З 2 па 9 лістапада ў школьнікаў Беларусі будуць першыя ў гэтым навучальным годзе канікулы. Для дзяцей яны заўжды ў радасць, а вось для педагогаў і дарослых надыходзіць перыяд, калі баўленню часу непаўналетніх, іх учынкам, месцам знаходжання трэба надаваць больш увагі, чым у вучэбныя дні.

Аб мерах прафілактыкі, дзеяннях дзяцей, якія павінны насцярожыць, і спосабах уцягвання хлопчыкаў і дзяўчынак у супрацьпраўныя паводзіны расказала інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама Арына Грыб:

– Калі параўноўваць Дзятлаўшчыну з вялікімі гарадамі, то праблема стаіць не так востра – ухіл робім на прафілактыку. У нашым раёне няма ўстановаў сярэднеспецыяльнай адукацыі, ёсць толькі школы, і штомесячныя сустрэчы спецыялістаў службаў прафілактыкі з навучэнцамі даюць свой станоўчы плён. Безумоўна, правапарушэнні з удзелам непаўналетніх рэгіструюцца, але іх не так шмат.

Найбольш актуальны спосаб уцягвання школьнікаў у супрацьпраўныя паводзіны, калі хлопчыкі і дзяўчынкі паддаюцца ўплыву сваіх равеснікаў або старэйшых сяброў і ўчыняюць “за кампанію” незаконныя дзеянні, часам не ўсведамляючы ўсёй сур’ёзнасці.

Нельга, напрыклад, не ўзгадаць пра чарговую пагрозу з інтэрнэта, на якую трэба звяртаць увагу бацькам і педагогам. Вядомы па шматлікіх парушэннях закона блогер Мелстрой, папулярны ў моладзі Беларусі і Расіі, аб’явіў чарговы конкурс-чэлендж з абяцаннем у якасці каштоўнага прыза аб’ект нерухомасці і грашовыя сродкі. Пераможца нібыта можа іх атрымаць за арыгінальны кантэнт з рэкламай сайта і акаўнта Мелстроя. Усё пачыналася даволі бяскрыўдна, а вылілася ў хуліганствы і парушэнні парадку дзеля хайпу: маладыя людзі ўчыняюць правакацыі ў грамадскіх месцах, псуюць чужую маёмасць, ствараюць перашкоды для руху транспарту, нават здзекуюцца з малодшых і слабейшых. Усё гэта здымаюць на відэа і размяшчаюць у глабальнай сетцы. Аднак удзел у конкурсах і імкненне да папулярнасці не апраўданне для незаконных учынкаў.

Як бачым, большасць пагроз у наш час зыходзіць менавіта з інтэрнэта, таму дарослым варта звяртаць пільную ўвагу на паводзіны дзяцей, правяраць іх тэлефоны, у тым ліку інфармацыю, якую непаўналетнія размяшчаюць у сваіх акаўнтах. Цэнтрам увагі павінен быць і фізічны стан школьнікаў: наяўнасць гематом, кровападцёкаў, бо ў юным узросце дзеці не заўжды паведамляюць, што ў адносінах да іх учыняюцца супрацьпраўныя дзеянні.

Яшчэ адзін спосаб уцягвання непаўналетніх у парушэнне закона – гэта шантаж: пад яго ўздзеяннем ахвяру вымушаюць рабіць тое, што можа выліцца ў злачынства.

Напрыканцы хачу расказаць пра крымінальную справу, узбуджаную на Дзятлаўшчыне ў адносінах да непаўналетняга, які ў стане алкагольнага ап’янення ўчыніў крадзеж. Гэтаму папярэднічала яшчэ адно правапарушэнне: дарослая асоба ўцягнула будучага злодзея ў сумеснае набыццё і распіццё спіртных напояў. Калі б падлетак быў цвярозым, магчыма, ён устрымаўся б і ад крымінальнага ўчынка.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации