Імя на Дошцы гонару. Святлана Трафімчык: “Працую з людзьмі, і мне гэта падабаецца”

У гэтай рубрыцы мы прадаўжаем размову пра работнікаў арганізацый Дзятлаўшчыны, якімі ганарацца працоўныя калектывы і ўвесь раён. 1 Мая ва ўрачыстай абстаноўцы яны атрымалі сертыфікаты аб занясенні на раённую Дошку гонару як высокую адзнаку працы і дасягненняў.

У ліку ўзнагароджаных – жыхарка вёскі Навасёлкі, сацыяльны работнік з важкім стажам і чалавек вялікай душы Святлана Трафімчык. Кожны яе дзень звязаны са спагадай і клопатам не толькі аб сваёй сям’і, але і іншых жыхарах Дзятлаўшчыны, якая даўно стала для яе роднай:

– Сама я з Магілёўскай вобласці, але з трох гадоў ужо жыву ў Дзятлаўскім раёне: тут маміны карані, адсюль мае продкі.

Святлана Юр’еўна не адразу стала сацыяльным работнікам. Пасля заканчэння Таркачоўскай базавай школы яна атрымала спецыяльнасць тавараведа ў гандлёва-эканамічным тэхнікуме ў горадзе Навагрудку. Але доўга працаваць па спецыяльнасці не давялося: рана стварыла сям’ю, у якой знайшла сваё жаночае і мацярынскае шчасце.

– З мужам Юрыем, які жыў непадалёку ва Уланаўшчыне, мы знаёмы ледзь не ўсё жыццё, – дзеліцца жанчына. – Сябравалі яшчэ са школы, а калі сталі дарослымі, пажаніліся. І тады, і цяпер ён – мой самы блізкі чалавек, мая апора.

У сям’і Трафімчыкаў нарадзіліся два сыны, выхаванню якіх жанчына прысвяціла ўсе свае сілы і час. Калі дзеці крыху падраслі, Святлана Юр’еўна працавала ў мясцовым дзіцячым садзе, у аддзеле культуры і, нарэшце, у 2012 годзе вырашыла паспрабаваць сябе ў ролі сацыяльнага работніка:

– Так атрымалася, што ўсё жыццё працую з людзьмі, і мне гэта вельмі падабаецца. Галоўнае – знайсці падыход да кожнага, і тады гэта работа сапраўды ў радасць. Вы нават не ўяўляеце, наколькі цікавыя людзі мудрага ўзросту! Мне часам не трэба глядзець навіны, каб ведаць, што адбываецца ў нашай краіне і раёне. Пакуль працую ў адной бабулі, яна мне выдае інфармацыю: куды паехаў наш Прэзідэнт, як паднялі пенсіі і дапамогі, колькі пасеялі азімых, перажывае, каб паспелі зжаць кукурузу да маразоў. Прыходжу да другой жанчыны, з той ужо я дзялюся навінамі.

Святлана Юр’еўна расказвае, што на надомным абслугоўванні ў яе засталося пакуль толькі чатыры чалавекі: траіх яна наведвае двойчы на тыдзень, яшчэ адну жанчыну – пяць разоў. Вяскоўцы ўжо з раніцы чакаюць свайго сацыяльнага работніка. Жанчына спяшаецца да іх, каб прывезці лекі, якія набыве на ФАПе ці ў аптэцы ў гарпасёлку Наваельня. Туды ж трэба часам наведацца, каб купіць асаблівыя прадукты, якіх не заўсёды знойдзеш у аўтамагазіне. У вясковым доме клопатаў хапае: трэба дапамагчы з прыбіраннем, нешта прыгатаваць, прынесці вады з калодзежа, дроў і распаліць у печы.

Да пажылых людзей сацыяльны работнік дабіраецца на службовым транспарце – веласіпедзе, які выдзелілі ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

– Пераважная большасць маіх падапечных жыве непадалёку, – расказвае жанчына. – Але ёсць, напрыклад, бабуля, да якой дабірацца трэба ў Дубатоўку, шлях ідзе праз лес. Зімой, бывала, нават расчышчаць дарогу даводзілася. Дзякуй любімаму мужу. Гэта мая апора і падтрымка як у рабоце, так і дома.

Святлана Трафімчык адзначае, што палюбіла сваю працу ўсёй душой і прадаўжае атрымліваць задавальненне ад яе кожны дзень. Прычынай таму не толькі пажылыя людзі, якія за гады супрацоўніцтва сталі як родныя. Святлана Юр’еўна ў захапленні  ад усяго дружнага калектыву Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на чале з яго дырэктарам Таццянай Нікіпорчык.

– Кожны месяц наведваю нашы сходы ў Дзятлаве з вялікай цікавасцю і задавальненнем, радуюся сустрэчы з калегамі, ад якіх лёгка атрымаць шчырую ўсмешку, добрае слова або слушную параду,  – кажа жанчына. – Асаблівыя словы ўдзячнасці хачу выказаць майму інспектару Святлане Лагуцінай, спагадлівай, чулай, якая заўжды падтрымае. Ад такіх людзей я сама зараджаюся дабрынёй, каб потым аддаваць яе іншым.

Святлана Трафімчык упэўнена, што толькі такія шчырыя людзі могуць працаваць у службе сацыяльнай абароны. Бо яны не проста выконваюць сваю работу, дапамагаюць пажылым па гаспадарцы, а становяцца для іх сапраўды блізкімі.

– Большасць з тых, хто знаходзіцца на надомным абслугоўванні, – адзінокія людзі, да некаторых прыязджаюць дзеці, пляменнікі з гарадоў, але не вельмі часта, – тлумачыць жанчына. – Сацыяльная служба – іх сувязь з грамадствам. Нават калі я не на рабоце, заўжды на сувязі. У сваю чаргу, яны мяне таксама падтрымліваюць: мы шмат размаўляем, дзелімся навінамі, меркаваннямі. Было такое, што нават песню ад душы заспявалі разам. За кожнага з іх перажываю, як за сваіх.

З нагоды адметнай у нашай краіне даты – Дня пажылых людзей Святлана Трафімчык жадае ўсім дзятлаўчанам шаноўнага ўзросту моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця пад мірным небам Беларусі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае 

administrator

Recent Posts

Дзятлаўшчына стане тэмай першага выпуска новага тэлепраекта

Дзятлаўскі раён стане першым у цыкле тэлеперадач тэлеканала “ВоенТВ” з рабочай назвай “У добры шлях”,…

11 часов ago

Адзін дзень са студатрадам

Практыка ў раённай газеце – гэта новыя эмоцыі штодня. За два тыдні мне прыйшлося паспрабаваць…

11 часов ago

Карыстайцеся інтэрактыўнай картай “аднаго акна”

Для ажыццяўлення агульнай каардынацыі дзейнасці дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, службы “адно акно” Міністэрствам юстыцыі распрацавана…

13 часов ago

Пытанне – адказ. Якія лішкі з агарода можна здаць у нарыхтоўку?

Дзятлаўчане цікавяцца: ці прымае сёлета Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства сезонную прадукцыю ад фізічных асоб і…

13 часов ago

Праект “#Місія 101: той, кім я ганаруся”. Данііл Вяргун: “Работа з настаўнікам – гэта поўнае пагружэнне”

Ратаўнікі Беларусі – сапраўдныя прафесіяналы, мужныя, валявыя, рашучыя, адказныя. Яны супрацьстаяць стыхіі, абараняюць жыццё і…

14 часов ago

Урожайность зерновых превышает прошлогоднюю по всем областям

Урожайность зерновых превышает прошлогоднюю по всем областям страны, сообщили в пресс-службе Министерства сельского хозяйства и…

16 часов ago