Сустрэча з парадкам дня “Аб рабоце Парэцкага сельвыканкама і сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванні населеных пунктаў сельсавета” адбылася пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага з удзелам старшыняў сельскіх выканаўчых камітэтаў Дзятлаўшчыны.
З інфармацыяй па асноўнай тэме выступіў старшыня Парэцкага сельвыканкама Аляксандр Ядэйка. Ён расказаў, што тэрыторыя Парэцкага сельсавета складае 278,73 кв. км, тут размешчана 27 населеных пунктаў, у якіх пражываюць 1077 чалавек (ва ўзросце да 15 гадоў – 106, працаздольнага ўзросту – 583, старэйшых за працаздольны ўзрост – 388, адзінокіх – 30, якія жывуць адзінока – 131, інвалідаў 1 і 2 груп – 38).

У сельсавеце налічваецца 579 асабістых гаспадарак, маецца 1011 домаўладанняў, з іх незаселеных – 395. Самыя буйныя населеныя пункты па колькасці насельніцтва: аграгарадок Хвінявічы – 435, вёскі Руда Яварская – 160 і Парэчча – 143. У шасці населеных пунктах жывуць 5 чалавек і менш. У вёсцы Нагорнікі зарэгістраваных грамадзян няма. На жаль, дэмаграфічная сітуацыя на тэрыторыі сельсавета не лепшая, колькасць памерлых грамадзян перасягае колькасць народжаных (з пачатку года нарадзілася 3 дзяцей, памерла 10 грамадзян).
У Парэцкі сельскі Савет выбрана 7 дэпутатаў. Рабочы орган, выканаўчы камітэт, складаецца з 7 чалавек.
На тэрыторыі сельсавета размешчаны структурныя падраздзяленні КСУП “Хвінявічы”: сталовая, адна малочнатаварная ферма на 777 дойных кароў пры вёсцы Парэчча, тры малочнатаварныя фермы, ферма “Парэчча” па адкорме буйной рагатай жывёлы, трусятнік, аўчарня, мехмайстэрні, лазня, адміністрацыйны будынак. Прадпрыемства спецыялізуецца ў мяса-малочным напрамку, развіта бульбаводства. Маюцца адно прадпрыемства харчовай прамысловасці (ВУ “Парэцкі спіртавы завод”), Хвінявіцкая сярэдняя школа (выхоўваецца 77 непаўналетніх), сельская бібліятэка-клуб, Рудаяварскае і Дзямянавіцкае лясніцтвы, храм Святога Міхаіла Архістраціга і касцёл Святой Юзэфы ў вёсцы Руда Яварская, храм Святых благаверных князёў Барыса і Глеба ў вёсцы Накрышкі, царква прападобнага Сергія Раданежскага ў Дзямянаўцах.

Гандлёвае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляюць дзве стацыянарныя гандлёвыя кропкі райспажыўтаварыства і адзін гандлёвы павільён ПУП “УніверсалНьюгандаль”. У населеныя пункты, у якіх адсутнічаюць магазіны, прыязджаюць аўтамагазіны. У Хвінявічах працуе аддзяленне паштовай сувязі, аказвае свае паслугі насельніцтву аддзяленне ААТ “ААБ Беларусбанк”.
На тэрыторыі сельсавета знаходзіцца 16 помнікаў землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Штогод мясцовымі арганізацыямі і прадпрыемствамі праводзяцца суботнікі па іх добраўпарадкаванні.
У амбулаторыі працуюць доктар агульнай практыкі, памочнік доктара, медыцынская сястра, зубны фельчар, акушэрка, малодшы медыцынскі работнік, у Рудаяварскім ФАПе – медыцынская сястра і малодшы медыцынскі работнік. Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне ўстановаў аховы здароўя здавальняючае. Аптэчныя пункты ёсць на ўсіх ФАПах і ў амбулаторыі, дзе рэалізуюцца медыкаменты. У амбулаторыі ёсць адзін ложак дзённага знаходжання.
Са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва фінансуецца аплата работы двух работнікаў па добраўпарадкаванні тэрыторыі сельсавета, якія ўбіраюць несанкцыянаваныя звалкі, выкошваюць расліннасць на могілках, каля пустых дамоў і ўздоўж цэнтральных вуліц населеных пунктаў, убіраюць смецце пасля зносу дамоў. Штогод на тэрыторыі сельсавета праводзяцца суботнікі па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў і могілак (усяго 18 могілак).
За 2025 год пададзена адна заява ў суд (безгаспадарная спадчына). Абследаваны і ўнесены ў рэестр пустых 4 дамы. У бягучым годзе знесены 4 дамы (затрачана бюджэтных сродкаў 5965 рублёў). Прададзены за адну базавую 4 дамы.

Пры сельвыканкаме створаны і працуюць Савет грамадскага пункта аховы правапарадку, добраахвотная дружына, інфармацыйна-прапагандысцкая група і камісія садзейнічання кантролю за выкананнем заканадаўства “Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях”. Сувязным звяном паміж жыхарамі населеных пунктаў і сельвыканкамам з’яўляюцца 20 старастаў.
Грамадскімі фарміраваннямі праводзіцца вялікая прафілактычная работа з ненадзейнымі сем’ямі, асобамі, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі. Адносна 23 грамадзян ажыццяўляецца прафілактычны ўлік і прафілактычнае назіранне, адна сям’я прызнана ў сацыяльна небяспечным становішчы. У лячэбна-працоўныя прафілакторыі ізаляваны 2 чалавекі. За бягучы перыяд 2025 года праведзена 7 пасяджэнняў савета АПАП пры сельвыканкаме, на якіх былі заслуханы 34 жыхары сельсавета. У дамах ненадзейных і шматдзетных сем’яў, адзінокіх грамадзян устаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Складаюцца акты абследавання, заўвагі, адлюстраваныя ў іх, знаходзяцца на кантролі.
На тэрыторыі Парэцкага сельсавета за 2024 год адбыўся адзін пажар, сёлета – не зафіксавана. За кошт бюджэту двум адзінокім грамадзянам зроблены рамонт пячнога ацяплення. Домаўладанні ўсіх катэгарыраваных грамадзян абследаваны сельвыканкамам, службамі РАНС, АУС, прадстаўнікамі раёна газазабеспячэння і электрасетак.

Праграму Дня Парэцкага сельсавета прадоўжыла азнаямленне з аб’ектамі сацыяльнай інфраструктуры і добраўпарадкавання. Яго ўдзельнікі наведалі парк у аграгарадку Хвінявічы і паглядзелі, як ён сёлета абнавіўся дзякуючы работам, праведзеным КСУП “Хвінявічы”. З работай міні-маркета “Родны Кут” азнаёміла яго прадавец Наталля Гоман, таксама пабывалі ў прыватным магазіне “УніверсалНьюгандаль”. Па Хвінявіцкай сярэдняй школе правяла экскурсію намеснік дырэктара ўстановы Таццяна Санцэвіч і расказала аб падрыхтоўцы да новага навучальнага года. У вёсцы Аляксандравічы старшыня сельвыканкама Аляксандр Ядэйка паказаў, як праведзена добраўпарадкаванне тэрыторый пасля зносу дамоў № 20 і 21. Гаспадар аграсядзібы ў вёсцы Накрышкі Іван Ёда расказаў, што адпачынак на ўлонні сельскай прыроды можа быць прыемным і камфортным. На могілках у вёсцы Навікі Аляксандр Ядэйка паказаў, як там наводзіцца парадак. Апошнім прыпынкам стала вёска Дзямянаўцы, тут пра гісторыю царквы прападобнага Сергія Раданежскага даведаліся ад яе прыхаджанкі Валянціны Кушаль, таксама цікавым для прысутных быў яе вопыт па арганізацыі суботнікаў для добраўпарадкавання населенага пункта. Экскурсію па сваім незвычайна аздобленым падворку правёў яго гаспадар Анатоль Бабіч.
































Падводзячы вынікі, Аляксандр Бараноўскі адзначыў, што ў кожным сельскім савеце нашага раёна работа ідзе актыўна, ёсць цікавы вопыт для пераймання. У час гэтай сустрэчы ўбачылі станоўчы прыклад па навядзенні парадку на тэрыторыях, у тым ліку на могілках, добраўпарадкаванні зямлі пасля зносу нежылых дамоў, а таксама па продажы пустуючых дамоў за адну базавую велічыню.



















Наступны Дзень сельскага савета пройдзе ў верасні ў Вензаўцы.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #ГОД БЛАГОУСТРОЙСТВА