На працягу двух тыдняў у Круцілавіцкай сярэдняй школе працаваў выхаваўча-аздараўленчы летнік “Экатурыст”. Ён сабраў дзяцей з розных школ раёна.

Яны актыўна падарожнічалі: адпачывалі на пляжы ў Дзятлаве, дзе не толькі плавалі, але і ўспомнілі правілы паводзінаў на вадаёмах; наведалі касцёл, гісторыка-краязнаўчы музей і іншыя знакавыя месцы; пабывалі ў цэнтры бяспекі жыццядзейнасці МНС горада Ліды і на прадпрыемстве ААТ “Лакафарба”; падарожнічалі па аграгарадку Круцілавічы, вывучалі раслінны свет у пойме ракі Ятранкі.
Для выхаванцаў былі арганізаваны сустрэчы з інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх, супрацоўнікамі Дзятлаўскага РАНС.

У рамках інфармацыйна-асветніцкай акцыі “Крок да поспеху” яны сустрэліся са старшынёй Данілавіцкага сельскага выканаўчага камітэта Ігарам Кухарэвічам, мясцовым аграблогерам Дзянісам Трафімчыкам.

Шмат было ў дзяцей спартыўных спаборніцтваў і конкурсаў, дыскатэк і танцавальных вечароў. Яны стваралі калажы, рабілі гербарыі, удзельнічалі ў конкурсах малюнкаў і плакатаў, вырабаў з прыроднага матэрыялу, дэманстравалі свае здольнасці і ўменні ў конкурсах “Мы шукаем таленты”, “Спяём разам, сябры”.
У выхаваўча-аздараўленчым дзённым летніку Дварэцкай сярэдняй школы праходзяць сустрэчы і мерапрыемствы, насычаныя актуальнай і карыснай інфармацыяй.

Інструктар-валеолаг Дзятлаўскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі правяла з выхаванцамі гутарку аб прафілактыцы шкодных звычак, іх негатыўным уплыве на фізічнае і псіхічнае здароўе чалавека. Актыўна прайшлі гадзіны здароўя і спорту пад дэвізам “Вышэй, мацней, хутчэй!”.

Сумесна з супрацоўнікамі інспекцыі па справах непаўналетніх адбыўся адкрыты дыялог “Поспех – веданне і захаванне правапарадку”, накіраваны на фарміраванне прававой культуры выхаванцаў, у рамках інфармацыйна-асветніцкай акцыі “Крок да поспеху: нясумнае лета – нясумныя канікулы”. Дзеці папоўнілі свае веды па асновах заканадаўства, мерах адказнасці за правапарушэнні і злачынствы, а таксама па пытаннях прафілактыкі злачыннасці сярод падлеткаў. У атрадах прайшла пазнавальныя гульні на веданне правоў і абавязкаў.

Старэйшыя выхаванцы паўдзельнічалі ў дыялогавай пляцоўцы “Эйфарыя зла: як забіваюць наркотыкі” ў рамках рэспубліканскага прафілактычнага праекта “ПРАздороўе”. Дзеці атрымалі інфармацыю аб небяспеках і рызыках, наступствах уздзеяння на арганізм наркатычных сродкаў, псіхаактыўных рэчываў, адказнасці за распаўсюджванне і ўжыванне наркотыкаў.
Падрыхтавала Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga