Наша сямейная паездка ў Брэсцкую крэпасць планавалася цэлы год. І вось 22 чэрвеня 2014 года ў 4 гадзіны раніцы мы апынуліся ў крэпасці. Летась наша краіна адзначала 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, таму мітынг-рэквіем, які праходзіць у крэпасці штогод, быў асаблівы – прыехала вельмі многа гасцей. Самым запамінальным для мяне і маёй малодшай сястры Сашы ўражаннем ад гэтай паездкі стаў вялікі гадзіннік у крэпасці, які адлічваў апошнія хвіліны мірнага жыцця. Нам было вельмі страшна: мы стаялі і чакалі нечага жудаснага. Крапаў дождж, было холадна і цёмна. Я ўзяла тату за руку. Вакол нас было вельмі многа людзей. І мне стала яшчэ болей страшна з-за таго, што ў гэтым натоўпе, да ўсяго іншага, я магу і згубіцца.
А потым мы былі на рэканструкцыі падзеяў пачатку вайны каля Кобрынскай брамы. Там было так: спачатку мірна танцавалі людзі, а потым з’явіліся немцы, паехалі машыны з пушкамі, пайшлі салдаты са зброяй. Калі пачалі рвацца снарады, змушаючы ўздрыгваць усіх гледачоў, мне здалося, што напраўду пачалася вайна. Мая сястра нават заціснула вушы і прыціснулася да бацькоў.
Першыя, каму я расказала пра свае ўражанні ад паездкі, былі мае аднакласнікі. Мой аповед іх уразіў. І калі наш клас вырашаў, куды паехаць на канікулах, аднакласнікі назвалі Брэсцкую крэпасць. І мы паехалі. Праўда, на гэты раз не 22 чэрвеня, а ў студзені, але ўсё роўна было вельмі цікава.
Чаму я цяпер пра гэта расказваю? Таму што ў год 70-годдзя Перамогі хачу, каб гэта месца наведалі як мага больш людзей. Ды і сама хачу зноўку пабыць у Брэсце і аддаць даніну памяці героям Брэсцкай крэпасці.
Яшчэ я хачу расказаць пра сваю другую паездку з сям’ёй да мемарыяльнага комплексу “Хатынь”. У Хатыні я адчула сябе такою безабароннаю і слабою перад людскою жорсткасцю і бязлітаснасцю. Я вельмі доўга не магла зразумець, як можна было такое ўчыніць з невінаватымі дзецьмі і старымі людзьмі. Як стаяла каля дзіцячых цацак, што прыносяць наведвальнікі комплексу да “Сцяны памяці”, мне здалося, што я пачула дзяцей, якія загінулі. І праз гэта мне стала яшчэ болей страшна.
У Хатынь прывезены капсулы з зямлёю тых вёсак, жыхароў якіх спалілі фашысты. Мы ведалі, што ёсць такія вёскі і ў нашым Дзятлаўскім раёне. Хацелі знайсці іх на “могілках вёсак”, каб ушанаваць памяць загінулых хвілінай маўчання і букетамі кветак, але не змаглі. Затое мы знайшлі нашы вёскі на сімвалічным “дрэве жыцця”. Мы ўзрадаваліся, бо гэта азначала, што вёскі былі адноўлены пасля вайны і ў іх прадоўжылі жыць людзі.
Я думаю, што наступным маім падарожжам з аднакласнікамі будзе паездка ў Хатынь. Пасля наведвання такіх месцаў пачынаеш больш шанаваць пераможцаў над фашыстамі, помніць пра іх. Таму мы і ствараем у нашым класе электронную “Кнігу памяці”, у якой збіраем інфармацыю пра родных людзей, знаёмых тых, хто ўдзельнічаў у бітвах, жыў у акупацыі ў час вайны, знаходзіўся ў канцэнтрацыйных лагерах. Нам трэба спяшацца, бо адыходзяць ад нас людзі – сведкі тых страшных дзён.
А яшчэ я хачу сказаць вялікі дзякуй усім ветэранам, абаронцам, якія падарылі мне мірнае неба і дзяцінства.
Ксенія ПЯКАРСКАЯ,
вучаніца 6 “А” класа Казлоўшчынскай школы
Работа інтэрактыўных пляцовак дзясятага фестывалю сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” завяршылася цырымоніяй узнагароджання. Па рашэнні кіраўніцтва…
Пасля ўрачыстага адкрыцця фестывалю сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі запрасіў гасцей раёна…
Шматлюдна, весела, актыўна на пляцоўцы “Турыстычная”. Як заўсёды, там сабраліся любіцелі паходаў, начовак у палатцы,…
Дзясяты адкрыты фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” запрасіў сёння на спартыўную пляцоўку тых, хто сябруе…
На “Зецельскім фэсце” працавалі адразу некалькі інтэрактыўных пляцовак на любы густ. Сапраўднай сенсацыяй фестывалю стаў…
30 мая ў рамках дзясятага фестывалю сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” горад Дзятлава ператварыўся ў сапраўдную…