Упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання Дзятлаўскага райвыканкама на асобым кантролі трымае пытанне аховы працы. Так як у Гродзенскай вобласці з 27 студзеня па 27 лютага праходзіць месячнік па бяспецы працы ў галіне жывёлагадоўлі, раённыя спецыялісты актыўна ў яго ўключыліся.

Варта адзначыць, што на працягу апошніх гадоў у арганізацыях АПК вобласці адзначаецца высокі ўзровень вытворчага траўматызму. У галіне жывёлагадоўлі адбылося восем няшчасных выпадкаў, у выніку кантактаў з жывёламі пацярпелі тры работнікі. Жывёлагадоўчая галіна з’яўляецца адной з самых траўманебяспечных у аграпрамысловым комплексе.


У рамках месячніка адбыўся рэйд па фермах КСУП “Жукоўшчына”. Выявіць, як там праводзіцца работа па ахове працы, накіраваліся галоўны спецыяліст аддзела механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксандр Камароў, старшыня Дзятлаўскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Латушка, памочнік доктара-гігіеніста Дзятлаўскага райЦГЭ Марыя Шымчык.


Наведалі малочнатаварныя фермы “Погіры”, “Краглі”, “Зачэпічы”, ферму па адкорме буйной рагатай жывёлы “Нагародавічы”. Праверылі санітарна-бытавыя ўмовы работнікаў, наяўнасць алкатэстараў, аптэчак, сродкаў індывідуальнай абароны, спецадзення і кантроль за іх выкарыстаннем, стан дакументацыі. Таксама была звернута ўвага на ўтрыманне тэрыторыі фермаў у чысціні, ці свабодныя праходы і праезды.




Як аказалася, праблем выяўлена шмат. Але больш за ўсё – у “Погірах”: мінусы – па многіх пунктах праверкі. Менш парушэнняў у “Зачэпічах”, як адзначылі, там загадчыца і работнікі самі стараюцца працаваць адказна.






Не маглі ў час рэйду абмінуць і мехмайстэрні. Бытавыя ўмовы для работнікаў у іх таксама не на высокім узроўні, не вырашана праблема са старым катлом.




– Пытанне па дэмантажы катла, які выйшаў са строю, на кантролі ўжо з канца снежня. Галоўны інжынер не прымае для гэтага патрэбных, а галоўнае, неадкладных намаганняў, – заўважыў Уладзімір Казак. – Гэта добра, што такая цёплая зіма, а што было б, каб кожны дзень былі моцныя маразы, цёплая вада патрэбная была б пастаянна. Пытанне застаецца адкрытым, яго неабходна тэрмінова вырашаць, бо людзі працуюць, і каб яны якасна выконвалі свае абавязкі, павінны быць належныя ўмовы працы.




– Камісія выявіла парушэнні, на аснове заўваг будуць складзены агульныя рэкамендацыі, якія вышлюць кіраўніку сельгаспрадпрыемства для выканання. Там будуць указаны парушэнні і тэрмін, да якога іх неабходна выправіць. А пасля правераць, як праведзена работа на самой справе, – адзначыла Святлана Латушка.


Вынікі рэйду падвёў Аляксандр Камароў:

– На жаль, шмат недапрацовак у плане санітарна-бытавых умоваў, кантролю за прыборамі, журналаў перадзменнага агляду і многіх іншых. Усё залежыць ад адказнасці кіраўніка і спецыялістаў, якія павінны гэта кантраляваць. Праверкі будзем праводзіць у гаспадарках і далей, спадзяёмся, што яны дадуць плён.

Пабачыўшы такія сумныя карціны, паўстаюць пытанні: хто ў гэтым вінаваты і як іх вырашаць? Хтосьці скажа: усё павінен кантраляваць кіраўнік і не дапускаць парушэнняў. Іншыя сцвярджаюць, што многае залежыць ад кожнага чалавека, як той сам адносіцца да ўмоваў на сваім працоўным месцы, клапоціцца пра сваю бяспеку. Штуршок дадзены – будзем чакаць станоўчых вынікаў.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga