У Беларусі поўнасцю забяспечаны бясплатны доступ насельніцтва да медыцынскіх паслугаў, ахоп грамадзян дактарамі і сярэднімі медыцынскімі работнікамі вышэйшы, чым у Швейцарыі, Балгарыі, Нідэрландах, Літве, Аўстрыі, Ісландыі.
На сёння парк высокатэхналагічнага абсталявання ў нашай краіне складае 311 адзінак: функцыянуюць 170 камп’ютарных тамографаў, 64 магнітна-рэзанансныя тамографы, 52 ангіографы, 25 лінейных паскаральнікаў.
Зразумела, што гэтыя “разумныя машыны”, як і высокакваліфікаваныя спецыялісты, якія могуць на іх працаваць, ёсць не ў кожным райцэнтры, ды і не запатрабаваны яны ў такой колькасці, немэтазгодны з пункту гледжання матэрыяльных затрат на ўтрыманне. Калі ж нерацыянальна траціць бюджэтныя грошы (ведаем, што бясплатная медыцына фінансуецца менавіта з бюджэту), то ў хуткім часе можа адбыцца фінансавы калапс.
Што ж рабіць жыхарам нашага раёна, калі ім неабходна, напрыклад, прайсці МРТ ці атрымаць медыцынскую паслугу, якую не ажыццяўляюць дзятлаўскія медыкі, расказаў галоўны доктар цэнтральнай раённай бальніцы Віктар Яцкевіч:
– Апараты МРТ вельмі дарагія, таму яны размешчаны толькі ў апорных клініках, так званых міжраённых цэнтрах. Дзятлаўская цэнтральная раённая бальніца накіроўвае сваіх пацыентаў у Астравецкую цэнтральную раённую клінічную бальніцу на МРТ-даследаванні. У сувязі з уводам МРТ у Лідскай бальніцы з лютага 2025 года нашаму раёну выдзелена сем дарослых і адно дзіцячае месца ў месяц для накіравання ў суседні раён. Аднак галоўным аказальнікам медпаслугі па-ранейшаму застаецца Астравецкая ЦРКБ, асноўны паток людзей накіроўваецца менавіта туды.
Тэрмін чакання ў сярэднім складае 30-40 дзён.
Што тычыцца аператыўнага лячэння, напрыклад, артраскапіі, то яна праводзіцца ў горадзе Гродне ва ўніверсітэцкай клініцы. З мая 2025 года запіс на яе ажыццяўляецца толькі ў абласной паліклініцы доктарам траўматолагам-артапедам. Адпаведна пацыенты дзятлаўскай паліклінікі пры наяўнасці паказанняў па рашэнні доктара атрымліваюць накіраванне на кансультацыю да абласнога спецыяліста, і толькі ён можа паставіць на чаргу для выканання артраскапіі. Тэрмін чакання такога аператыўнага ўмяшальніцтва ў сярэднім складае ад паўгода да дзесяці месяцаў.
Пры жаданні ўсе гэтыя працэдуры можна прайсці і на платнай аснове, там чарга і тэрмін чакання значна меншыя.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga