На варце дзяцінства. Дарослыя забываюць пра адказнасць – пакутуюць дзеці

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама прааналізавана сітуацыя па абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей у дзевяці ненадзейных сем’ях, у адной з іх двое хлопчыкаў прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, у дзвюх сітуацыя стабілізавалася, і непаўналетнія зняты з уліку, з астатнімі сем’ямі работа прадаўжаецца.

Ці зможа сама клапаціцца пра немаўля?

Старэйшага сына гэтай жанчыны гадуюць замяшчальныя бацькі, а нядаўна яна нарадзіла яшчэ аднаго хлопчыка. Службы прафілактыкі ўважліва прааналізавалі сітуацыю: з-за таго, што для немаўляці не было створана належных умоваў па месцы жыхарства, а маці не праяўляла асаблівага імкнення набыць асноўныя навыкі па доглядзе сына, дзіця прызнана маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

У жанчыны, якая цяпер з’яўляецца абавязанай асобай, ужо скончыўся бальнічны па цяжарнасці і родах, прыспеў час уладкоўвацца на работу, плаціць за ўтрыманне сына. Як высветлілася ў час камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, рабіць гэта яна не спяшаецца: прагучалі адгаворкі, маўляў “не ведала, па якую дату бальнічны”. Спецыялісты службаў прафілактыкі ёй гэта дакладна растлумачылі, а таксама нагадалі пра ранейшыя даручэнні па арганізацыі быту, падрыхтоўцы памяшканняў і рэчаў для дзіцяці.

Варта адзначыць, што, пакуль немаўля знаходзілася ў педыятрычным аддзяленні да накіравання ў Дом дзіцяці, у маці была магчымасць заставацца побач, яна ёй не скарысталася, а калі прыходзіла ў бальніцу, то не купала сына, самастойна не гатавала сумесь для кармлення. Усім гэтым займаліся медыкі. Паколькі падобныя паводзіны могуць сведчыць аб недахопе неабходных навыкаў па доглядзе немаўляці, на ФАПе па месцы жыхарства для жанчыны арганізавалі заняткі, якія яна пакуль ні разу не наведала.

З моманту адабрання сына жанчыну наведвалі спецыялісты службаў прафілактыкі, праўда, не кожны раз ім удавалася трапіць у дом. Калі атрымлівалася, маці рэгулярна давалі заўвагі: “непрыбрана”, “не складзены рэчы”, “не вынесена смецце”.

Пакуль цяжка сказаць, ці зможа жанчына наладзіць быт, навучыцца клапаціцца пра сына без старонняй дапамогі, ці ўвогуле ёсць такое жаданне? Калі не, то па заканчэнні тэрміну адабрання дакументы на пазбаўленне бацькоўскіх правоў будуць накіраваны ў суд, а хлопчык акажацца ў замяшчальнай сям’і.  

У адных атрымліваецца, у іншых – не   

Была прааналізавана сітуацыя па абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей у ненадзейных сем’ях, дзе згодна з планамі работы прыспеў час падвесці прамежкавыя або канчатковыя вынікі. Толькі дзве з іх упэўнена сталі на шлях выпраўлення, ухілілі ранейшыя паказчыкі і крытэрыі недабрабыту, таму непаўналетнія зняты з уліку, а сем’і страцілі статус ненадзейных. Набліжаюцца да іх яшчэ тры сям’і, дзе бацькі пакуль не атрымалі заўваг ад спецыялістаў службаў прафілактыкі, аднак не ўсе мерапрыемствы па выпраўленні сітуацыі завершаны, застаўся час для заканчэння такой работы.

Яшчэ ў адной сям’і ёсць над чым папрацаваць. Тут у бацькоў склалася негатыўная традыцыя выклікаць міліцыю з-за сварак. Яны гадуюць хлопчыка-інваліда, прычым догляд сына арганізаваны належны: ёсць усё неабходнае для быту і вучобы, заняткі з настаўнікамі праходзяць дома. Нягледзячы на частыя візіты педагогаў і пільны кантроль, дарослыя знаходзяць час на высвятленне адносінаў. Паміж імі нярэдка ўспыхваюць бытавыя сваркі. Калі мінулы раз у такі момант праваахоўнікам тэлефанавала п’яная жонка, то цяпер міліцыю выклікаў муж, які таксама быў нецвярозы. Зразумела, што падобныя паводзіны бацькоў не на карысць здароўю дзіцяці.

Паколькі хатнія дэбашыры ўрок не засвоілі, работа службаў прафілактыкі з сям’ёй прадоўжана на паўгода. Пры гэтым дарослых дадаткова запрасілі на пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку па месцы жыхарства – дадатковыя прафілактычныя меры будуць толькі на карысць.   

Сужыцель даражэйшы за сыноў?

Падставай для неадкладнага аналізу сітуацыі ў сям’і, дзе гадуюцца двое падлеткаў, паслужыла інфармацыя аб паводзінах маці: прагульвае работу і п’е. З бацькам хлопчыкаў яна разведзеная, жыве з сужыцелем, які злоўжывае алкаголем і ўцягвае ў гэта жанчыну, распускае рукі. Цяжка падумаць, што можа здарыцца, калі на шляху дэбашыра стане адзін з сыноў, каб абараніць матулю, тым больш што старэйшы хлопец захапляецца спортам, вучыцца за межамі раёна. Малодшаму школьніку, каб не быць сведкам хатніх п’янак, даводзіцца заставацца ў бабулі. Зразумела, што так прадаўжацца не можа.

Каб нарэшце высветліць прыярытэты дарослых, жанчыну і яе былога мужа запрасілі на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. Пытанне паставілі “рабром”: ці думаюць самі гадаваць сыноў? Як аказалася, мужчына таксама жыве ў іншай сям’і, дзе ёсць дзеці. Новая абранніца наўрад ці захоча забраць яшчэ двух, тым больш што адзін з хлопчыкаў, як сцвярджаюць мужчына і былая жонка, яму не родны. Каб аспрэчыць запіс у пасведчанні аб нараджэнні, някроўны бацька падаў дакументы ў суд.

Маці падлеткаў не выказвае жадання працаваць, лячыцца ад згубнай звычкі або расстацца з сужыцелем. Найбольшую зацікаўленасць аб лёсах дзяцей праяўляе бабуля, якая папрасіла дапусціць яе на пасяджэнне камісіі. У час прыняцця рашэння аб прызнанні непаўналетніх маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, яна выказала намер аформіць апеку над малодшым унукам (над старэйшым апекавацца будзе яго навучальная ўстанова).

Абодвум бацькам патлумачылі, што з гэтага дня яны становяцца абавязанымі асобамі і будуць плаціць за ўтрыманне непаўналетніх, прычым бацька – салідарную з былой жонкай суму на двух сыноў да вынясення іншага рашэння судом. Праўда, у гэтай сітуацыі галоўнае, каб праз шэсць месяцаў дзеці вярнуліся ў сям’ю, але пакуль для гэтага няма ніводнай аб’ектыўнай прычыны.

Сітуацыя складаная, але вырашальная

Пяцёра дзяцей з гэтай сям’і паўторна былі прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне з-за паводзінаў дарослых. Цяжарная маці выпівала разам з бацькам, нават была асведчана. Менавіта бытавыя п’янкі і паслужылі галоўнай падставай для адабрання непаўналетніх. За час, пакуль іх не было дома, у сям’і нарадзілася дзяўчынка, на жаль, немаўля таксама цяпер знаходзіцца ў Доме дзіцяці абласнога цэнтра. Маці пры магчымасці наведвае непаўналетніх, прывозіць рэчы для іх, выказвае шчырае жаданне вярнуць дзяцей. У пацвярджэнне гэтых словаў жанчына ва ўмовах стацыянару прайшла лячэнне ад алкагольнай залежнасці, цяпер чакае заканчэння бальнічнага па цяжарнасці і родах, робіць дома рамонт. Бацька працуе без прагулаў і станоўча характарызуецца ў наймальніка. Справы ідуць да лепшага, аднак спецыялісты службаў прафілактыкі выдатна ведаюць, што для гэтай сям’і падобны стан спраў не паказчык. Цяжка спрагназаваць, што можа здарыцца ў далейшым, паколькі бацькі раней ужо праходзілі праз аналагічную жыццёвую сітуацыю, выправіліся, аднак работы над памылкамі хапіла ненадоўга. Зразумела, што сітуацыя складаная, але вырашальная, аб чым спецыялісты і папярэдзілі дарослых.

Ацэнка па гэтай сям’і будзе дадзена бліжэй да заканчэння тэрміну адабрання, а пакуль за дарослымі наладжаны самы сур’ёзны кантроль з боку ўсіх службаў.

Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Сяргей АЛЯШКЕВІЧ,
пракурор Дзятлаўскага раёна
Аляксей КАШКО,
першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнт газеты “Перамога”, член камісіі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  

administrator

Recent Posts

Холода не прощают беспечности

С наступлением поздней осени на первый план выходит риск возникновения пожаров и чрезвычайных ситуаций в…

4 часа ago

Ведае ўчастковы. Дайце, калі ласка, чэк

Пытанне: купляў на рынку куртку і папрасіў выдаць чэк. Прадавец сказаў, што не можа гэта…

4 часа ago

Праект “Жамчужыны зямлі Дзятлаўскай”. Таісія Сакалоўская: “Не магу сядзець без справы”

Творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва наведаў 80-гадовую юбілярку з аграгарадка Войневічы Таісію Сакалоўскую, каб…

4 часа ago

“Храму ведаў” гарпасёлка Наваельня 60 гадоў

Поўная зала сяброў, шчырыя пажаданні, цёплыя апладысменты, кранальныя ўспаміны, мілагучныя песні, памятныя падарункі – так…

17 часов ago

В Дятловском районе завершилось специальное профилактическое мероприятие «Дом без пожара»

На территории Дятловского района завершилось специальное профилактическое мероприятие «Дом без пожара», направленное на предупреждение пожаров…

18 часов ago

Тры дзесяцігоддзі, прысвечаныя людзям

У Новаяльнянскім сельскім выканаўчым камітэце на заслужаны адпачынак урачыста праводзілі кіраўніка спраў Ірыну Каспяровіч. Ірына…

19 часов ago