Штодзень у лагеры “Вясёлая планета” Дварэцкай сярэдняй школы для дзяцей праводзяцца тэматычныя мерапрыемствы, спартыўныя гульні, творчыя майстар-класы і сацыяльна значныя акцыі.

Выхаванцы ўжо акунуліся ў восеньскую казку квэст-гульні, у час якой успаміналі прыказкі, адгадвалі загадкі чараўніцы Восені, складалі прагноз надвор’я, размалёўвалі восеньскі вянок, стваралі кампазіцыі з лісця. Закруціліся ў калейдаскопе рухомых гульняў, паўдзельнічалі ў акцыі “Падары ўсмешку сябру”.
Экскурсія ў мінулае роднага краю

У цёплай і сяброўскай атмасферы прайшла сустрэча паміж выхаванцамі аздараўленчых лагераў “Сонейка” Жукоўшчынскай і “Сузор’е” Раклевіцкай пачатковых школ. Дзеці наведалі школьны музей “Літаратурная Дзятлаўшчына”. Яны даведаліся гісторыю жыцця мясцовых пісьменнікаў, пазнаёміліся з гістарычнымі фактамі аб барацьбе беларускага народа супраць буржуазнай Польшчы і нямецка-фашысцкіх захопнікаў, убачылі дакументы перыяду Вялікай Айчыннай вайны.
Восеньскія прыгоды: у пошуках залатога лісціка!

З надыходам восені ў сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы стартавала работа выхаваўча-аздараўленчага дзённага лагера “Восеньскія прыгоды: у пошуках залатога лісціка!”.
Менавіта яго ўдзельнікі лагера будуць шукаць падчас штодзённых квэстаў, заданняў і прыгод. Хто знойдзе такі лісцік першым, атрымае асаблівы прыз і ганаровае званне “Захавальнік восеньскай магіі”. Фінал лагера стане сапраўдным святам: узнагароджанне пераможцаў; тэатральная пастаноўка “Казка пра залаты лісцік”; уручэнне імянных дыпломаў; фотасесія ў чароўнай восеньскай фотазоне.
“Весяльчак” супраць “Сузор’я”

У лагеры “Весяльчак” Круцілавіцкай базавай школы адбылася таварыская сустрэча з выхаванцамі лагера “Сузор’е” Дварэцкай сярэдняй школы. Для навучэнцаў была прапанавана спартландыя “Смелыя! Моцныя! Лоўкія!”. З невялікім адрывам па колькасці балаў 1-е месца ў дварэцкіх школьнікаў.
Таямніцы Зялёнай планеты раскрыты!

У сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы адбылася пазнавальная і займальная гульня “Таямніцы Зялёнай планеты”, у якой прынялі ўдзел вучні 2 і 4 “А” класаў. Юныя даследчыкі разгадвалі экалагічныя загадкі, адказвалі на пытанні, удзельнічалі ў тэматычных конкурсах і віктарынах, праяўляючы кемлівасць, сяброўства і ўзаемавыручку.
Салодкая прыгода пяцікласнікаў

Навучэнцы 5 класаў гэтай жа школы адправіліся на экскурсію ў музей шакаладу. Дзеці даведаліся пра дзіўную гісторыю ўзнікнення шакаладу, яго шлях ад старажытных цывілізацый да сучаснасці.
Асаблівым задавальненнем для іх стала дэгустацыя, дзе кожнаму далі магчымасць пакаштаваць розныя віды шакаладу.

Але самае галоўнае – у спецыяльна абсталяванай майстэрні яны стварылі ўласныя шакаладныя вырабы – фігуркі ялінак, адзінарогаў, звяркоў. Экскурсія завяршылася ў гульнявым пакоі музея.
Бяспека – гэта важна

Выхаванцы дзённага выхаваўча-аздараўленчага лагера “Акварэлька” Вензавецкай базавай школы наведалі РАНС, дзе для іх былі праведзены майстар-класы па ўздыме па штурмавой лесвіцы, пошуку і выратаванні пацярпелага.

Таксама яны пабывалі ў аддзеле ўнутраных спраў райвыканкама. Інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Арына Грыб правяла прафілактычную гутарку па правілах дарожнага руху, паводзін у грамадскіх месцах, паказала спецыяльныя сродкі, з дапамогай якіх ажыццяўляецца ахова грамадскага парадку і затрымліваюцца правапарушальнікі. Таксама выхаванцам лагера была дадзена магчымасць патрымаць у руках зброю, прымерыць на сябе бронекамізэлькі, каскі.


Падрыхтавала Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае