Сцяпан Паўлавіч Цырулік …

Ці многія дзятлаўчане сёння памятаюць яго? Старэйшыя – магчыма, тыя, хто нейкім чынам быў звязаны са спортам, з шахматамі, любіў згуляць партыю-другую за сяброўскай гутаркай. Шкада, што так хутка бяжыць час, забываюцца падзеі, людзі, іх унёсак у агульную справу росквіту нашай малой радзімы ды і ўсёй Беларусі. Але гэта заканамерна, нікуды не дзенешся, такі ход жыцця. І ўсё ж хочацца нагадваць землякам пра людзей знакавых, незвычайных, адораных талентам, які рабіў іх адметнымі. Такім чалавекам быў Сцяпан Паўлавіч.

Фотаздымак Сцяпана Цыруліка і Ганаровая грамата, выдадзеная аб’яднаннем шашачна-шахматных клубаў Адэскай вобласці ў 1985 годзе, знаходзяцца ў фондах нашага музея. І ўсё. Ні слова пра ўладальніка, ні паўслова. Дзе шукаць? Дапамаглі супрацоўнікі Дварэцкага сельскага савета, падказалі, што Сцяпан Паўлавіч жыў у Азяранах, а зараз там жыве адна з яго дачок – Таццяна Мінкевіч. Так, дзякуючы неабыякавым людзям, нарэшце высветлілася, кім жа быў гэты чалавек.

Сцяпан Цырулік нарадзіўся 15 студзеня 1927 года ў сяле Церны Ульянаўскага (зараз Роменскага) раёна Сумскай вобласці Украінскай ССР. Пасля вызвалення Украіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў быў прызваны ў Чырвоную Армію, ваяваў, вызваляў Еўропу. Узнагароджаны медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, ордэнам Айчыннай вайны II ступені. Пасля вайны апынуўся ў Маскве, дзе пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, рускай дзяўчынай з Арлоўскай вобласці. Маладыя некаторы час сустракаліся, а потым ажаніліся, а ў 1950 годзе ў іх нарадзілася першая дачка.

У пасляваенны час бацька Сцяпана, Павел Давыдавіч, асеў у Азяранах і стаў першым старшынёй калгаса ў гэтай вёсцы. Менавіта ён запрасіў маладых пераехаць сюды і ад калгаса паслаў сына вучыцца на агранома. Вучобу Сцяпан скончыў з чырвоным дыпломам і вярнуўся ў Азяраны, дзе і працаваў аграномам усё жыццё. Быў чалавекам адказным, бескампрамісным, ніколі не дазваляў сабе карыстацца службовым становішчам. Дачка Таццяна помніць бацьку вельмі строгім, змалку прывучаў ён дачок (а іх у сям’і было шэсць) да фізічнай працы. Дзяўчаты, падросшы, дапамагалі не толькі дома, але і ў калгасе – палолі, сушылі сена, убіралі лён. І не дай бог хто з сям’і прынясе дадому калгаснае. Калі маці пасылала на калгасны луг нажаць травы для цяляці, то хавалі ад бацькі, кармілі жывёлу, калі яго не было дома. Убачыць – давядзецца адказваць усім. Крыштальная сумленнасць была асноўнай рысай яго характару, хоць жылося небагата ды і сям’я была вялікая, восем душ.

Своеасаблівым хобі Сцяпана Цыруліка былі шахматы. Захапіўся імі яшчэ ў дзяцінстве, прычым не проста гуляў, а займаўся складаннем шахматных кампазіцый. У гэтай галіне дасягнуў значных поспехаў, меў званне майстра спорту СССР па шахматнай кампазіцыі. А на практыцы быў сапраўдным віртуозам у складанні шахматных задач, творцам. Апублікаваў больш за 800 задач розных жанраў, з якіх 250 адзначаны на конкурсах, 97 атрымалі прызы, 50 з іх – першыя месцы. Сцяпан Паўлавіч быў неаднаразовым прызёрам асабістых і камандных першынстваў Беларусі па шахматнай кампазіцыі.  Двойчы выйграваў усесаюзныя першынствы ў саставе зборнай БССР і пяць разоў станавіўся прызёрам гэтых спаборніцтваў, стаў пераможцам турніру кандыдатаў у майстры спорту ў 1984 годзе ў раздзеле шматхадовых задач. Яго задачы публікаваліся ў розных перыядычных выданнях, у тым ліку ў газетах “Перамога” і “Гродзенская праўда”.

Таццяна Сцяпанаўна ўспамінае, што гады праз два пасля бацькавай смерці да яго на магілу прыязджалі шасцёра шахматыстаў з розных куткоў СССР. Гэта былі яго калегі і сябры, але найлепшым сябрам быў шахматыст з Ліды Вацлаў Гебельт. Сябравалі шчыра, часта бывалі дома адзін у аднаго. Сцяпан складаў кампазіцыі, а Вацлаў іх рашаў. Вось такі тандэм.

Імя Сцяпана Цыруліка ў шахматным свеце не забыта, яго камбінацыямі карыстаюцца, нешматслоўную інфармацыю можна знайсці на спецыяльных сайтах у інтэрнэце, там жа надрукаваны і яго кампазіцыі. А мы, землякі, узгадалі гэтага чалавека таму, што ён жыў і пахаваны на нашай дзятлаўскай зямлі, якая стала для яго, украінца, роднай, бо не было розніцы, хто ты па нацыянальнасці, галоўнае – быць чалавекам і прыносіць карысць зямлі, на якой жывеш.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

administrator

Recent Posts

На Зецельскім фэсце гуляе народ…

На Зецельскім фэсце гуляе народ,На плошчы вясёлы вядзе карагод,Танцуе, спявае і славіць сям’ю,А хтосьці газеце…

5 часов ago

Рыхтавацца да зімы – загадзя і грунтоўна

Пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага прайшло…

20 часов ago

Последствия выплаты заработной платы «в конверте» для нанимателей

Под зарплатой «в конверте» принято понимать незаконную форму  оплаты труда, при которой часть или весь…

20 часов ago

Навучыліся аказваць неадкладную дапамогу

Другі раз запар у Беларусі прайшоў рэспубліканскі міжведамасны адукацыйны праект “Запусці сэрца”, арганізатарамі якога выступаюць…

21 час ago

Добрахвотнікаў стала больш

У рамках месячніка Таварыства Чырвонага Крыжа ў Дзятлаве адбылося ўрачыстае ўручэнне пасведчанняў новым валанцёрам аб’яднання.…

21 час ago

Макроэкономическая стабильность и повышение качества жизни. Александр Лукашенко назвал базовые цели ЕАЭС

Президент Беларуси Александр Лукашенко на заседании Высшего Евразийского экономического совета назвал базовые цели ЕАЭС, передает корреспондент БЕЛТА. "Реагировать…

22 часа ago