова выкарыстоўваць сямейны капітал на паляпшэнне жыллёвых умоваў можна будзе толькі ў тым выпадку, калі не хапае “квадратаў”. Скарыстацца сямейным капіталам на больш прасторны дом ці кватэру змогуць толькі тыя сем’і, якія маюць ва ўласнасці менш за 15 метраў квадратных на чалавека, а калі яны мінчане, – то менш за 10.

Што тычыцца прызначэння сямейнага капіталу, то тут таксама ёсць новае патрабаванне: з 28 мая абавязковай умовай з’яўляецца занятасць працаздольнага бацькі ў поўнай сям’і або маці (бацькі) у няпоўнай сям’і на працягу не менш за 6 месяцаў з апошніх 12-ці перад зваротам.

Занятасць цяпер будзе ўлічвацца і пры датэрміновым распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу. Калі сям’я пажадае скіраваць іх на жыллё, медыцынскія паслугі або адукацыю да паўналецця дзіцяці, то працаздольны бацька, айчым у поўнай сям’і або маці (бацька) у няпоўнай сям’і, павінны працаваць не менш за 12 месяцаў на працягу апошніх 24-х да моманту звароту па сродкі сямейнага капіталу.

Варта ведаць

Яшчэ адно важнае новаўвядзенне: прадаць нерухомасць, набытую за сродкі сямейнага капіталу нельга на працягу 5 гадоў з даты рэгістрацыі права ўласнасці на жылое памяшканне.

Таксама трэба падкрэсліць, што сямейны капітал будзе прызначацца толькі тым сем’ям, дзе дзеці выхоўваюцца ў дастойных умовах. Ён не прадастаўляецца, калі дзеці прызнаны ў сацыяльна ненадзейным становішчы, адабраны з сям’і.

Указам урэгуляваны і парадак вяртання ў рэспубліканскі бюджэт неабгрунтавана выкарыстаных сродкаў у выпадку парушэння грамадзянамі патрабаванняў заканадаўства аб сямейным капітале.

Каго не закране?

Паколькі нормы ўказу набываюць моц з 28 мая 2024 года, то ў дачыненні да заяў сем’яў, якія паспелі звярнуцца з усімі неабходнымі дакументамі да гэтай даты, будуць выкарыстаны правілы, якія дзейнічалі раней.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации