Касцёлу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі – 375 гадоў

Дзятлаўскі касцёл…

Будынак у самым цэнтры нашага горада, на плошчы. Не проста стаіць – узвышаецца, грацыёзна і велічна. Самы стары будынак горада, гонар нашай архітэктуры. Колькі цікавых старонак гісторыі прайшло паўз яго, колькі бачылі гэтыя моцныя сцены. І не дзіва: сёлета спаўняецца 375 гадоў з часу яго пабудовы. Цэлы год ён будзе юбілярам, ушанаваным часам, людзьмі і гісторыяй. І гэта таксама сімвалічна.

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі – каталіцкі храм. Ён уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Як сведчаць некаторыя гістарычныя крыніцы, касцёл пабудаваны ў 1624-1646 гадах на рынкавай плошчы на ​​месцы драўлянага. Хто будаваў драўляны і як ён выглядаў, пакуль невядома. Ініцыятарам сённяшняй пабудовы стаў уладальнік горада – вялікі гетман літоўскі Леў Сапега. У 1743 годзе касцёл гарэў, быў страчаны амаль увесь інтэр’ер, уключаючы галоўны алтар. У 1751 годзе быў рэканструяваны архітэктарам А. Асікевічам на сродкі князя Мікалая Фаўстына Радзівіла, вядомага тым, што ён нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у мястэчку. У гады яго ўладання быў пабудаваны новы галоўны фасад касцёла  і адноўлены інтэр’ер.

У 1882 годзе ў касцёле адбыўся яшчэ адзін пажар, пасля якога быў заменены дах будынка. У 1900 годзе касцёл абнеслі высокай каменнай агароджай з брамамі і вуглавымі чатырохграннымі вежамі. Уздоўж правай сцяны агароджы цягнуліся гандлёвыя рады.

Касцёл належыць да самабытных помнікаў архітэктуры першай паловы ХVІІ стагоддзя, у якіх спалучаюцца рысы рэнесансу, ранняга барока і готыкі.

З гісторыяй узнікнення касцёла звязана шмат легендаў.

Зайдзіце ў наш касцёл, зрабіце крокаў 10-15 па дарожцы між лавак і павярніце галаву направа. Вы ўбачыце калону, а на ёй – прыгожую выяву сэрца. Гэта якраз тое месца, дзе і знайшло вечны спачын сэрца Мікалая Фаўстына Радзівіла.

Цікава таксама ў ўсёвідушчае вока. Размешчана яно над уваходам у касцёл. З’яўляецца масонскім знакам, які сімвалізуе Вялікага Архітэктара Сусвету, што назірае за працай вольных каменшчыкаў. Гэта выява вока, упісанага ў трохкутнік. Чаму гэты знак з’явіўся на касцёле, хто з уладароў мястэчка загадаў зрабіць яго выяву, пакуль што невядома. Але на гэта вока абавязкова звяртаюць увагу замежныя госці, калі прыязджаюць у Дзятлава. Магчыма, вока назірае за ўсімі намі і не дае рабіць дрэнных спраў? А можа, гэта напамін пра тое, што Бог бачыць нас і не пакіне ў цяжкую хвіліну. Шмат на свеце неразгаданага. І касцёл наш – таксама загадка. Плыве ён над горадам, нібы вольны птах, і няхай плыве яшчэ тысячы гадоў, пакуль жыве наша зямля і наш народ.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

administrator

Recent Posts

Вас памятае свет уратаваны. Жанчыны, якія набліжалі Перамогу

У Год беларускай жанчыны на старонках газеты “Перамога” расказваем пра нашых зямлячак, якія змагаліся на…

2 часа ago

Словы ўдзячнасці і віншавання – вам, людзі ў белых халатах!

У раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў святочны канцэрт-шанаванне, прысвечаны надыходзячаму Дню медыцынскіх работнікаў.…

2 часа ago

Па 25 базавых велічыняў за няскошаную траву кожнаму

За невыкананне работ па падтрыманні належнага санітарнага стану на тэрыторыях зямель агульнага карыстання населеных пунктаў,…

4 часа ago

Прафарыентацыя. Каму падыдзе прафесія карэспандэнта

Гэта высвятлялі выхаванцы летніка “Крута” гімназіі № 1 горада Дзятлава, наведаўшыся ў рэдакцыю раённай газеты…

4 часа ago

Канікулы-2026

Чым жыве летнік Выхаванцы летніка “Усмешка” сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М.…

4 часа ago

22 июня в Дятлово состоится митинг-реквием

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

8 часов ago