У рамках прафілактычнага праекта “Казлоўшчына – здаровы пасёлак” у Казлоўшчынскай гарпасялковай бібліятэцы-цэнтры агульнадаступнай інфармацыі рэгулярна праводзяцца мерапрыемствы па фарміраванні здаровага ладу жыцця, праходзяць сустрэчы, прысвечаныя актыўнаму даўгалеццю.
У час інтэрактыўнай гульні-віктарыны “Падарожжа па старонках здароўя” наведвальнікі абмяркоўвалі сакрэты захавання прыгажосці, карысць фізічных нагрузак і правільнага харчавання. Гадзіна здароўя “Калі хочаш быць здаровым!”, прымеркаваная да Сусветнага дня здароўя, была накіравана на падтрымку людзей пажылога ўзросту. Калейдаскоп карысных парадаў “Вітаміны на вашым стале” пазнаёміў прысутных са значэннем вітамінаў для арганізма чалавека і прадуктамі, у якіх яны ўтрымліваюцца.
Да Міжнароднага дня барацьбы з наркотыкамі наведвальнікі бібліятэкі пазнаёміліся з выставай “Спакуса вялікая, але жыццё даражэйшае”. На гадзіне даверу “Трэба шкодныя звычкі ўзяць у жалезныя двукоссі” з вучнямі мясцовай школы абмяркоўвалі пытанні: хто і як зацягвае моладзь у наркатычны вір, якія асноўныя прычыны наркаманіі, як супрацьстаяць тым, хто прапануе паспрабаваць псіхаактыўныя рэчывы, а таксама гаварылі пра распад асобы ў выніку іх ужывання.
Каб карысная інфармацыя заўсёды была пад рукой, у бібліятэцы пастаянна дзейнічаюць выстава “Краіна здароўя” і інфармацыйны стэнд “Ключ да здароўя”. Прадстаўленая на іх літаратура раскрывае асноўныя кампаненты здаровага ладу жыцця, вучыць выхоўваць сілу духу і характар.
Прафілактычны праект “Казлоўшчына – здаровы пасёлак” працягвае сваю работу. У планах на лістапад – дыялог-гутарка “Курыць не модна – дыхай свабодна” да Сусветнага дня некурэння, а ў снежні – вечар памяці “Пакуль гарыць свечка” да Сусветнага дня прафілактыкі СНІДу.
Кожнае мерапрыемства становіцца крокам да вялікай мэты: зрабіць наш пасёлак тэрыторыяй, дзе кожны выбірае актыўнасць, пазітыў і даўгалецце.
Аксана ЛІШЫК,
бібліятэкар Казлоўшчынскай гарпасялковай бібліятэкі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga