Самымі актуальнымі тэмамі нарады ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага сталі менавіта гэтыя. І нездарма.
Ад маленькага агеньчыка – да спаленых гектараў
Сухое надвор’е, час навядзення парадку на ўласных падворках, спакуса пазбавіцца ад мінулагодняга смецця адным чырканнем запалкі – сур’ёзная дапамога ў стварэнні пажару, з якім няпроста бывае справіцца і ратаўнікам.
Дарэчы, на мінулым тыдні два такія пажары зафіксаваны ў Данілавіцкім сельскім савеце – у Данілавічах і Таркачах.
Прама ў час правядзення нарады паступіла інфармацыя аб узгаранні травы ў вёсцы Гезгалы, дзе гаспадары парушылі пажарныя правілы развядзення кастроў (спальвалі галіны дрэваў і леташняе смецце).
З пачатку года ў вобласці адбылося 230 узгаранняў у экасістэме, траўмаваны 3 чалавекі, 15 будынкаў згарэлі, 15 пашкоджаны агнём. І гэта статыстыка штодня прырастае.
Раённай рабочай групе на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Дзмітрыем Баравіком і старшыням сельскіх выканаўчых камітэтаў пастаўлена задача правесці прафілактычныя сустрэчы з насельніцтвам з дэманстрацыяй відэаролікаў з падобнымі пажарамі, іх трагічнымі вынікамі, тлумачэннямі дзятлаўчанам адказнасці за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі.
Таксама на кантролі адказных службаў сёння абнаўленне мінералізаваных палосаў уздоўж ляснога фонду, сельскагаспадарчых надзелаў.
Пачынаюць сеяць
Што датычыцца сельскай гаспадаркі, актыўнасць работ у бліжэйшы тыдзень стане высокай. Гаспадаркі завяршылі ўнясенне мінеральных угнаенняў, пераходзяць на арганіку, праводзяць культывацыю земляў, каб зберагчы вільгаць. Кіраўнік раёна абазначыў бліжэйшыя дні пачаткам пасяўной кампаніі.
– Немалаважна навесці парадак на аб’ектах жывёлагадоўлі, на сянажных траншэях, – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч і паставіў задачу раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выехаць з маніторынгам у сельгаспрадпрыемствы, выдаць, дзе будуць заўвагі, прадпісанні адказным асобам.
Таксама старшыня райвыканкама падкрэсліў, што ёсць пытанні па кармленні жывёлы, рэгуліроўцы і размеркаванні кармавой базы ў ААТ “Граніт-Агра”, КСУП “Жукоўшчына” і “Войневічы”.
Напрыканцы тыдня спецыялістаў гаспадарак чакае падвядзенне вынікаў, прамежкавы зрэз па відах работ.
Пра Год добраўпарадкавання
Зацверджаны раённы план мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні і ўтрыманні тэрыторый, згодна з якім у населеных пунктах раёна будзе высаджана 500 дрэваў, 120 хмызнякоў, у тры разы больш кветак, чым летась. Традыцыйна будуць праводзіцца суботнікі, паўсюдна наводзіцца парадак, абкошванне тэрыторый, усталяванне кантэйнерных пляцовак і іншае.
– Неабходна прапрацаваць пытанне замацавання прадпрыемстваў і арганізацый за аб’ектамі, якія патрабуюць пастаяннага кантролю па навядзенні парадку. Напрыклад, як могілкі, – сказаў Андрэй Садоўскі.
Акрамя таго, Андрэй Уладзіміравіч звярнуў увагу на выкананне ўказа Прэзідэнта № 116 “Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі”, падкрэсліў, што ў нашых сельсаветах шмат домаўладанняў, якія можна прадаць, неабходна аператыўна падаваць інфармацыю па іх на гандлёвую пляцоўку. Ёсць аб’екты, якія патрабуюць зносу. Надаць асаблівую ўвагу рэалізацыі гэтага ўказа неабходна старшыням Войневіцкага, Данілавіцкага, Дварэцкага сельвыканкамаў.
Іншыя тэмы коратка
Напярэдадні Дня Канстытуцыі, які адзначаецца 15 сакавіка, на Дзятлаўшчыне падчас Усебеларускай акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі!” пройдзе ўрачыстая цырымонія ўручэння 14-гадовым юнакам і дзяўчатам пашпартоў грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Іх атрымаюць 15 школьнікаў. Таксама ў шэрагі моладзевага аб’яднання БРСМ будуць прыняты 23 піянеры.
****
На пасяджэнні аддзела адукацыі райвыканкама і зацікаўленых структур будзе вызначаны алгарытм летняга аздараўлення дзяцей. Сёлета 80 пуцёвак падрыхтаваў для юных дзятлаўчан летнік “Баравічок” філіяла “Санаторый “Радон”, традыцыйна адкрыюцца рознапланавыя летнікі на базе ўстановаў адукацыі, дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Многія з іх будуць арыентаваны на форму “Працы і адпачынку”.
****
З 10 па 16 сакавіка праходзіць рэспубліканская акцыя “Дом без гвалту”. Супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама арганізуюць яе сумесна з прадстаўнікамі пракуратуры, арганізацый аховы здароўя, установаў адукацыі раёна, а таксама ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва. Мэта мерапрыемстваў – своечасова папярэдзіць факты хатняга гвалту, прыцягнуць увагу да вырашэння гэтай праблемы, аказаць кваліфікаваную дапамогу пацярпелым.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga