Апошняе ў гэтым годзе пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта і сесіі раённага Савета дэпутатаў 29-га склікання прайшло 30 снежня пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага і старшыні райсавета Аляксандра Бараноўскага.

На парадку дня стаялі тры пытанні, другое з якіх разгледжана сумесна з работай сесіі. Намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская расказала аб прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця Дзятлаўскага раёна на 2026 год. Яна адзначыла, што яго галоўнымі мэтамі з’яўляюцца рост канкурэнтаздольнасці эканомікі на аснове эфектыўнага выкарыстання мясцовага рэсурснага патэнцыялу і канкурэнтных пераваг для павышэння якасці і ўзроўню жыцця насельніцтва, бесперабойнай і эфектыўнай работы прадпрыемстваў. Для іх дасягнення перад суб’ектамі гаспадарання стаіць задача па нарашчванні экспартнага патэнцыялу і імпартазамяшчэння. Сярод асноўных задач таксама паслядоўны рост даходаў насельніцтва і інвестыцыі ў асноўны капітал. Сфарміраваны “партфель” інвестпраектаў раёна: так ТАА “Трыал Эксперт” (г. п. Наваельня) рэалізуе імпартазамяшчальны праект 2024-2026 гадоў па мадэрнізацыі завода па вырабе раслінных алеяў, ТАА “Торвлад” – праект развіцця санаторыя “Альфа Радон” з пашырэннем комплексу паслуг, а ў рамках рэгіянальнай ініцыятывы Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир” у наступным годзе плануе набыць аўтаматызаваную лінію для вырабу ферментаваных прадуктаў метадам ультрафільтрацыі.

Сельгаспрадпрыемствам раёна будзе накіраваны 61 мільён рублёў інвестыцый, якія мяркуецца выкарыстаць на набыццё тэхнікі, абсталявання, узвядзенне аб’ектаў, фарміраванне асноўнага статку. У КСУП “Хвінявічы” ў 2026-2027 гадах запланавана ўзвядзенне кароўніка на 399 галоў і даільна-малочнага блока ў вёсцы Парэчча, а таксама тэхнічнае перааснашчэнне і мадэрнізацыя дзеючага малочна таварнага комплекса і фермаў.

У прамысловым комплексе мяркуецца дасягнуць індэкса фізічнага аб’ёму ўстаноўленага набору тавараў-прадстаўнікоў 103,9 % да ўзроўню 2025 года. Ключавы ўплыў на развіццё прамкомплексу па-ранейшаму будуць аказваць вядучыя прадпрыемствы раёна. Тэмп росту валавой прадукцыі сельгаспрадпрыемстваў у 2026 годзе ў супастаўных цэнах мяркуецца забяспечыць на ўзроўні 104,1 %, у тым ліку ў раслінаводстве – 104,6 %, жывёлагадоўлі – 103,5 %. Тэмп росту рознічнага тавараабароту праз усе каналы рэалізацыі – 103,9 %.

Як будзе фарміравацца раённы бюджэт на 2026 год, расказала начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Ірына Жэгала. Мяркуецца, што яго расходная частка складзе 93 мільёны 385,4 тысячы рублёў. Па-ранейшаму, большасць сродкаў (83 %) будзе скіравана на сацыяльна значныя расходы (выплата зарплат, лекавыя сродкі, харчаванне, камунальныя паслугі, субсідзіраванне жыллёва-камунальных і тарнспартных паслуг, трансферты насельніцтву). На фінансаванне арганізацый сацыяльнай сферы мяркуецца скіраваць 71,7 %. Бюджэт плануецца бездэфіцытным.

У абмеркаванні пытання сесіяй раённага Савета дэпутатаў выступіў старшыня пастаяннай камісіі па бюджэце, эканоміцы, аграрных пытаннях і ахове навакольнага асяроддзя Юрый Ганчар. Яно было прынята аднагалосна.   

Як на Дзятлаўшчыне выконваюцца патрабаванні Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2004 года № 1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны” расказаў намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка. Адзначыў, што райвыканкам сумесна з раённымі арганізацыямі, сельскімі выканаўчымі камітэтамі ажыццяўляе работу па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны, стварэнні дадатковых умоў для бяспечнай жыццядзейнасці насельніцтва. Разам з тым, у 2021-2025 гадах у раёне адбылося 110 пажараў (сёлета за 11 месяцаў – 19), на якіх загінулі 14 чалавек (сёлета – 1). Іх галоўныя прычыны – неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў і цеплагенерыруючых прылад, грэбаванне правіламі эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання, прычым 10 з 14 загінулых курылі ў ложку, 9 з іх былі нецвярозыя. Па-ранейшаму п’янства, алкагалізм і асацыяльны лад жыцця лідзіруюць сярод галоўных фактараў трагедый. Сістэмна вядзецца прафілактычная работа. На Дзятлаўшчыне 4145 домаўладанняў катэгарыраваных групаў насельніцтва. Ім службы прафілактыкі надаюць пераважную ўвагу. Увогуле для папярэджання пажараў і гібелі людзей на іх Дзятлаўскім РАНС праведзены выбарачныя праверкі 5 суб’ектаў гаспадарання раёна і адбылося 46 маніторынгаў на аб’ектах, па выніках прапанавана адпаведна  55 і 317 мерапрыемстваў па ўхіленні парушэнняў, меры адміністрацыйнага ўздзеяння прыняты да 25 фізічных і 16 службовых асоб, у адрас кіраўнікоў унесена 10 прадстаўленняў.

З 31 выпадку загарання сухой расліннасці 20 адбылося на землях агульнага карыстання ў населеных пунктах, 8 – за іх межамі, 2 – на сельскагаспадарчых землях, адзін – на ўчастку жылога дома. Прычынамі ў 22 выпадках было неасцярожнае абыходжанне з агнём невядомых асоб, у 7 – пры спальванні смецця і па адным адбылося з-за выпальвання сухой травы і неасцярожнасці пры курэнні.

Не менш увагі надаецца пытанням выканання заканадаўства аб ахове працы, прафілактыцы вытворчага траўматызму ў арганізацыях раёна. Выкананне патрабаванняў Дырэктывы рэгулярна разглядаюцца на пасяджэннях райвыканкама і камісій па прафілактыцы вытворчага траўматызму і прафесійнага захворвання. За бягучы перыяд павышэнне кваліфікацыі прайшлі 174 чалавекі, з іх у камісіі райвыканкама – 79. Адрамантавана, пабудавана, набыта 12 санітарна-бытавых памяшканняў, столькі ж куткоў па ахове працы. Падрыхтавана адна базавая арганізацыя па ахове працы (ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”).

За студзень-лістапад 2025 года ў арганізацыях Дзятлаўшчыны за парушэнне дысцыпліны звольнены 69 чалавек, у тым ліку тры за прысутнасць на працоўным месцы п’янымі.

Значная ўвага скіравана на бяспеку дарожнага руху і эксплуатацыю транспарту, прафілактыку і папярэджанне дзіцячага траўматызму на дарогах, кантроль адпаведнасці тэхнічнага стану транспартных сродкаў патрабаванням правілаў. На жаль, у студзені-кастрычніку колькасць зарэгістраваных у раёне дарожна-транспартных здарэнняў павялічылася з 8 да 10, як і колькасць параненых (з 9 да 12), а таксама загінулых (з 1 да 5).

Работнікі міліцыі шмат намаганняў скіроўваюць на барацьбу з п’янствам і яго наступствамі, аднак адзначаецца рост злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення (з 29 да 30). У ЛПП ізалявана 32 асобы.

Такім чынам, у раёне арганізавана сістэмная работа дзяржаўных органаў па рэалізацыі патрабаванняў, прадугледжаных у Дырэктыве, але па асобных напрамках патрабуецца актывізацыя і прыняцце дадатковых мер па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны, зніжэнні гібелі і траўматызму людзей.

– 2025 год склаўся для Дзятлаўшчыны спрыяльна, – падвёў вынікі сустрэчы Андрэй Садоўскі. – Многае зроблена па ўсіх напрамках, у тым ліку дзякуючы кіруючаму звяну раёна. Крок наперад зроблены ў адукацыі, медыцыне, па добраўпарадкаванні, асфальтаванні дарог, уводу жылля, па надоях малака дасягнута лічба больш за 7,5 тысячы літраў на карову, і за лічбамі стаяць людзі. Год заканчваецца фінансава стабільна, ёсць астаткі, а гэта база для 2026 года. Гэта наш агульны вынік, за які дзякую усім. Поспехаў і ўдачы надалей.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации