Якой павінна быць сучасная моладзь? Вядома ж, матываванай, актыўнай, адукаванай, адказнай, мэтанакіраванай, дысцыплінаванай. Гэты пералік станоўчых якасцей можна працягваць доўга. І зразумела чаму – менавіта мы, маладое пакаленне, будучыня нашай краіны.

Фарміраванню важных асобасных якасцей, перакананняў, якія ляжаць у аснове грамадзянскай кампетэнтнасці школьнікаў, я лічу, найлепей садзейнічае інфармацыйна-адукацыйны праект “Школа Актыўнага Грамадзяніна”. Кожны занятак ШАГа для нас, навучэнцаў 9 класаў сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы, праводзіцца ў новым  фармаце. Мы маем унікальную магчымасць пагутарыць з цікавымі людзьмі, прадстаўнікамі розных прафесій, улюбёнымі ў сваю справу і з вялікім жыццёвым вопытам.

Чарговы занятак таксама не стаў выключэннем. Мы гаварылі пра самае каштоўнае для чалавека –  яго здароўе. У якасці спікераў выступілі загадчык сектара спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама Дзмітрый Ёда і інструктар-валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталля Юрэня.

Сумесна з гасцямі мы абмеркавалі пытанні захавання і ўмацавання здароўя, здаровага ладу жыцця, аздараўлення, неабходнасці заняткаў фізічнай культурай і спортам, удзелу ў грамадскім жыцці, рэалізацыі моладзевых праектаў і праграм. Наталля Іванаўна расказала аб тым, як рэалізоўваецца праект “Дзятлава – здаровы горад”, азнаёміла з фактарамі, якія непасрэдна ўплываюць на наша здароўе. Дзмітрый Казіміравіч расказаў, якія магчымасці ёсць на Дзятлаўшчыне для заняткаў спортам, фізкультурай, як развіваецца турызм. Ён паведаміў і аб дасягненнях сектара спорту і турызму райвыканкама, дзятлаўчан, навучэнцаў, моладзі ў розных відах спорту на абласных і рэспубліканскіх узроўнях, заклікаў весці здаровы лад жыцця, больш увагі ўдзяляць фізічнай актыўнасці.

Радуе, што пры падвядзенні вынікаў мае аднакласнікі прапанавалі на базе 9-х класаў рэалізаваць міні-праект “Час выбіраць спорт”. Некаторыя з іх, напрыклад, Аляксандра Літвінская, Уладзіслаў Шалесны, Яўген Кавальскі, ужо займаюцца спортам на прафесійным узроўні,  хтосьці робіць толькі першыя крокі. Але адно несумненна: наша пакаленне гатовае да актыўнай карыснай дзейнасці і выбірае фізічную культуру і спорт у якасці жыццёвага арыенціра.

Паліна БАМБІР,

юны журналіст газеты “Перамога”, навучэнка 9 “Б” класа сярэдняй школы № 1 г. Дзятлава імя А. М. Чурылы

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#образование #школа #ШАГ

Похожие публикации