Актуальным кірункам у галіне супрацьдзеяння кіберзлачыннасці застаецца барацьба з так званымі “дропамі”.

Хто гэта такія і як не быць уцягнутымі ў схемы падману, расказала старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта Ірына Яновіч:

– Дропы, або дроперы, – гэта падстаўныя асобы, якіх махляры выкарыстоўваюць для пераводу і атрымання наяўных нелегальных грошай. Найчасцей у падобных схемах падману грамадзяне, не ўсведамляючы гэтага, становяцца ўдзельнікамі злачынства.

Паслугі дропаў патрэбныя для атрымання даходаў у выніку махлярства з пластыкавымі карткамі. Грамадзяне за ўзнагароджанне афармляюць на сваё імя банкаўскія і сім-карткі, а затым перадаюць іх “драпаводам” – асобам, якія арганізоўваюць дзейнасць па пошуку дропаў і афармленні імі картак. “Прапускаючы” праз дропа скрадзеныя грашовыя сродкі, іх пераводзяць у наяўнасць і перадаюць пераносчыкам, якія ў выніку перамяшчаюць гэтыя сродкі праз мяжу ці праводзяць праз крыптавалюту і пераводзяць арганізатарам. У такіх выпадках гаспадары картак аказваюцца саўдзельнікамі злачынства.

Як пазбегнуць такога падману? Па-першае, нельга перадаваць трэцяй асобе даныя сваёй банкаўскай карткі з кодам бяспекі. Па-другое, картку аддаваць таксама нельга, а калі згубілі яе – неадкладна паведамляйце ў банк. Па-трэцяе, па просьбах незнаёмцаў не згаджайцеся пераводзіць грошы па рэквізітах, а калі ж на вашу картку паступіў невядомы грашовы перавод, абавязкова праінфармуйце банк. Па-чацвёртае, не згаджайцеся здымаць грошы ў банкамаце для кагосьці, нават калі здаецца, што такім чынам вы дапамагаеце чалавеку: памятайце, што паходжанне такіх грошай вам невядома.

Ірына СТЫРНІК 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации