На Дзятлаўшчыне падведзены вынікі раённага этапу штогадовага рэспубліканскага конкурсу малюнка “Нам мір завешчана берагчы”.

Яго арганізатар – Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў.
Конкурс закліканы па сродках выяўленчага мастацтва прадожыць работу па захаванні і ўвекавечанні памяці, гераізму і мужнасці савецкіх салдат і памяці аб загінулых мірных жыхарах і ахвярах Халакосту на тэрыторыі Беларусі. Сёлета ён прысвечаны 85-годдзю з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Члены журы пад кіраўніцтвам старшыні раённага савета ветэранаў Генадзя Сураўца вызначылі работы пераможцаў у трох узроставых катэгорыях: 7-9, 10-12 і 13-15 гадоў.



На абласным этапе наш раён прадставяць малюнкі, якія прызнаны лепшымі ў сваіх групах. Гэта работы “Няхай заўжды будзе мір” Лізаветы Курачкінай, навучэнкі Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў (педагог Жанна Лукашэня); “Попел вайны і белыя крылы” Анастасіі Уліта, навучэнкі Новаяльнянскай дзіцячай школы мастацтваў (педагог Алена Гайдук); “А. І. Касташкоў” Рамана Марачынскага, навучэнца Гезгалаўскай дзіцячай школы мастацтваў (педагог Аляксандра Жыляніна).

– Усяго на раённы этап конкурсу было пададзена дзевяць работ ад навучэнцаў трох школаў мастацтваў, – расказаў Генадзь Суравец. – Самымі актыўнымі былі юныя мастакі Дзятлаўскай ДШМ. Тры работы-пераможцы раённага этапу будуць накіраваны ў Гродзенскую абласную арганізацыю Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, дзе з 9 па 29 сакавіка ў названых узроставых катэгорыях будуць вызначаны лепшыя малюнкі юных аўтараў, якія прымуць удзел у заключным рэспубліканскім этапе конкурсу, які пройдзе ў Мінску. Пажадаем поспехаў нашым маладым землякам, якія выйшлі ў раённыя лідары.

Конкурс “Нам мір завешчана берагчы” для сучаснага пакалення вельмі важны, бо ў час яго дзеці па сродках выяўленчага мастацтва перадаюць свае адносіны да Вялікай Айчыннай вайны. Заадно ў юных аўтараў выхоўваецца патрыятызм, бо кожны малюнак – гэта асабістае бачанне таго, што адбывалася ў гады ваеннага ліхалецця, калі нашы дзяды і прадзеды змагаліся з фашызмам. Мы праводзілі і будзем праводзіць такія конкурсы.

Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае