Паважаныя жыхары Дзятлаўскага раёна! Дарагія сябры! Адыходзячы 2025 год стаў для Дзятлаўскага раёна часам упэўненага руху наперад, годам стваральнай працы і дасягненняў ва ўсіх ключавых сферах жыцця. Агульнымі намаганнямі кіраўніцтва раёна, працоўных калектываў і жыхароў умацаваны падмурак для дабрабыту і камфорту.
Нашы аграрыі чарговы раз пацвердзілі свой высокі прафесіяналізм, паказаўшы годныя вынікі па ўсіх ключавых напрамках. Вытворцы льнопрадукцыі здзейснілі сапраўдны прарыў: нарыхтоўка льновалакна вырасла больш чым у два разы (202,1 % да 2024 года). Стабільна расце вытворчасць малака і мяса. Дынамічна развіваецца прамысловасць. Аб’ём вытворчасці прадукцыі прамысловымі прадпрыемствамі склаў 107,9 % да ўзроўню 2024 года, што сведчыць аб стабільнай загрузцы магутнасцяў і запатрабаванасці прадукцыі. Экспарт паслуг вырас больш чым на чвэрць.
Па выніках года раён дэманструе ўпэўнены рух па шляху комплекснага развіцця і стварэння камфортнага асяроддзя для жыцця, ахопліваючы ўсе ключавыя сферы – ад добраўпарадкавання двароў да маштабных сацыяльных праектаў. Асаблівая ўвага надаецца абліччу населеных пунктаў. У гарадскім пасёлку Наваельня змяніліся дваровыя тэрыторыі шматкватэрных дамоў. Якасць дарог – заўсёды ў фокусе: завершаны бягучы рамонт з асфальтаваннем 18 вуліц у раёне. Пабудавана і запушчана ў эксплуатацыю станцыя абезжалезвання вады для вёскі Сачыўляны. Прадаўжаецца рэканструкцыя лазнева-аздараўленчага комплексу ў сучасны фізкультурна-аздараўленчы ў горадзе Дзятлаве. Першая чарга работ завершана, і пачаты работы па другой чарзе будаўніцтва на дадзеным аб’екце.
У рамках Дзяржпраграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” завершаны капітальны рамонт трох жылых дамоў у горадзе Дзятлаве, гарадскіх пасёлках Казлоўшчына і Наваельня. Жыллёвы фонд таксама папаўняецца: у гарпасёлку Казлоўшчына здадзены 34-кватэрны дом, у райцэнтры на вуліцы Прытыцкага пабудаваны новы дом на 30 кватэр, чакаецца ўвод у эксплуатацыю шматкватэрнага дома ў гарпасёлку Наваельня.
Значна абноўлена транспартная інфраструктура, праведзена капітальная рэканструкцыя моста праз раку Дзятлаўку, завершаны рамонт на мосце праз Шчару.
Умацоўваецца матэрыяльная база сацыяльных аб’ектаў: бальніцы, школ, дзіцячых садкоў і спартыўных установаў. У бягучым годзе завершаны работы па мадэрнізацыі памяшканняў паліклінікі для ўстаноўкі двух рэнтгендыягнастычных апаратаў, зроблены рамонт лабараторыі. Сістэма адукацыі раёна ўмацоўвае сваю матэрыяльную базу. Праведзены капітальныя рамонты дахаў у гімназіі № 1 горада Дзятлава і Гезгалаўскай сярэдняй школе імя М. І. Нядзеліна, мадэрнізаваны цеплавыя сеткі ў дадзенай установе адукацыі, а таксама ў Дварэцкай сярэдняй школе. З’явіліся новыя сучасныя шматфункцыянальныя спартыўныя пляцоўкі каля сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча і Дварэцкай сярэдняй школы, варкаўт пляцоўка на тэрыторыі возера ў райцэнтры.
Для падтрымання інфраструктуры праведзены шматлікія бягучыя рамонты: харчблока Казлоўшчынскага дзіцячага сада, заменены аконныя блокі ў дзіцячым садзе № 2 горада Дзятлава, абноўлены бегавыя дарожкі, пляцоўкі на стадыёне Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук, асфальтабетоннае пакрыццё стадыёна і спартыўнай пляцоўкі, вулічнае асвятленне тэрыторыі Дварэцкай сярэдняй школы. Праведзены рамонт раздзявалак трэнажорнай залы Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.
Гледзячы ў 2026 год, мы ставім перад сабой мэту: не спыняцца на дасягнутым, працягваць паслядоўна павышаць якасць жыцця кожнага жыхара раёна, увасабляючы ў жыццё новыя стваральныя праекты. У планах – рэканструкцыя будынка пад шматкватэрны дом па вуліцы Чапаева, 18А ў Дзятлаве, вядзецца распрацоўка праекта для новага жылога дома па вуліцы Прытыцкага ў райцэнтры. Прадоўжацца работы па рэканструкцыі паліклінікі ў гарадскім пасёлку Наваельня. Бесперапынна будуць рамантавацца дарогі, жылы фонд, а таксама аб’екты сацыяльнай і культурнай сфераў.
Год быў адзначаны і інтэлектуальнымі перамогамі. Па рашэнні рэспубліканскай навукова-метадычнай секцыі кіраўнікоў метадычных службаў установаў дадатковай адукацыі Дзятлаўскаму раённаму цэнтру дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прысвоены статус “Апорная метадычная пляцоўка” рэспубліканскага метадычнага кластара. Знакавым дасягненнем стала перамога ў конкурсе моладзевых ініцыятыў, што дазволіла стварыць сучасны моладзевы медыяцэнтр “#КУБ”, які адкрывае новыя магчымасці для творчасці і самарэалізацыі дзяцей і падлеткаў. Лаўрэатамі абласной прэміі Аляксандра Дубко сталі Вікторыя Яраш, навучэнка сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча, і Гардзей Самахвал, навучэнец гімназіі № 1 горада Дзятлава. Даследчы патэнцыял маладога пакалення ярка выявіўся на конкурсах “Крыштальная Альфа”, “Я патрыёт сваёй краіны” і рэспубліканскіх канферэнцыях, дзе юныя навукоўцы і краязнаўцы Дзятлаўшчыны заваявалі больш за дзясятак узнагарод.
Адыходзячы год прынёс раёну не толькі эканамічныя поспехі, але і спартыўныя перамогі, а таксама адкрыў для жыхароў і гасцей Дзятлаўшчыны новыя, займальныя турыстычныя маршруты. Залатыя медалі чэмпіянатаў краіны па лёгкай і цяжкай атлетыцы ў Вікторыі Яраш і Уладзіслава Губко – заканамерны вынік работы іх настаўнікаў, трэнераў Аксаны Афанасенкавай і Сяргея Залатарова. А выхадцы з гэтай жа спартыўнай школы Анастасія Францішчык і Павел Гурскі цяпер абараняюць гонар краіны ў саставе нацыянальных зборных! У скарбонку да тытулаў шасціразовага пераможцы і трохразовага прызёра рэспубліканскага этапу спаборніцтваў па хакеі “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзятлаўская каманда “Алмаз” дадала чарговы тытул віцэ-чэмпіёна Рэспублікі Беларусь. Дасягнутыя поспехі даюць упэўненасць у тым, што раён і надалей будзе дынамічна развівацца, забяспечваючы высокую якасць жыцця для цяперашняга і будучых пакаленняў.
Дарагія сябры! Наперадзе – новыя мэты і свежыя ідэі. Упэўнены, разам мы зможам іх рэалізаваць! Вялікі дзякуй усім жыхарам за плённы год, за вашы прапановы і гатоўнасць удзельнічаць у жыцці раёна. Няхай 2026 год стане часам яркіх здзяйсненняў, рэалізацыі намечаных планаў і новых перамог як у прафесійным, так і ў асабістым жыцці, а ў кожным доме пануюць паразуменне, цяпло і любоў. Са святам, дарагія сябры!
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае