70-гадовы юбілей, жыватворнае, ці плацінавае, як яго яшчэ называюць, вяселле адзначаюць сёння нашы землякі – Мікалай і Ніна Малько, даказаўшы, што сапраўднае каханне існуе, што людзі здольныя дарыць самыя светлыя пачуцці адзін аднаму на працягу доўгага часу.
А яшчэ кажуць, што такія шлюбы ствараюцца на нябёсах па Божым блаславенні, а каханне іх дасягае небывалага росквіту.
Нашы сённяшнія юбіляры пражылі доўгія гады любові, памяркоўнасці і ўзаемнай падтрымкі, разам пераадольваючы ўсе перашкоды і цяжкасці.
Пазнаёміліся яны і пажаніліся ў далёкім 1955 годзе, ёй – толькі 19, яму – 23, адсюль і пачалася іх гісторыя кахання даўжынёй у 70 гадоў.
Спачатку жылі ў бацькоў, затым пабудавалі сваё сямейнае гняздо ў вёсцы Вялікія Краглі. Тут і пражылі ўсё сваё жыццё, выгадавалі дзяцей, сына Мікалая і дачку Ларысу, якія і цяпер побач з бацькамі ашчаджаюць іх старасць.
Родам Мікалай Іларыёнавіч з вёскі Погіры, нарадзіўся ў далёкім 1932 годзе ў сям’і, дзе, акрамя яго, было яшчэ двое дзяцей – сястра Марыя і брат Іван. Пасля заканчэння школы пайшоў у армію, служыў тры гады на Урале. Вярнуўся ў родны калгас, працаваў агароднікам і вельмі любіў сваю работу, захапляўся не на жарт агароднымі справамі, якія яму вельмі падабаліся. Таму і на сваім прысядзібным участку ўвіхаўся доўгі час і пасля выхаду на пенсію: сам вырошчваў расаду, агуркі і памідоры.

А яшчэ вельмі любіў коней, таму трымаў свайго каня, заўсёды дапамагаў і аднавяскоўцам: поле ўзараць, сена прывезці ці іншую патрэбу справіць. Ды і свая гаспадарка была немалая, як і патрэбна ў вясковым побыце: каровы, свінні, авечкі, куры. Спраўляліся заўсёды разам, дапамагаючы адзін аднаму, ніколі не дзялілі на мужчынскую і жаночую справу.
Ніна Аляксандраўна працавала ў калгасе паляводам, а ў вольны час прыбірала ў мясцовым клубе. Работы заўжды хапала, але выкройвала час і на рукадзелле. Яна сапраўдная майстрыха, умее і дыван, і абрус выткаць, кудзелю спрасці, а яшчэ шыць і вязаць кручком. Увесь дом і зараз упрыгожваюць яе цудоўныя вырабы.
На жаль, гады бяруць сваё, няма ўжо здароўя, не слухаюцца ногі, усё ж 90-гадовы рубеж размянілі, але побач блізкія людзі: дзеці, унукі, ёсць праўнучка Сафія.
На вуліцы восень. Надвор’е змрочнае і дажджлівае, але і яно не перашкодзіла тым прыемным успамінам, якім аддаюцца, звычайна, у гэты дзень людзі, якім пашчасціла дажыць да глыбокай старасці разам, людзі вернага кахання і падоранага Богам даўгалецця.
Таццяна САНЮК
Фота з сямейнага архіва
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае