Тэма
З развіццёмінфармацыйных тэхналогійзламыснікі выкарыстоўваюць інтэрнэт-прастору як пляцоўку для супрацьпраўных замахаў.
Праблема
На сёння кібермахлярствы ператварыліся ў праблему нацыянальнага маштабу, барацьбе з якой надаецца шмат увагі.
Факт
З 3 па 9 лютага 2025 года на тэрыторыі Гродзенскай вобласці праводзіцца прафілактычная акцыя “Тыдзень кібербяспекі”.
Слова спецыяліста
Сяргей Аляшкевіч, намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна:

– З развіццём высокіх тэхналогій удасканальваюць сваю супрацьпраўную дзейнасць і інтэрнэт-махляры. Цяпер у Беларусі распаўсюджаны такі від злачынстваў, як кібермахлярствы, для якіх характэрны падман карыстальнікаў.
У 2024 годзе на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна колькасць узбуджаных крымінальных спраў па фактах інтэрнэт-махлярстваў у параўнанні з 2023 годам нязначна знізілася – з 26 да 25. Агульны памер урону, нанесенага пацярпелым, склаў 135 642,55 рубля. Аднак сітуацыя ў сферы застаецца напружанай.
Распаўсюджаныя схемы
Крадзяжы пад выглядам продажу тавараў і паслуг: як правіла, карыстальнікі інтэрнэту практыкуюць пакупку тавараў на розных платформах, у тым ліку праз сацыяльныя сеткі Instagram, Куфар і іншыя. Пры гэтым увагу пацярпелых прыцягвае нізкі кошт прывабнага тавару і абяцанне хуткага яго атрымання. На жаль, менавіта заніжаная ў адрозненні ад рыначнай цана і неабходнасць унесці поўную або частковую перадаплату якраз з’яўляюцца галоўнымі прыкметамі падману. Такіх аб’яваў варта пазбягаць, лепш разглядаць варыянты заключэння здзелкі “з рук у рукі” або перасылкі накладзеным плацяжом.
“Халодныя” званкі: зламыснікі тэлефануюць грамадзянам, прапаноўваюць ім выгадныя крэдыты або ўдзел у “аперацыі” па прадухіленні крадзяжу грашовых сродкаў з іх карт-рахунка, падаўжэнне дагавора з мабільным аператарам ці ўстаноўку новай прапановы ад аператара. Як толькі махляры ў час такіх размоваў атрымліваюць доступ да пашпартных даных сваёй ахвяры, яны на гэтыя рэквізіты рэгіструюць асабісты кабінет у Міжбанкаўскай сістэме ідэнтыфікацыі. Затым на нумар абанента прыходзіць SMS-паведамленне з кодам, дазнаўшыся які, аферысты атрымліваюць доступ да створанага імі асабістага кабінета. Далей у ход ідуць ужо вядомыя многім аповеды аб “бяспечным” рахунку, на які даверлівых грамадзян запэўніваюць перавесці ўсе грошы.
Рэкламныя рассылкі: нярэдка ад імя банкаўскіх установаў ажыццяўляецца рэкламная рассылка. Калі пры пераходзе па ёй на фішынгавым сайце падмануты чалавек уводзіць пэўныя рэквізіты, ён губляе доступ да асабістага кабінета інтэрнэт-банкінгу або з яго рахунка адразу ж спісваюцца ўсе грашовыя сродкі.
Яшчэ адным відам падобнага махлярства з’яўляецца галасаванне ў месенджары Telegram. Патэнцыяльнай ахвяры ад імя знаёмых паступаюць паведамленні з просьбай прагаласаваць у конкурсе за дзіця або сваяка. Як толькі праходзіць галасаванне, адбываецца поўная блакіроўка доступу да акаўнта або ў Telegram з’яўляецца дадатковы карыстальнік. Пры атрыманні такіх паведамленняў найлепш іх праігнараваць, а ў выпадку пераходу па спасылцы абавязкова звярнуць увагу на настройкі асабістага Telegram-акаўнта, ці не з’явіліся там іншыя зарэгістраваныя прыстасаванні, на якіх акаўнта быць не павінна.
Парады спецыяліста
Сяргей Аляшкевіч нагадаў некалькі простых правілаў, якія дапамогуць засцерагчыся ад непрыемнасцяў у інтэрнэт-прасторы:
– Не паведамляйце незнаёмцам асабістыя даныя і не называйце трэцім асобам нумар сваёй банкаўскай карткі, пін-код, дамашні адрас і нумар тэлефона. Будзьце асцярожныя з падазронымі званкамі: калі тэлефануе незнаёмы нумар і ў вас запытваюць асабістую інфармацыю, лепш завяршыць размову, а затым праверыць факты ў афіцыйных крыніцах. Не варта пераходзіць па падазроных спасылках. Заўжды трэба заставацца пільнымі пры афармленні заказаў і не паленавацца праверыць інфармацыю аб прадаўцы і таварах перад афармленнем дагавора. Для аплаты анлайн-заказаў найлепш выкарыстоўваць не зарплатную картку, а завесці асобную для аплаты тавараў і паслуг у інтэрнэце. Каб абараніць свае даныя, усюды, дзе гэта магчыма, уключайце двухфактарную аўтэнтыфікацыю.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga