У памяшканні Казлоўшчынскага сельскага выканкама прайшло сумеснае пасяджэнне камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва і наглядальнай камісіі Дзятлаўскага райвыканкама.

Удзел у ім прынялі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка, прадстаўнікі арганізацый-працадаўцаў дзяржаўнай і прыватнай формаў уласнасці, прадстаўнікі АУС райвыканкама.

На пасяджэнне прыбылі 11 з 30 запрошаных грамадзян, за якімі ажыццяўляецца прафілактычны нагляд, якія ў нядаўнім часе вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі і тыя, хто знаходзіцца на ўліку беспрацоўных у службе занятасці.

– Такія мерапрыемствы рэгулярна праводзяцца на Дзятлаўшчыне, у Казлоўшчыне мы таксама не ўпершыню. Можна заўважыць, што асобныя грамадзяне – пастаянныя наведвальнікі пасяджэнняў: мы прапаноўваем ім розныя варыянты працаўладкавання, пераконваем у неабходнасці прыносіць карысць грамадству і жыць па законе, аднак “дастукацца” атрымліваецца не да ўсіх. На Дзятлаўшчыне звыш 600 вакансій, каля 400 з іх не патрабуюць спецыяльнай адукацыі. Працадаўцы гатовы адразу выпісаць накіраванне на медагляд і прыняць саіскальнікаў. Аднак жаданне працаваць узнікае далёка не ва ўсіх: каля 80 % тых, хто сёння наведаў пасяджэнне, даюць абяцанне і не даходзяць да месца працы, – адзначыў Аляксандр Станіслававіч. – Тым не менш, работу ў дадзеным напрамку прадоўжым. Будзем запрашаць на пасяджэнні, прапаноўваць работу і кантраляваць тое, як жывуць і чым займаюцца грамадзяне, каб не дапускаць асацыяльнага ладу жыцця.

Члены камісіі заслухалі ўвесь спектр “прычын” таго, чаму грамадзяне самі не паклапаціліся аб працаўладкаванні і не прыслухаліся да прапановаў мясцовых уладаў. У рэальнасці найбольш частая сітуацыя, калі дарослыя мужчыны проста лайдачаць, сеўшы ў пажылых матуляў на шыі. Самае дзіўнае, што тыя сваіх дарослых дзяцей апраўдваюць і абараняюць. Асобныя грамадзяне прыйшлі на пасяджэнне ў перакананні, што занятку, дастойнага іх, у сельсавеце не знойдзецца або наадварот – працоўнае месца павінна быць у крокавай даступнасці ў любым з населеных пунктаў раёна. Сярод жыхароў сельсавета ёсць і такія, хто, не маючы пастаяннай  работы і заработку, перабіваецца аказаннем разавай дапамогі пажылым землякам. Нярэдка “бонусам” у гэтай звязцы прысутнічаюць і праблемы з алкаголем: нават някепскія работнікі, якія сталі на шлях выпраўлення, часта працуюць толькі да першай зарплаты.

Аднак ёсць людзі, якія пры ўдзеле камісіі вырашылі сваю праблему або спадзяюцца гэта зрабіць. Так, жыхар пасёлка, які з-за пагаршэння стану здароўя не можа быць заняты на цяперашнім месцы працы, аднак мае фінансавыя абавязацельствы, звярнуўся ў камісію па дапамогу ў вырашэнні гэтай праблемы. Заяўніку паабяцалі разгледзець пытанне аб пошуку вакансіі і аказаць прававую дапамогу.

– Сённяшняе пасяджэнне – адно з многіх у комплексе мер па падтрыманні правапарадку і дысцыпліны. У мінулым годзе мы правялі падобныя сустрэчы ва ўсіх сельскіх саветах раёна, у некаторых нават неаднаразова. Гэта дало свой плён: пэўны працэнт грамадзян уладкаваны на работу. А дабрабыт і прыацаўладкаванне жыхароў Дзятлаўшчыны ўскосна паўплывае на зніжэнне ўзроўню злачыннасці, – дадаў Вадзім Бялятка.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации