Напярэдадні Дня Перамогі Дзятлаўская раённая бібліятэка арганізавала для жыхароў і гасцей горада тэматычную кніжную выставу “Гонар. Перамога ў сэрцах пакаленняў”. Назва выставы абрана невыпадкова. Перамога – гэта наш супольны гонар, які павінен беражліва перадавацца ад бацькоў да дзяцей. Гэта не проста экспазіцыя літаратуры, а сапраўдны рэквіем у гонар тых, хто падарыў нам мірнае неба. Кнігі, прадстаўленыя на выставе, дазваляюць кожнаму чытачу прайсці шляхамі вайны – ад першых трывожных дзён чэрвеня 1941-га да пераможнага мая 1945-га. Асаблівае месца ў экспазіцыі займаюць выданні, прысвечаныя падзеям на Дзятлаўшчыне: подзвігам мясцовых партызан і цяжкаму лёсу мірных жыхароў у гады акупацыі. На выставе таксама прадстаўлены дакументальныя хронікі, мастацкія творы класікаў беларускай літаратуры аб вайне, ілюстраваныя альбомы з фотаздымкамі герояў-вызваленцаў, кнігі памяці, дзе кожнае прозвішча – гэта гісторыя асобнай сям’і.

Арганізацыя выставы – даніна глыбокай павагі тым, хто ахвяраваў сабой дзеля нашай будучыні. Кніга – гэта адзін з самых надзейных захавальнікаў праўды. Мы запрашаем дзятлаўчан далучыцца да чытання-ўспаміну, гартайце старонкі гісторыі, шукайце імёны сваіх прадзедаў. Пакуль мы памятаем, мы адзіныя, а значыць, моцныя.
Святлана МАГЕРА,
загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі бібліятэкі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае