Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Орда правёў асабісты прыём грамадзян у Дзятлаўскім райвыканкаме.
Да народнага абранніка звярнуліся тры заяўнікі. Ні адна з сітуацый не засталася па-за ўвагай Міхаіла Сяргеевіча, разбірацца ў зваротах дзятлаўчан яму дапамагалі памочнік дэпутата Яўгеній Ігліцкі і намеснік начальніка аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Марына Панкевіч.
Нашых землякоў цікавілі пытанні зямельнага заканадаўства, якасці медыцынскага абслугоўвання, папаўнення прыватнай калекцыі значкоў новымі цікавымі экзэмплярамі.
Так, жыхарку райцэнтра на прыём да Міхаіла Орды прывяло жаданне прывесці ў парадак дакументы на дом і ўчастак. Справа ў тым, што раней у жанчыны прылеглы надзел зямлі быў аформлены для вядзення агародніцтва, а цяпер яна хоча за кошт яго павялічыць участак для абслугоўвання жылога дома.
Як расказаў начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Дзмітрый Залеўскі, зрабіць гэта не дазваляюць нюансы заканадаўства. Занятыя ўчасткі не могуць быць па другім разе прадастаўлены грамадзянам. Для таго каб гэты ўчастак выдзеліць заяўніцы для абслугоўвання жылога дома, ён павінен быць уключаны ў пералік незанятых.
Аднак жанчына перажывае, што пры размяшчэнні гэтага ўчастка ў пераліку незанятых на яго могуць прэтэндаваць іншыя асобы, а тады невядома, хто стане гаспадаром.
Дэпутат патлумачыў нашай зямлячцы, што іншага прапісанага ў заканадаўстве спосабу аформіць надзел, на жаль, не прадугледжана, таму яна павінна скарыстацца парадай начальніка аддзела землеўпарадкавання. Пры гэтым Міхаіл Орда запэўніў заяўніцу, што прасочыць за станоўчым вырашэннем яе праблемы, да таго ж пры прыняцці рашэння райвыканкам таксама будзе абараняць яе інтарэсы, паколькі раней яна была адказнай карыстальніцай зямлі. У выніку жанчына паверыла ў гарантыі і пакінула кабінет з упэўненасцю, што яе пытанне знойдзе сваё лагічнае завяршэнне.
Яшчэ адзін жыхар нашага раёна ўзнімае праблему якаснага аказання медыцынскіх паслуг ужо не першы раз. Няправільна выбранае лячэнне прывяло яго да страты здароўя. Адным з апошніх, каму мужчына адрасаваў сваю просьбу, шукаючы адказаў, быў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Васілій Герасімаў. Кіраўнік кантралюючага органа паабяцаў, што па факце будзе праведзена дэталёвае разбіральніцтва.
Міхаіл Орда прапанаваў заяўніку дачакацца вынікаў, паколькі праблема знаходзіцца яшчэ і на дэпутацкім кантролі.
На гэтым сустрэча не скончылася. Міхаіл Орда – ураджэнец Дзятлаўшчыны, таму пры кожным сваім візіце на малую радзіму ён не ўпускае магчымасці даведацца, як развіваецца, добраўпарадкуецца і прыгажэе наш раён, што яшчэ карыснага зроблена тут для жыхароў.
Падрахункаваў Міхаіл Сяргеевіч і вынікі сваіх дэпутацкіх прыёмаў, якія праводзіў для дзятлаўчан. Як аказалася, за 11 месяцаў яму паступіла 29 зваротаў ад нашых землякоў. На пастаянным кантролі знаходзіцца капітальны рамонт лазнева-аздараўленчага комплексу райцэнтра, які ў далейшым набудзе статус фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Цяпер ажыццяўляецца першая чарга работ па капрамонце лазні, а затым будзе адрамантаваны басейн. Дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню дэпутата і раённай улады станоўча былі вырашаны такія пытанні, як навядзенне парадку на могілках вёскі Пенчыцы, аздараўленне ў санаторыі, абкошванне тэрыторый вёскі Мядзвінавічы, асфальтаванне вуліцы Леніна і падсыпка гранулятам вуліцы 50 гадоў Кастрычніка ў Дзятлаве, афармленне зямельнага ўчастка ў гарпасёлку Наваельня.
– Вельмі прыемна, што рашэнні прымаюцца аператыўна, пытанні грамадзян вырашаюцца хутка. Адчуваецца, што органы ўлады нацэлены на рашэнне праблем людзей, – заключыў дэпутат.
Ірына СТЫРНІК
У Год беларускай жанчыны на старонках газеты “Перамога” расказваем пра нашых зямлячак, якія змагаліся на…
У раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў святочны канцэрт-шанаванне, прысвечаны надыходзячаму Дню медыцынскіх работнікаў.…
За невыкананне работ па падтрыманні належнага санітарнага стану на тэрыторыях зямель агульнага карыстання населеных пунктаў,…
Гэта высвятлялі выхаванцы летніка “Крута” гімназіі № 1 горада Дзятлава, наведаўшыся ў рэдакцыю раённай газеты…
Чым жыве летнік Выхаванцы летніка “Усмешка” сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М.…
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga