Зіма ў гэтым годзе ўсіх выпрабоўвае на трываласць то снегам, то моцнымі маразамі. Датычыцца гэта і сельскай гаспадаркі, адна з задач якой на сёння – захаванасць жывёлы, асабліва маладняку.

З мэтай комплексна паглядзець, якія ёсць складанасці па гэтым пытанні, старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі і яго намеснік Вадзім Бялятка наведалі прафілакторый для нованароджаных цялят МТК “Таркачы”, якое належыць ААТ “Граніт-Агра”.

Галоўны заатэхнік малочнатаварнага комплексу Анастасія Хоміч і брыгадзір Святлана Кірыла паказалі і расказалі, у якіх умовах гадуюцца цяляты.

– Сёлетняй зімой у Гродзенскай вобласці падзеж жывёлы павялічыўся амаль у два разы, а гэта заўжды страты, упушчаная выгада, неатрыманае малако, – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч. – Таму асабліва трымайце на кантролі тэмпературу малака для выпойвання цялят, дарэчы, яно не павінна быць зборным, лепш за ўсё – малозіва, не забывайце пра падпойванне цёплай вадой. Нованароджаныя цяляты ў такое марознае надвор’е абавязкова павінны ўтрымлівацца ў крытых памяшканнях, каб там дастаткова было подсцілу. Гэта і людзям для работы лепш, і жывёла лягчэй пераносіць неспрыяльныя ўмовы надвор’я. Бачу, што ў вас з гэтым няма праблем. У прафілакторыі ёсць вентыляцыя, сцёк, талкова ўсё зроблена.

Закранулі і тэму асемянення. Галоўны ветэрынарны інспектар Дзятлаўскага раёна Баляслаў Кулеш растлумачыў сітуацыю, унёс свае прапановы па гэтым пытанні.

Кіраўнік раёна паставіў задачу старшыні гаспадаркі Уладзіміру Лашко на наступны год зрабіць новы прафілакторый для цялят, працаваць з дыспансерызацыяй, вырашыць пытанне з УГД-сканарам.

– Нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я, у сельгаспрадпрыемствах раёна ўдаецца захоўваць станоўчую дынаміку. Але расслабляцца не трэба, важна ўлічваць розныя нюансы і прадбачыць наперад, каб можна было хутка зрэагаваць у любой непрадбачанай сітуацыі, – заўважыў Андрэй Садоўскі.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации