У Гезгалаўскай сярэдняй школе імя М. І. Нядзеліна ў фармаце кейс-студыі прайшоў раённы семінар педагогаў-арганізатараў па тэме “Узаемадзеянне ГА “БРПА” і ГА “БРСМ” па захаванні пераемнасці: акцябронак – піянер – член ГА “БРСМ”.

Сустрэчу адкрыла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Гарановіч, задаўшы тон дыскусіі і падкрэсліўшы значнасць тэмы для развіцця моладзевага руху.
Загадчыца аддзялення дадатковай адукацыі Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ірына Мішчанка правяла для педагогаў-арганізатараў інтэрактыўную інтэнсіў-настройку на работу ў час семінара.

Увага прысутных была засяроджана на тым, што ўзаемадзеянне ва ўстановах адукацыі акцябрат, піянераў, членаў ГА “БРСМ” на кожным этапе грамадзянскага і патрыятычнага выхавання спрыяе іх фарміраванню як сацыяльна актыўных асоб, грамадзян і патрыётаў сваёй краіны, арыентаваных на самаразвіццё, самавызначэнне і самаўдасканаленне, грамадска карысную дзейнасць, набыццё ўменняў і навыкаў, неабходных для самарэалізацыі і эфектыўнага ўдзелу ў жыцці беларускага грамадства і дзяржавы.

Для педагогаў-арганізатараў у сучаснай форме open space намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Капковіч расказала аб традыцыях і навацыях у бацькоўскім сходзе як форме папулярызацыі дзейнасці піянерскай арганізацыі і ГА “БРСМ”. Падкрэсліла, што менавіта бацькоўскі сход становіцца ўнікальнай і важнай пляцоўкай для дыялогу і фарміравання канструктыўнага партнёрства паміж сям’ёй, школай і моладзевымі аб’яднаннямі.
Педагог-арганізатар Наталля Ліцкевіч правяла фарсайт-сесію па абмене практычным вопытам арганізацыі ўзаемадзеяння двух моладзевых аб’яднанняў па розных кірунках. У школе не першы год рэалізуюцца сацыяльна значныя, патрыятычныя, інтэрнэт-праекты. Адзін з іх, па выхаванні інфармацыйнай культуры, прадставілі ўдзельнікам семінара. Для адлюстравання ходу праекта створаны сайт “Фокус” з памяткамі па правілах бяспекі ў інтэрнэце, адукацыйнымі відэаролікамі і анлайн-гульнямі.

Практычны блок кейс-студыі быў прысвечаны распрацоўцы праектаў па грамадзянскім, патрыятычным, духоўна-маральным, прафесійным і працоўным выхаванні, якія лягуць у аснову адзінай раённай інтэрнэт-платформы ўзаемадзеяння піянерскай і моладзевай арганізацый. Гэта не проста фармальнае супрацоўніцтва, а прадуманая сістэма выхавання грамадзяніна і патрыёта. У такім адзінстве – аснова паспяховай будучыні новых пакаленняў беларусаў.
Падрыхтавала Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga