Больш за сто гадоў настаўніцтва, тысячы вучняў, сотні ўзнагарод – агульны ўклад у сферу адукацыі Дзятлаўшчыны ветэранаў педагагічнай працы Ганны Урбановіч, Ганны Місарэвіч, Міхаіла Халопіка, прычым Ганна Урбановіч і цяпер выкладае матэматыку ў гімназіі № 1 горада Дзятлава, рыхтуе ўдзельнікаў профільных алімпіяд і конкурсаў.

Усе гэтыя педагогі ў 1975 годзе скончылі фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы і прыехалі працаваць у наш раён. А сёлета 12 чэрвеня, праз 50 гадоў, іх зноў паклікала Alma mater на сустрэчу выпускнікоў, каб узгадаць студэнцкую маладосць і даведацца, чым сёння жыве ўстанова.

– Для мяне 2025 год адметны ўдвая, – расказала Ганна Урбановіч. – Спаўняецца 50 гадоў, як скончыла ўніверсітэт, роўна столькі ж настаўнічаю на Дзятлаўшчыне. За паўвека стажу чатыры гады адпрацавала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце ў Лявонавіцкай сярэдняй школе, нядоўга была важатай у сярэдняй школе № 2 горада Дзятлава, там жа – намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце (усяго “завучам” – 33 гады), паралельна вяла матэматыку. Работу прадоўжыла і калі другая школа была пераўтворана ў гімназію № 1 горада Дзятлава. На заслужаным адпачынку прадаўжаю працаваць настаўніцай, вельмі люблю сваю справу. Радуе, што высокіх вынікаў дасягаюць мае вучні, сярод якіх ёсць пераможцы рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, лаўрэаты праекта “Школа дакладных навук”, у рамках якога наша гімназія падтрымлівае супрацоўніцтва з ГрДУ імя Я. Купалы. У гэтым навучальным годзе выкладала ў інжынерным профілі ў адзінаццатым класе, 8 з 10 такіх гімназістаў-выпускнікоў выбралі для здачы мой прадмет. Іх адзнакі: дзве дзясяткі і шэсць дзявятак па матэматыцы.

Сустрэча ў рамках залатога юбілею выпуску прынесла шмат пазітыву, выдалася шчырай, цёплай, запамінальнай. Яна сабрала разам больш за чатыры дзясяткі выпускнікоў 1975 года фізіка-матэматычнага факультэта. За круглым сталом нас віталі рэктар універсітэта Ірына Кітурка і дэкан факультэта Генадзь Гачка. Прыемна было пабачыць сваіх студэнцкіх сяброў, бо з некаторымі не сустракаліся з дня заканчэння вучобы. Жыццё склалася па-рознаму: адны былі педагогамі, другія працавалі на іншых пасадах, сталі кіраўнікамі, дэпутатамі. Цікавай выдалася экскурсія ва ўніверсітэцкі музей, якую для нас правяла студэнтка-выпускніца Ангеліна Янкелайць. Ёй і Ірыне Кітурка мы, дзятлаўчане, падарылі на памяць магніцікі з выявай нашага горада. Нам жа ад універсітэта дасталіся кубачкі з сімволікай ГрДУ. Прыемна было зноў убачыць свайго былога выкладчыка Івана Мартынава. Іван Платонавіч – прафесар, малалетні вязень фашысцкага концлагера, у сваім выступленні ён падзяліўся ўспамінамі пра ваеннае ліхалецце і прафесійную дзейнасць. Слова трымала і наша аднагрупніца Любоў Эйсымонт, якая была адной з ініцыятараў юбілейнай сустрэчы. Мы вельмі ўдзячны за цудоўнае юбілейнае мерапрыемства адміністрацыі ГрДУ імя Я. Купалы, а за магчымасць яго наведаць і прадастаўлены транспарт – начальніку аддзела адукацыі райвыканкама Марыне Лашкоўскай.

Ірына СТЫРНІК

Фота ўдзельнікаў

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#Дятловщина #образование #нашелучшее #нашалепшае

Предыдущая новость

Похожие публикации