У доме Алены і Юрыя Мацюкоў з аграгарадка Раготна ніколі не бывае сумна.
Ды і не хапае часу сумаваць шматдзетным бацькам, у якіх не трое і не чацвёра, а сямёра дзяцей. Кожны дзень ім прыносіць новыя радасці і новыя клопаты.
– У нас выдатныя дзеці, якімі ганарымся, – дзеліцца сямейнымі сакрэтамі Алена Мацвееўна, – яны асаблівых праблем не дастаўляюць, старэйшы сын ужо працуе, сярэднія – вучацца, малодшы яшчэ наведвае дзіцячы садок. Галоўнае для нас з мужам, каб усе яны раслі здаровымі, сталі добрымі людзьмі, на гэта і скіроўваем свае бацькоўскія намаганні. Найбольш клопатаў вялікай сям’і, на маю думку, дастаўляе быт. Я, напрыклад, пастаянна жартую, што “жыву” на кухні.
Алена Мацвееўна выдатная гаспадыня: яна смачна гатуе, па-майсэрску пячэ бісквіты і пірагі, бо скончыла Баранавіцкі кулінарны тэхнікум. Расказвае, што любімыя стравы сям’і – гэта дамашнія пельмені і галубцы, а на вялікія святы дзеці самі шукаюць цікавыя рэцэпты, дапамагаюць прыгатаваць “навінкі”, клапоцяцца, каб святочны стол быў багаты.
– Нас шмат, і ўсе важныя святы ў нас – сямейныя, – зазначае шматдзетная маці, – гэта ўжо традыцыя. З задавальненнем рыхтуемся да Новага года, Вялікадня, Калядаў. З радасцю збіраемся за адным сталом. Нашай вясёлай кампаніі заўсёды ёсць аб чым паразмаўляць: абмяркоўваем планы на будучыню, расказваем пра поспехі.
Варта зазначыць, што і маленькія, і значныя дасягненні ёсць у кожнага члена гэтай вялікай сям’і. Алена Мацвееўна, напрыклад, у 2010 годзе ўшанавана ордэнам Маці, але ўпэўнена, што гэтай узнагароды не атрымала б, каб побач не было надзейнага, працавітага мужа Юрыя Іванавіча. Ён тая “сцяна”, за якой шматдзетнай матулі спакойна і ўтульна. Менавіта за дабрыню, унутраную культуру і мудрасць Алена палюбіла свайго Юрыя. Ён быў сябрам старэйшага брата і, як жартуе жанчына, “выгадаваў сваю нявесту”. Для Алены Мацвееўны і цяпер муж – гэта добры сябар, дарадца і абаронца.
– Мы ніколі не думалі, што будзем шматдзетнымі, але на рашэнне жанчыны нараджаць, ці не, заўсёды ўплывае меркаванне другой палавінкі, – разважае мая субяседніца, – будзе падтрымка – будуць і дзеці. Важна толькі глыбока разумець, што нараджаем іх для сябе, таму павінны быць упэўнены, што паставім на ногі, выгадуем, што жыць яны будуць у дастатку, а таму давядзецца шмат працаваць, забыўшыся на ўласныя інтарэсы.
Юрыя Іванавіча жонка па праву называе “здабытчыкам”. Ён працуе пчаляром у КСУП “Вензавец” і “Войневічы”, клапоціцца пра ўласную пасеку, якую Мацюкі трымаюць на дачы. Мужчына плануе калі-небудзь паспрабаваць сябе ў ролі індывідуальнага прадпрымальніка, бо шматгадовы вопыт работы з пчоламі дае свой плён, хочацца далей развівацца ў гэтым кірунку. Яшчэ адно сур’ёзнае захапленне гаспадара – паляванне, якое ён сумяшчае з выкананнем абавязкаў егера. Не менш любіць Юрый Іванавіч парыбачыць. Але, на жаль, вольны час для гэтага выдаецца не часта, бо дома і на дачы працавітых рук патрабуе вялікая гаспадарка, а ў летні сезон яшчэ і агарод.
Шматдзетныя бацькі імкнуцца прывучаць да работы сваіх дзяцей, але заўсёды нагадваюць ім, што галоўны абавязак – гэта вучоба. Мараць, што кожны з сыноў і дачок знойдзе сваё месца ў жыцці, рэалізуе ўласныя здольнасці.
Напрыклад, старэйшы сын Юрый шмат гадоў захапляўся спортам і мае важкую скарбонку ўзнагародаў. Ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, атрымаў дыплом з адзнакай, цяпер працуе ў Дэпартаменце аховы МУС Рэспублікі Беларусь у Мінску. Бацькі ім ганарацца.
Радуюцца і за старэйшую дачку Анастасію, якая вырашыла прысвяціць сябе медыцыне. Цяпер яна навучэнка медыцынскага каледжа горада Слоніма, у далейшым марыць атрымаць яшчэ і вышэйшую медыцынскую адукацыю, таксама захапляецца замежнымі мовамі.
Дзесяцікласніка Арцёма прывабліваюць ваенныя спецыяльнасці або служба ў МНС. Хлопец вучыцца ў Дварэцкай сярэдняй школе, ён, як і старэйшы брат, паспяховы ў спорце: ходзіць на заняткі ў секцыю па баскетболу, лёгкай атлетыцы, катаецца на лыжаролерах, прымае ўдзел у раённых спаборніцтвах.
Сямікласнік Павел, наадварот, любіць сур’ёзныя навукі – матэматыку і інфарматыку. Ён разважлівы, спакойны, добра разбіраецца ў камп’ютарнай тэхніцы. Магчыма, у далейшым захоча стаць праграмістам.
Пяцікласніца Кацярына, па словах матулі, “жыве і дыхае спортам”, магчыма, ён яе прываблівае нават больш, чым старэйшых братоў. Таксама Каця любіць чытаць, у яе выдатна атрымліваецца дэкламаваць вершы. Марыць дзяўчынка аб прафесіі ветэрынарнага доктара, бо вельмі любіць жывёлін і хоча ім дапамагаць. Пакуль цяжка вызначыць, якое з захапленняў яна выбера ў дарослым жыцці.
Трэцякласніца Марыя, або Маша, як яе называюць родныя, вельмі нагадвае галоўную гераіню папулярнага мультфільма “Маша і Мядзведзь”, настолькі яна жывая і актыўная. Матуля жартуе, што ў адным дзіцяці спалучыліся адразу ўсе якасці іншых членаў сям’і. Марыя мэтанакіраваная, любіць пастаянна знаходзіцца ў цэнтры падзеяў.
Малодшы сын Мікалай у наступным годзе пойдзе ў першы клас, але ўжо сёння бацькі ўпэўнены, што ён – будучы “айцішнік”: хлопчык вельмі хутка цяміць, як працуе разумная тэхніка. Ён добра запамінае вершы і з нецярпеннем чакае, калі стане школьнікам.
Галоўны сакрэт сямейнага выхавання Мацюкоў – быць дастойнымі прыкладамі для сваіх дзяцей. Бацькі цвёрда ўпэўнены: якасці, закладзеныя ў дзяцінстве, застаюцца з чалавекам на ўсё жыццё. Сваіх сыноў і дачок Юрый і Алена вучаць быць дружнымі, прыходзіць адзін аднаму на выручку, дапамагаць людзям. “Зярняткі” бацькоўскай мудрасці паволі прарастаюць у дзецях. Яны радуюць дарослых сваімі паводзінамі і вучобай, а бацькі цвёрда ўпэўнены, што іх жыццё праходзіць недарэмна, што наперадзе яшчэ шмат нагодаў для радасці і сямейных святаў.
Ірына КАЎКЕЛЬ
Дзясяты адкрыты фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” запрасіў сёння на спартыўную пляцоўку тых, хто сябруе…
На “Зецельскім фэсце” працавалі адразу некалькі інтэрактыўных пляцовак на любы густ. Сапраўднай сенсацыяй фестывалю стаў…
30 мая ў рамках дзясятага фестывалю сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” горад Дзятлава ператварыўся ў сапраўдную…
Урачыста, прыгожа, з цудоўным настроем пачалося свята сямейнага адпачынку "Зецельскі фэст" ў Дзятлаве. Пад гукі…
На Зецельскім фэсце гуляе народ,На плошчы вясёлы вядзе карагод,Танцуе, спявае і славіць сям’ю,А хтосьці газеце…
Пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага прайшло…