Гэтай зімой сацыяльныя сеткі ўзарвала песня-чэлендж “Надо!”, адрасаваная Прэзідэнту краіны і ўсім беларусам. Яе актыўна “лайкалі” ў TikTok і Інстаграм, здымалі з гэтым гукам свае сюжэты і проста падпявалі  ў дарозе або на кухні. Кампазіцыя прагучала на “Марафоне адзінства” ў Мінску, крыху пазней адбылася прэм’ера ў перадачы “Добрай раніцы, Беларусь!” на тэлеканале “Беларусь 1”.

Аднак і сёння не ўсе ведаюць, што аўтарам слоў і музыкі, а таксама адным з выканаўцаў песні “Надо!” з’яўляецца наш зямляк, дырэктар ЦБП № 407 ААТ “ААБ Беларусбанк” горада Дзятлава Аляксей Юхневіч. Ён расказаў, як прыйшло і ажыццявілася рашэнне падтрымаць усебеларускі чэлендж, а таксама як сумяшчаецца захапленне музыкай з работай у банку. 

– Як нарадзілася  песня “Надо!”, што сёння на слыху ў беларусаў?

– Усё атрымалася спантанна, на натхненні. Увечары пасля работы дома “блукаў” па сацсетках і двойчы запар натрапіў на чэлендж “Надо!”, у якім калектывы нашай краіны заклікалі Прэзідэнта Беларусі да ўдзелу ў выбарах. Прыйшла ідэя на гэтай хвалі таксама напісаць песню – простую, зразумелую і блізкую людзям. Усё пачалося з прыпева, у які я пастараўся ўключыць усё тое, што сёння найбольш важна кожнаму беларусу – мірнае неба, хлеб на стале, упэўненасць у заўтрашнім дні. Радкі і мелодыя склаліся за хвіліну, і стала зразумела – песні быць! Зрабіў першую аранжыроўку на тэлефоне з дапамогай нейрасеткі і хутка апублікаваў у TikTok з перспектывай у далейшым запісаць прафесійна. Падзяліўся ідэяй са сваім “калегам па цэху”,  кіраўніком аднаго з аддзяленняў Беларусбанка ў Мінску, Аляксандрам Шымулевічам, той падтрымаў, прапанаваў зрабіць запіс на студыі ў сталіцы і паказаць рэжысёру гала-канцэрта “Марафона адзінства”, да якога ён рыхтаваўся ў той перыяд. Тыдзень рэпетыцый і прагонаў – і песня “Надо!” загучала на сцэне Палаца спорту пад акампанемент нацыянальнага акадэмічнага аркестра Беларусі імя Міхаіла Фінберга.

–  Раніцай 24 студзеня адбылася прэм’ера “Надо!” на нацыянальным тэлебачанні. Як гэта было?

– Атрымаўся сапраўдны сюрпрыз: літаральна за два дні да гэтага мы адправілі заяўку на перадачу “Добрай раніцы, Беларусь!”  і адразу атрымалі запрашэнне на эфір, дзе заспявалі дуэтам з Аляксандрам Шымулевічам. Цяпер займаюся раскруткай праз сацыяльныя сеткі і лічбавыя пляцоўкі, у планах – зняць відэа на яе. Працэс папулярызацыі песні ў самым разгары: у яе з’яўляецца свая аўдыторыя, магутны станоўчы водгук слухачоў.

– Якое месца займае музыка ў вашым жыцці і як сумяшчаецца з прафесійнай дзейнасцю?

– Спяваю і іграю на гітары з самага дзяцінства. З класа чацвёртага быў пастаянным удзельнікам школьнай самадзейнасці, спяваў у хоры, выступаў з аўтарскімі вершамі і простымі песнямі. Усё гэта прадоўжыў у Навагрудскім гандлёва-эканамічным каледжы, дзе таксама быў капітанам зборнай КВЗ. Нават задумваўся аб паступленні ва ўніверсітэт культуры на эстрадную рэжысуру, але ў выніку ўсё ж выбраў кар’еру ў банкаўскай сферы.

– Узгадайце, як прыехалі працаваць на Дзятлаўшчыну?

– Адразу пасля заканчэння каледжа я атрымаў запрашэнне ў калектыў аддзялення Беларусбанка ў Навагрудку. Так праз два дні пасля дзяржэкзаменаў я першы з групы пачаў працаваць па спецыяльнасці – спачатку касірам, затым спецыялістам па продажы плацежных картак, крэдытнага аддзела, кіраўніком аперацыйнай службы і, нарэшце, начальнікам аддзела рознічнага бізнесу. У 2020 годзе атрымаў прапанову ўзначаліць цэнтр банкаўскіх паслуг у Дзятлаве, дзе раней быў толькі праездам.

– Чым сустрэў вас горад і раён?

– Дзятлава – прыгожы ўтульны горад з адметнай цікавай гісторыяй. Спачатку наймаў тут кватэру, а два гады таму атрымаў арэнднае жыллё ў мадэрнізаваным шматпавярховым доме ў райцэнтры, за што ўдзячны раённым уладам. Скажу шчыра, па першым часе адчуваў тут сябе крыху іншародным аб’ектам у маленькім грамадстве, дзе ўсе адзін аднаго ведаюць, а на незнаёмца звяртаюць павышаную ўвагу. З другога боку, на Дзятлаўшчыне, як і ва ўсёй Беларусі, людзі прыветлівыя, добрыя, спагадлівыя, тут прыемна жыць і працаваць.    

– Ці часта спяваеце на “шырокую” аўдыторыю?

– Музыка – гэта маё хобі, якое звязана пераважна з напісаннем песень. Як выканаўца час ад часу рэалізую праекты разам з маім калегам па банкаўскай сферы Аляксандрам Шымулевічам, з якім пазнаёміліся ў 2014 годзе. З аўтарскай песняй мы перамаглі ў рэспубліканскім конкурсе Беларусбанка “Мая Радзіма Беларусь”, нават знялі на яе кліп  на дахах лідскіх шматпавярховікаў. У рамках іншага банкаўскага конкурсу прэзентавалі песню “Дзяўчынкі Беларусі”, якую таксама напісаў я.

– Шмат песень у вашым рэпертуары? Хопіць на альбом?

– Гэта не зусім тая мэта, якую хацелася б рэалізаваць. Я люблю песні, пішу іх з задавальненнем, стараюся падбіраць трапныя словы, якія падхопяць і будуць паўтараць слухачы. Ужо каля пятнаццаці кампазіцый у запасе ёсць. Але я ніколі не пазіцыянаваў сябе як спявак, найперш – аўтар тэкстаў і музыкі, гэты напрамак можна развіваць.

– Якая песня ўласнага напісання самая дарагая сэрцу?

– Гэта кампазіцыя “Мама”, якую я напісаў спецыяльна для сваёй любімай матулі Валянціны Яўгенаўны Ус. Гэта прамова ад імя дарослага сына, які ўжо нечага дасягнуў у жыцці, але заўсёды вяртаецца да роднага парога, каб сказаць словы ўдзячнасці самаму дарагому чалавеку за веру, любоў і падтрымку. 

– Аляксей Эдмундавіч, якім бачыце сваю бліжэйшую будучыню? Ці будзе ў ёй месца песні?

– Бясспрэчна, у далейшым мой жыццёвы шлях будзе звязаны са сферай банкаўскіх паслуг, гэта прафесія і прызначэнне. Але і ад музыкі не адмаўляюся: пішу, назапашваю вопыт і ідэі. Хацелася б навучыцца прафесійнай аранжыроўцы, спадзяюся, прадставіцца такая магчымасць. Буду шчаслівы, калі песні майго аўтарства стануць хітамі ў выкананні зорак беларускай эстрады.

Наталля АВЯРЧУК

Фота аўтара і з архіва Аляксея Юхневіча

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации