Усебеларускі народны сход сёлета адзначае сваё 30-годдзе.
Дзятлаўчанка Тамара Шавель, якая была дэлегатам IV склікання ВНС падзялілася меркаваннем аб значэнні ўсенароднага форуму для Беларусі:
– Мне выпаў вялікі гонар у саставе дэлегацыі ад Дзятлаўскага раёна ўдзельнічаць у IV Усебеларускім народным сходзе. І хоць прайшло з таго часу амаль 16 гадоў, я і сёння ўспамінаю, што ў зале Палаца Рэспублікі панавала атмасфера яднання, агульнай адказнасці і разумення дэлегатамі таго, што мы ўсе прымаем удзел у важнейшай гістарычнай падзеі краіны, бо УНС – гэта зыходная кропка, якая вызначае будучае кожнага з нас. Гэта імпульс далейшага паступовага мірнага развіцця Беларусі.
Місія IV УНС была няпростая: вызначыць у галінах праблемы, якія стрымліваюць развіццё і сумесна скарэктаваць курс на гады наперад. На IV форуме ў цэнтры ўвагі – чалавек і яго праблемы, работа са зваротамі грамадзян.
Выступленне Прэзідэнта нікога не пакінула раўнадушным. Дакладна, ёмка і даступна Аляксандр Рыгоравіч абазначыў найбольш важныя моманты: якім шляхам пойдзе Беларусь, як будуць развівацца эканоміка і палітыка, што патрэбна яшчэ зрабіць для нацыянальнага адзінства. Часта выступленне кіраўніка дзяржавы перарывалася апладысментамі, таму што сказаныя з высокай трыбуны словы леглі на душу ўсім, хто знаходзіўся ў зале. Эмоцыі перапаўнялі, бо размова ішла аб будучыні краіны: як будзем жыць і развівацца наступныя пяць гадоў.
Запомнілася і абмеркаванне даклада Прэзідэнта. У маёй памяці засталіся словы, якія можна высечы ў камені для ўсіх пакаленняў беларусаў. Яны належалі ранейшаму Мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі Філарэту: “Мы – народ Рэспублікі Беларусь. Мы – народ божы”. Ад гэтага ўсё павінна будавацца, з гэтага мы павінны чэрпаць сілы і ўпэўненасць у тым, што ніхто і ніколі не зможа пазбавіць нас самага галоўнага – незалежнасці нашай Радзімы, нашай любімай Беларусі. Калі так, то мы, беларусы, павінны па максімуму прыкладаць свае намаганні: прафесійныя, даследчыя, творчыя, спартыўныя. Разумець і дзяцей навучыць разумець, што мы – нацыя адзіная, згуртаваная, са сваёй гісторыяй і традыцыямі. Гэта трэба берагчы і з гэтым годна ісці па жыцці, заяўляючы аб роднай краіне сваімі дасягненнямі, а яны складаюцца з адказнага і кампетэнтнага падыходу да сваёй працы.
Спадзяюся, што і надалей УНС як важны канстытуцыйны орган будзе вырашаць асноўныя напрамкі развіцця краіны.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае