На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разгледжаны два адміністрацыйныя пратаколы на юнакоў, якім вынесены афіцыйныя папярэджанні. Прааналізавана сітуацыя па абароне законных правоў і інтарэсаў непаўналетніх у пяці сем’ях раёна, дзве з іх, дзе дзеці знаходзіліся ў сацыяльна ненадзейным становішчы, пасля выпраўлення крытэрыяў і паказчыкаў недабрабыту зняты з уліку, з астатнімі работа прадоўжана. Па выніках сацыяльнага расследавання ў сацыяльна ненадзейным становішчы прызнаны дзве дзяўчынкі-школьніцы.
Калі сыдуцца разам – чакай бяды
Бацькі двух маладых жыхароў раёна гавораць так пра сваіх сыноў. Здаецца, і сябруюць хлопцы някепска, але разам амаль заўсёды трапляюць у непрыемныя сітуацыі.
Чарговая з іх здарылася вечарам каля магазіна “Родны Кут” райцэнтра, дзе бавіла вольны час кампанія маладых людзей, сярод якіх былі два “героі” гэтага здарэння. У нейкі момант адзін з падлеткаў пачаў слоўную перапалку з незнаёмай жанчынай, яны “абмяняліся” абразамі, а праз некалькі хвілін разабрацца з крыўдзіцелем падышоў муж пацярпелай. Не доўга думаючы, падлетак паспрабаваў нанесці яму ўдар.
На камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама хлопец патлумачыў свае паводзіны: “Я стукнуў першы, бо быў упэўнены, што пабіць хочуць мяне”.
Пры інцыдэнце прысутнічаў сябар, якога забралі ў міліцыю ў якасці сведкі, аднак праваахоўнікі адчулі пах алкаголю, накіравалі яго на асведчанне, якое пацвердзіла ап’яненне.
Так, на аднаго маладога дзятлаўчаніна быў складзены пратакол за хуліганства, на другога – за знаходжанне нецвярозым у грамадскім месцы.
Аматару распускаць кулакі члены камісіі расказалі, што падобныя паводзіны нярэдка вядуць да бяды, узгадалі канкрэтны выпадак забойства, які здарыўся ў райцэнтры ў час спрэчкі нецвярозых маладых людзей.
У нашага юнага земляка гэта правапарушэнне ўжо не першае. Члены камісіі не выкарыстоўвалі ў дачыненні да яго накладанне штрафу, бо на момант здарэння ўласны даход у хлопца адсутнічаў, яму вынеслі афіцыйнае папярэджанне, патлумачылі, што падобныя паводзіны шкодзяць сям’і, дзе гадуецца яшчэ двое малодшых дзяцей (іх могуць прызнаць у сацыяльна ненадзейным становішчы).
Другому юнаку на момант правядзення камісіі споўнілася 18 гадоў, цяпер за ўсе ўчынкі давядзецца адказваць самастойна і па-даросламу.
Пераезд не на карысць
Сітуацыя па абароне законных правоў і інтарэсаў непаўналетніх прааналізавана ў пяці сем’ях: дзве выправілі прычыны недабрабыту і зняты з уліку, з трыма работа прадоўжана. Сярод іх больш пільнага кантролю патрабуе сям’я, дзе гадуецца трое дзяцей, бо нядаўна гаспадар нанёс жонцы цялесныя пашкоджанні. Выклік на пасяджэнне камісіі ён праігнараваў. Як расказала жанчына, агрэсіўным на роўным месцы без прычыны муж становіцца ў стане алкагольнага ап’янення, тады і адбываюцца сваркі. Іншых крытэрыяў і паказчыкаў недабрабыту не назіраецца. Дзеці забяспечаны ўсім неабходным. Сям’я не так даўно палепшыла жыллёвыя ўмовы: набыла дом, цяпер дарослыя добраўпарадкуюць яго і ўчастак. На жаль, побач з новым жыллём знаходзіцца магазін – спакуса для мужа, які любіць збегаць па піва, а потым яго паводзіны даводзіцца цярпець жонцы.
Каб палепшыць сітуацыю, спецыялісты службаў прафілактыкі вырашылі запрасіць гаспадара на савет грамадскага пункта аховы правапарадку па месцы жыхарства, а таксама звярнуцца па падтрымку да наймальніка. Хатняму агрэсару неабходна прайсці курс лячэння ад алкагольнай залежнасці. Работа па абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей у гэтай сям’і прадаўжаецца.
Праехаўся з ветрыкам – цяпер вецер у кішэнях
Сацыяльнае расследаванне паказала наяўнасць крытэрыяў недабрабыту ў сям’і, дзе гадуюцца дзве дзяўчынкі-школьніцы. Раней старэйшыя дзеці гэтых бацькоў прызнаваліся ў сацыяльна ненадзейным становішчы, аднак некалькі гадоў таму сям’я знята з уліку. На жаль, “урок” дарослыя не засвоілі. Увагу службаў прафілактыкі яны зноў прыцягнулі вялікімі запазычанасцямі за камуналку і па адміністрацыйных штрафах. Фінансавыя праблемы адбіваюцца і на дочках: у дзяўчынак не заўжды ёсць неабходнае адзенне і школьныя рэчы. Аднак гэта не перашкодзіла дарослым набыць квадрацыкл, на якім гаспадар быў затрыманы без вадзіцельскага пасведчання ў стане алкагольнага ап’янення. Цяпер транспартны сродак на штраф-стаянцы. З-за паездкі “з ветрыкам” вецер гуляе ў кішэнях.
Пры гэтым, як высветлілася на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, абодва бацькі працуюць і маюць някепскія заробкі, а вось грашыма распараджацца ў сваім немаладым узросце пара так і не навучылася: найчасцей трацяць іх на дарагія пакупкі і спіртное.
Члены камісіі прызналі непаўналетніх у сацыяльна ненадзейным становішчы, бацькоў жа папярэдзілі, што, калі не пройдуць лячэнне ад алкагольнай залежнасці і не выплацяць запазычанасці, дачок у іх наогул забяруць, а ім “арганізуюць пуцёўкі” ў ЛПП.
Вадзім БЯЛЯТКА,
намеснiк старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнт газеты “Перамога”, член камісіі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga