Атрымальнікаў грантаў на добрыя пачынанні вызначыла Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”. У ліку пераможцаў дзятлаўчане з праектам “Без тэрміну даўнасці”.

Рэспубліканскай грамадскай арганізацыяй падведзены вынікі конкурсу на фінансаванне значных праектаў у рамках традыцыйнай ініцыятывы “Вопыт лепшых “Белай Русі” – здабытак грамадства”. Перамаглі праекты ў сацыяльнай сферы, па захаванні гістарычнай памяці, патрыятычным выхаванні, да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, па папулярызацыі арганізацыі “Белая Русь”. Для ўдзелу было даслана больш за сто заявак, да фіналу дайшлі чатырнаццаць работ, толькі дзесяць намініраваны на гранты. Сума ў сто базавых велічыняў для ўвасаблення ідэй адправіцца кожнай з дзесяці каманд, у тым ліку пярвічнай арганізацыі РГА “Белая Русь” сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча.

– Ва ўмовах сучасных глабальных і сацыяльных змяненняў, калі гістарычная памяць беларусаў падвяргаецца нападам і фальсіфікацыям, надзвычай востра стаіць праблема гісторыка-культурнага выхавання насельніцтва, – патлумачыла выбар тэмы аўтар праекта “Без тэрміну даўнасці”, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча Марыя Шавель. – У 2022 годзе ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь “Аб генацыдзе беларускага народа”. У адпаведнасці з гэтым нарматыўна-прававым актам члены нашай пярвічкі ўжо ажыццявілі шэраг мерапрыемстваў, скіраваных на развіццё патрыятычных пачуццяў і грамадзянскай адказнасці не толькі ў навучэнцаў, але і ў працоўнага калектыву. У школьным музеі “Вытокі” ўстаноўлены інфармацыйны стэнд “Без тэрміну даўнасці”, прысвечаны генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пытанне аб важнасці захавання гістарычнай памяці набыло статус сістэмаўтваральнага напрамку ў рабоце пярвічкі. Рэалізаваны праекты “3D-шпіталь: ведаем, памятаем, ганарымся”, “Ліпічанскі Сусанін”, школе прысвоена імя знакамітага земляка Іосіфа Філідовіча. Работу вырашылі прадоўжыць, і гэта паспрыяла атрыманню гранта.

– Што сабой уяўляе праект “Без тэрміну даўнасці”?

– Ён складаецца з трох модуляў, вывучэнне якіх адбываецца па чарзе. Рэалізацыя модуля “Нельга забыць” прадугледжвае вывучэнне трагічнага лёсу жыхароў Дзятлава яўрэйскага паходжання. “Нельга дапусціць” – вёсак, знішчаных нямецкімі захопнікамі на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Непаўналетнім дзятлаўчанам-вязням фашысцкіх канцлагераў прысвечаны модуль “Нельга апраўдаць”.

Праект “Без тэрміну даўнасці” павінен стаць “платформай” для ўключэння ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу ў практычную дзейнасць і вырашэнне задач грамадзянскага і патрыятычнага выхавання, паспрыяць распаўсюджванню дакладнай інфармацыі аб генацыдзе беларускага народа, у тым ліку на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна. Важная асаблівасць праекта – інтэрактыўны кантэнт і шырокае выкарыстанне анлайн-фарматаў узаемадзеяння. Лічбавая прастора стане інфармацыйна-адукацыйным асяроддзем і сродкам камунікацыі. Рэалізацыя праекта ажыццяўляецца з верасня 2024 па май 2025 гадоў і прымеркавана да 80-годдзя Вялікай Перамогі. На май запланавана правядзенне заключнага мерапрыемства “Памяць і боль беларускай зямлі” з запрашэннем кіраўніцтва раёна і сацыяльных партнёраў, адкрыццё стэндавай экспазіцыі “Без тэрміну даўнасці”, мабільнай экспазіцыі дыярам “Дзятлаўскія Хатыні”, прэзентацыі брашуры “Генацыд беларускага народа: Дзятлаўскі раён” і інтэрнэт-сайта “Без тэрміну даўнасці”. Мяркуем таксама закласці алею “Бэз Перамогі”, праводзіць тэматычныя экскурсіі, дыялогавыя пляцоўкі, круглыя сталы для ўсіх катэгорый насельніцтва, а напрыканцы правесці анкетаванне, абагуліць вопыт і падвесці вынікі.

– Ці шмат людзей працуе над праектам?

– У праектнай камандзе старшыня школьнай пярвічкі РГА “Белая Русь” Святлана Урбан, члены пярвічкі Кацярына Латушка, Алена Саўчыц, Валянціна Белашэвіч, Фёдар Бойка. У ліку кансультантаў пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго, дырэктар школы Іван Кібінь, кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання Аляксандр Ляўковіч.

Нашымі сацыяльнымі партнёрамі з’яўляюцца аддзелы адукацыі, ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама; Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей; сектар спорту і турызму райвыканкама; газета “Перамога”; раённыя арганізацыі ГА “БРСМ” і “БРПА”, моладзевы парламент пры раённым Савеце дэпутатаў, ваенны камісарыят Дзятлаўскага раёна, пракуратура, бацькі нашых навучэнцаў.

Хто ведае праўду пра вайну, той цэніць мір. Я ўпэўнена, што веданне гісторыі Беларусі і сваёй малой радзімы павінна стаць неад’емнай часткай асобы кожнага грамадзяніна нашай краіны.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#геноцид #проект #нашалепшае #нашелучшее

Похожие публикации