Як стварыць арыгінальны кантэнт, атрымаць кампетэнтныя адказы на пытанні, пачуць цікавую і карысную інфармацыю з першых вуснаў, – пра гэта і многае іншае на асенніх канікулах даведаліся школьнікі Дзятлаўшчыны, якія цікавяцца журналісцкай прафесіяй або мараць стаць медыйна адукаванымі.

У рамках работы моладзевага медыяцэнтра “КУБ”, які ў кастрычніку гэтага года адкрыўся на базе Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, прайшоў чарговы майстар-клас для юных журналістаў раёна “Мастацтва інтэрв’ю: ад пытання да гісторыі”.

У моладзевай студыі яго правялі загадчыца аддзялення дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, кіраўнік медыяцэнтра “КУБ” Ірына Мішчанка і рэдактар аддзела раённай газеты “Перамога” Ірына Стырнік. Сярод удзельнікаў інтэрактыву былі навучэнцы гарадскіх установаў адукацыі, а таксама Круцілавіцкай базавай школы.

У ходзе майстар-класа пачынаючыя журналісты даведаліся, што сабой уяўляе такі жанр публіцыстыкі, як інтэрв’ю, чаму ён запатрабаваны ў сучаснай медыяпрасторы, на якія віды дзеліцца, як карэспандэнту выбраць цікавую тэму і падрыхтавацца да сустрэчы з субяседнікам, якія патрабаванні прад’яўляюцца да такіх публікацый.

Сустрэча ўключала і практычную частку. Школьнікі падзяліліся на дзве каманды – медыяагенцтвы “Зумеры+” і “Бумеры”, выбралі галоўных рэдактараў. Юным журналістам для “спробы пяра” былі прапанаваны некалькі тэмаў, да якіх яны самастойна падрыхтавалі пытанні і правялі свае спробныя інтэрв’ю – “Як прайшла і чым запомнілася першая чвэрць” і “Мая любімая страва са школьнай сталовай” – у рэжыме анлайн, звяртаючыся да членаў суседняй каманды.


Разам з экспертамі юныя журналісты новаўтвораных агенцтваў ацанілі сваю работу, знайшлі ў ёй “моцныя” пазіцыі і “слабыя”, над якімі давядзецца папрацаваць у бліжэйшай перспектыве.
Сваімі меркаваннямі, ці спадабалася і чым была карысная сустрэча, падзяліліся галоўныя рэдактары – капітаны каманд.
Фёдар Отчык, навучэнец сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы, рэдактар агенцтва “Бумеры”:

– Мерапрыемства спадабалася. Я шмат новага даведаўся пра жанр інтэрв’ю, навучыўся правільна задаваць і будаваць пытанні. На майстар-клас я прыйшоў па запрашэнні сваёй настаўніцы і не пашкадаваў аб гэтым, бо ў ходзе яго ўдалося павысіць свой узровень падрыхтоўкі, а таксама цікава правесці час з сябрамі.
Дар’я Анушкевіч, навучэнка сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы, рэдактар агенцтва “Зумеры+”:

– Майстар-клас навучыў мяне правільна задаваць пытанні і фармуліраваць свае думкі. На школьных уроках мы праходзілі гэту тэму, а сёння ўдалося пашырыць і паглыбіць веды. Я прыйшла на сустрэчу, каб даведацца штосьці новае і разнастаіць адпачынак на асенніх канікулах. Спадабалася цёплая сяброўская атмасфера ў студыі і магчымасць задаць пытанні спецыялістам.

Напрыканцы дырэктар Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Таццяна Ваніслаўчык агучыла вынікі першага этапу раённага конкурсу на лепшы моладзевы медыякантэнт “МедыяАрт” – намінацыі “Тэкст”, якая дзялілася на тры жанры.

У жанры “Нарыс” пераможцай стала навучэнка Круцілавіцкай базавай школы Карына Хоміч, на другім месцы – навучэнка гэтай жа ўстановы Алеся Жых, на трэцім – член моладзевага медыяцэнтра “КУБ” Сафія Кузьма.
У жанры “Артыкул” лепшая работа атрымалася ў карэспандэнтак моладзевага медыяцэнтра “КУБ” Ксеніі Пышко і Ксеніі Ахрамовіч, на другой пазіцыі – навучэнка гімназіі № 1 горада Дзятлава Дар’я Бурдун, на трэцяй – навучэнка Хвінявіцкай сярэдняй школы Сафія Санцэвіч.
У жанры “Эсэ” “залаты” вынік у навучэнкі Гезгалаўскай сярэдняй школы Алісы Ліцкевіч, сярэбраная перамога – у навучэнцаў Вензавецкай базавай школы Кацярыны Барковай і гімназіі № 1 горада Дзятлава Дар’і Бурдун, бронзавая – у навучэнкі сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Караліны Голуб.
Прызам “За лепшы мастацкі стыль” адзначана гімназістка Ксенія Разанава.

Конкурс прадаўжаецца, новая намінацыя для ўдзелу – інтэрв’ю. Работы ў цэнтр дадатковай адукацыі можна дасылаць як у друкаваным, так і ў відэафармаце.
Ірына КАЎКЕЛЬ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае