У Дзятлаўскай раённай цэнтральнай бібліятэцы напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь адбыўся інфармацыйна-прававы дыялог “Канстытуцыя: стабільнасць, згода, прагрэс”.


Удзел у сустрэчы прымалі прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, прафсаюза, дэпутаты, навучэнцы.

Мадэратары пляцоўкі Вольга Бойка і Марына Крупіца зрабілі экскурс у гісторыю і расказалі, якія падзеі і нарматыўныя дакументы папярэднічалі прыняццю Канстытуцыі ў тым выглядзе, у якім мы яе ведаем, а відэаролік “Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь” больш яскрава нагадаў аб галоўных падзеях у нашай дзяржаве, звязаных з удасканаленнем Канстытуцыі і прызнаннем Усебеларускага народнага сходу канстытуцыйным органам.


Абмеркавалі ўдзельнікі інфармацыйна-прававога дыялогу такія важныя правы і свабоды чалавека, як права на жыццё, ахову здароўя, адукацыю, іншыя.

У час акцыі “Пажаданне краіне”, нашы землякі напісалі, што зычаць роднай Беларусі, і прымацавалі свае лісточкі на імправізаванай карце краіны. Не меншую цікавасць выклікала віктарына па веданні асноўных пастулатаў Канстытуцыі.

Паўдзельнічалі ў размове эксперты. Памочнік пракурора Дзятлаўскага раёна Ірына Забеліна параіла любому грамадзяніну чытаць Канстытуцыю і патлумачыла, што яна, як магутнае дрэва, галінкамі якога з’яўляюцца шматлікія законы нашай дзяржавы, якія базуюцца на асноўным дакуменце.


Першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, спыняючыся на сферы моладзевай палітыкі, у якасці прыкладу прывяла артыкул 32 Канстытуцыі, дзе прапісана, што дзяржава стварае неабходныя ўмовы для духоўнага, маральнага, фізічнага, інтэлектуальнага развіцця маладых грамадзян, аднак і ад іх чакае дастойнага ўкладу ў развіццё рэспублікі. Не абышла ўвагай моладзевы лідар раёна традыцыйную рэспубліканскую акцыю “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь” па ўручэнні пашпартоў 14-гадовым беларусам, якая сёлета праходзіць з 10 па 15 сакавіка.



Старшыня раённага Савета дэпутатаў і раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” Аляксандр Бараноўскі нагадаў прысутным, што згодна з артыкулам 3 Канстытуцыі адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту з’яўляецца беларускі народ, а паводле артыкула 6-га ўлада ў Рэспубліцы Беларусь дзеліцца на заканадаўчую, выканаўчую і судовую, артыкулам жа 5-ым вызначана, што палітычныя партыі і іншыя грамадскія аб’яднанні, якія дзейнічаюць у рамках Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь, садзейнічаюць абароне правоў, свабодаў і інтарэсаў чалавека і грамадзяніна, і адна з іх – Беларуская партыя “Белая Русь”.

Апошнім прыемным акордам сустрэчы стала знаёмства яе ўдзельнікаў з экспазіцыямі рэспубліканскай перасоўнай выставы Беларускай партыі “Белая Русь” “У КАДРЫ”, якая цяпер прадстаўлена ў фае бібліятэкі і даступная для ўсіх жадаючых.




Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае