Сёлетні год з познімі замаразкамі і ліўневымі ліпеньскімі дажджамі прынёс нямала непрыемных сюрпрызаў аграрыям, тым не менш працаўнікам аграсектара ўдалося вырасціць багаты ўраджай зерневых і зернебабовых культур, і цяпер стаіць не менш складаная задача сабраць усё да зернейка ў засекі.

Работнікам хлебных палёў не прывыкаць да цяжкасцяў, бо за плячыма – вопыт папярэдніх жніўных сезонаў. Кожную пагодлівую хвілінку яны выкарыстоўваюць, каб паскорыць збор “золата палёў”, бо прыспеў час яшчэ і для азімай сяўбы.


У гэтым годзе запаветнай лічбы ў тысячу тон ужо дасягнулі тры камбайнавыя экіпажы філіяла “АграМілк” РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт”, у чатырох вадзіцеляў гаспадаркі, якія шчыруюць на палях на адвозцы збожжа, таксама ёсць такія ж важкія дасягненні. Гэтыя працаўнікі на палетках пад адкрытым небам атрымалі заслужаныя ўзнагароды і віншаванні, каб потым зноў прыступіць да работы.


Лідараў жніўнага сезона-2025 па добрай традыцыі, якая не першы год падтрымліваецца ў філіяле, прыехаў павіншаваць дырэктар РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” Вадзім Худык. На Дзятлаўшчыне да яго далучыліся старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Андрэй Жамойда, галоўны тэхнічны інспектар працы Рэспубліканскага камітэта Белхімпрафсаюза Аляксандр Кеўра, начальнік СГФ “АграМілк” Аляксандр Грынкевіч, прафкам і спецыялісты гаспадаркі.

– Праца хлебароба складаная і пачэсная, – зазначыў Вадзім Худык. – Гэты год няпросты з-за ўмоваў надвор’я і сумяшчэння розных сельскагаспадарчых працэсаў у раслінаводстве, бо неабходна паралельна жаць рапс, яравыя зерневыя, зернебабовыя і гарох. Вы з гэтым цудоўна спраўляецеся, ужо вылучыліся лідары, якія задаюць тон, упэўнены, што хутка іх спіс папоўніцца, як і дасягненні. Усім вялікі дзякуй за работу і ўклад у агульную справу забеспячэння харчовай бяспекі краіны.

– Багаты ўраджай мала вырасціць, яго трэба яшчэ і ўбраць, – прадоўжыў тэму Андрэй Садоўскі. – Дзякуючы шчодрым ападкам, зерне налілося на славу, але непагадзь перашкодзіла актыўна заняцца жнівом, тым не менш мы ўжо падыходзім да экватара ўборкі, хаця спазняемся на два тыдні. Падрыхтоўка праведзена дастойна, таму лічбы будуць множыцца. Ураджайнасць у раёне 45 цэнтнераў з гектара, і філіял “АграМілк” у ліку лепшых па намалотах. Сённяшні дзень выдаўся “ўраджайным” яшчэ і на тысячнікаў (з раніцы ўшаноўвалі работнікаў ААТ “Дварэц-Агра”). Жадаю, каб і надалей жніво-2025 было для вас прадукцыйным, каб тоны намалоту множыліся, здароўя вам, дабрабыту, сілаў і шчыры дзякуй за працу.


Бяспекі на жніве механізатарам гаспадаркі пажадаў Аляксандр Кеўра, ён падкрэсліў, што кіраўніцтва і тэхнічная інспекцыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ўважліва сочыць за спрыяльнымі ўмовамі працы на ўборцы, бо калі яны створаны – будуць і дасягненні.

– Прыемна знаходзіцца на дзятлаўскай зямлі, дзе адчуваецца рука гаспадара, – адзначыў Андрэй Жамойда. – Андрэй Садоўскі трымае руку на пульсе, усё кантралюе. Выдалася цудоўная магчымасць пабываць на палетках СГФ “АграМілк”. Белнафтахім задае высокую планку, і не толькі ў Дзятлаўскім раёне. Матэрыяльна-тэхнічная база, якая створана, – гэта ўнікальная магчымасць дасягаць высокіх вынікаў, і вы гэта робіце. Нізкі вам паклон ад Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь за нялёгкую працу хлебароба, моцнага здароўя, упэўненасці ў заўтрашнім дні. Я веру, што сёлета атрымаеце важкі ўраджай, зможаце яго захаваць, і ў хуткім часе мы пакаштуем свежы каравай.


Дыпломамі РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт”, грашовымі сертыфікатамі, падарункамі ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” і прафкама РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” адзначаны камбайнавыя экіпажы-тысячнікі Руслана Міклаша і яго памочніка Віктара Ёды, Руслана Палуносіка і яго памочніка Мікалая Харошкі, Міхаіла Кармільчыка і яго памочніка Дзмітрыя Караля. Такія ж узнагароды атрымалі вадзіцелі Леанід Лях, Андрэй Бранкоўскі, Віктар Матук, Арцём Бандарэнка.







Даведка:
У СГФ “АграМілк” плошча ўборкі збожжавых, згодна з сёлетнім планам, 2378 гектараў. Фактычна на раніцу 5 жніўня было абмалочана 729 гектараў, або 31 % ад плана. Намалот склаў 3388 тон збожжа пры ўраджайнасці 46,5 цэнтнера з гектара. Філіял у тройцы лідараў нашага раёна па тэмпах жніва.

Ірына СТЫРНІК
Фота Наталлі АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#сельское хозяйство #АПК #нашелучшее #нашалепшае