У актыўных, крэатыўных дзятлаўскіх педагогаў, якія імкнуцца спасцігаць новае і дзяліцца сваімі ведамі і напрацоўкамі, зноў перамогі. Настаўніца матэматыкі і інфарматыкі сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча Кацярына Латушка атрымала дыплом другой ступені ў абласным конкурсе “ІТ-майстар”. У намінацыі “Інтэрактыўнае абсталяванне ў адукацыйным працэсе” яна прадставіла праект “Інтэрактыўны трэнажор “LogiChain: лагічныя бітвы”. Кацярына Валер’еўна расказала, што ўяўляе сабой яе работа і чым яна зацікавіла журы:

– Гэта ўжо чацвёртая мая перамога ў “ІТ-майстры”. Раней быў інтэрактыўны плакат “Прыкметы роўнасці трохвугольнікаў”, сайт “Аграматэматыка”, праект па падрыхтоўцы да экзаменаў для дзявятага класа, а ў гэтым годзе я распрацавала трэнажор для развіцця лагічнага мыслення навучэнцаў пятых-шостых класаў. Трэнажор уяўляе сабой гульню: ёсць тры ўзроўні, дзе дзеці вучацца будаваць лагічныя выказванні, вызначаюць, праўдзівыя яны ці няправільныя. Там ёсць абавязковая частка, азначэнні, напрыклад, што такое інверсія; ёсць даведачны матэрыял і канкрэтнае заданне. Гэты трэнажор мы з дзецьмі спачатку апрабавалі на факультатыўным занятку, ім асабліва спадабалася, што ён у форме гульні, а заданні выконваюцца з дапамогай зялёных і чырвоных монстрыкаў. Сэнс у тым, каб засвоіць пяць асноўных лагічных аперацый, якія ў далейшым будуць карыснымі не толькі ў матэматыцы, але і пры вывучэнні іншых прадметаў. Такі гульнявы трэнажор – база для развіцця лагічнага мыслення ў школьнікаў. Галоўная яго мэта – навучыць іх гэтым аперацыям і паказаць, дзе яны прымяняюцца далей. Здаецца, і гуляеш, але ў той жа час з карысцю.
– Ці задаволены прызавым месцам?
– Вядома, хацелася б стаць пераможцай. Значыць, нешта недапрацавана, таму неабходна імкнуцца да лепшага, удасканальвацца.
– Ці ёсць жаданне яшчэ ўдзельнічаць у падобных конкурсах?
– У гэта ўцягваешся. Нават калі перамагаеш, думаеш, што мэта дасягнута, а потым узнікаюць новыя задумкі – і зноў працуеш над праектам. Лічу, што гэта нават карысна для педагогаў. Неабходна займацца самаадукацыяй, самаўдасканаленнем, калі ёсць рэсурс, яго патрэбна выкарыстоўваць. Асабліва прыемна, калі вынік тваёй працы потым ацэньваюць. Я ўдзельнічала і ў рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, два разы займала прызавыя месцы. Былі перамогі і ў “Крыштальнай Альфе”.

– Вы такі ініцыятыўны і актыўны настаўнік. Як выбралі гэту прафесію?
– Па праўдзе, шлях да настаўніка матэматыкі ў мяне быў звілісты. Па першай адукацыі я эканаміст банкаўскай справы. Але воляй лёсу трапіла ў Вензавецкую школу – была сакратаром, справаводам, лабарантам, вяла гурткі, інфарматыку. Затым завочна атрымала эканамічную спецыяльнасць у Гродзенскім аграрным універсітэце, а ўжо пасля яшчэ адну вышэйшую адукацыю – цяпер ужо педагагічную. Вельмі люблю сваю работу, і без перабольшання магу сказаць, што матэматыка – маё жыццё. Але я не люблю проста выкладаць матэрыял – у мяне заўжды дадатковыя заданні, адрэналін, мы з дзецьмі разважаем, дзесьці шукаем нестандартныя падыходы да рашэння задач. Весці стандартны ўрок – гэта сумна.

– Як знаходзіце падыход да дзяцей?
– Заўжды перажываю за сваіх вучняў і радуюся іх поспехам. У нас з імі сяброўскія адносіны, але ўсё ж я строгі настаўнік, на першым месцы ў мяне павінна быць дысцыпліна. Я даказваю, што цяпер ім неабходна прыкладваць максімум намаганняў, каб потым усё атрымалася і не было шкадавання, што дарэмна прайшоў час. Па іншаму ніяк. У мяне цудоўныя вучні, заўжды знаходзім з імі паразуменне. Увогуле, калі ты любіш сваю работу, тады ў цябе ўсё атрымліваецца.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае