У Гродне прайшоў абласны этап картачнага турніру грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” — “Кубак гарадоў”. Спаборніцтвы былі скіраваны на інтэграцыю інвалідаў па зроку ў грамадства, цікавае баўленне вольнага часу.
Розныя раёны Гродзеншчыны ў турніры прадсаўлялі 12 каманд (па два чалавекі кожная). Ад Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” выступалі Віталь Крэйдзіч і Канстанцін Дораш — каманда “КрэДо” (назва ўтворана з першых складоў прозвішчаў удзельнікаў). Згодна з умовамі картачнага турніру, сустракаліся тут толькі інваліды першай і другой гупаў. Размаўляць за картачным сталом ігракам забаранялася, тым не менш баталіі разгарнуліся не жартоўныя. “КрэДо” з першых партый заявіла пра сябе, як адна з найбольш моцных камандаў вобласці, хоць нашы спартсмены гулялі на пару ўпершыню.
Па выніках спаборніцтваў прызавыя месцы, за якія ігракі атрамалі грашовыя прэміі, размеркаваліся наступным чынам:
1 месца — каманда “Вікторыя” Гродзенскай гарадской арганізацыі;
2 месца — каманда “Стымул” УП “Фільтр” ГА “БелТІЗ”;
3 месца — каманда дзятлаўчан “КрэДо”.
Усе пералічаныя каманды сталі фіналістамі і ў верасні 2017 года будуць прадстаўляць Гродзеншчыну на рэспубліканскім этапе картачнага турніру “Кубак гарадоў” ГА “БелТІЗ”. Жадаем далейшых поспехаў землякам.
С. КРЭЙДЗІЧ,
старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ”