Кожная прафесія – прызванне, але ёсць тыя сферы дзейнасці, дзе шлях да мэты асабліва цярністы. Ад абітурыента медыцынскай ВНУ да доктара – доўгія гады вучобы, кіламетры вывучаных на памяць канспектаў і даведнікаў, інтэрнатура, практыка па розных профілях.
Тыя, хто прайшоў гэты шлях, ужо прафесіяналы, лепшыя з якіх за работу адзначаюцца ўзнагародамі рознага ўзроўню. Адметна, што сёлета на раённую Дошку гонару занесена імя маладога работніка медыцыны, доктара-эндаскапіста Дзятлаўскай ЦРБ Івана Болбата.
Выбар прафесіі для яго быў прадыктаваны самім жыццём: стаць медыкам – таксама натуральна і лагічна, як некалі пайсці ў школу.
– Мае абодва бацькі – медыцынскія работнікі, я рос у гэтым асяроддзі, бачыў, як яны працуюць. І хоць ніхто не падштурхоўваў мяне да такога жыццёвага рашэння, я ніколі не сумняваўся, што стану доктарам. Усё ішло само сабой, іншыя варыянты я нават не разглядаў.
У Беларусі чатыры профільныя ВНУ, з якіх Іван Аляксандравіч выбраў тую, якая найбліжэй да дома: паступіў у Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на спецыяльнасць “лячэбная справа” з прыцэлам атрымаць як мага больш ведаў, каб потым вызначыцца з больш вузкім профілем. Мэтавае накіраванне ад абласнога ўпраўлення аховы здароўя дазваляла яму размеркавацца па ўсёй Гродзеншчыне, аднак выпускнік выбраў сваю малую радзіму, каб быць карысным тут.
– Праходзіў інтэрнатуру і пачынаў працаваць на сваім першым месцы ў якасці хірурга, а праз тры гады мне прапанавалі прайсці перападрыхтоўку на эндаскапіста, і гэта мяне зацікавіла, – расказаў Іван Аляксандравіч. – Дадзеная спецыяльнасць мне падабалася першапачаткова, і я вырашыў, што гэта мой шанц.
Першы апарат, на якім працаваў Іван Болбат, быў вытворчасці фірмы “Алімпус”, па яго словах, дастойны і надзейны для свайго часу. Аднак прагрэс ідзе сямімільнымі крокамі, асабліва ў медыцынскай сферы. Адміністрацыя ўстановы і самі медыкі павінны паспяваць і адпавядаць, каб якасна дыягнаставаць і аказваць дапамогу. Таму не так даўно ў Дзятлаўскай ЦРБ з’явіўся новы сучасны эндаскоп кітайскай вытворчасці, працаваць на якім, па словах доктара, – проста песня.
– Карцінка тут у разы лепшая: яркая, дэталёвая. Можна разгледзець структуры, якія раней не адразу ўдавалася бачыць. Калі раней для некаторых відаў даследавання трэба было дадаткова афарбоўваць праблемныя ўчасткі, цяпер такой неабходнасці няма. Многія новаўтварэнні выяўляюцца лепш і хутчэй. Акрамя таго, усе мы ведаем, што эндаскапічнае даследаванне – не самая прыемная для пацыентаў працэдура, але з сучасным абсталяваннем яна стала больш камфортнай.
Рабочы дзень доктара-эндаскапіста звычайны, нармаваны, але верагоднасць, што ў любы момант могуць выклікаць у прыёмны пакой, заўсёды ёсць. Сам Іван Аляксандравіч прызнаецца, што за межамі кабінета для яго нічога не заканчваецца.
– Сёння ў медыкаў, якія жадаюць самаадукавацца, проста бязмежныя магчымасці: гэта кнігі і навуковыя часопісы ў электронным і друкаваным выглядзе, шматлікія прафесійныя форумы, дзе разбіраюць цікавыя выпадкі або проста кансультуюцца з больш вопытнымі. Пры любой магчымасці чытаю, цікаўлюся.

– Ці паўплывала на ваша працоўнае станаўленне тое, што тут працуюць вашы бацькі?
– Як усіх, хто прыходзіць працаваць у раённую бальніцу, мяне сустрэлі добразычліва. Калі прыступіў да работы ў хірургічным аддзяленні, дапамагалі слушныя парады старэйшых таварышаў – загадчыка аддзялення Барыса Палікшу, які быў маім настаўнікам, вопытных хірургаў Уладзіміра Максімовіча і Івана Родзькіна. Без іх мне было б больш складана ўпісацца ў рэаліі і асаблівасці работы раённай бальніцы, бо адрозненне з абласнымі тут усё ж ёсць.
– З кім можна параіцца, калі вы адзін такі спецыяліст у паліклініцы?
– Насамрэч, эндаскапія знаходзіцца на перасячэнні многіх іншых спецыяльнасцей – хірургіі, гастраэнтэралогіі, анкалогіі, марфалогіі. Калі ўзнікаюць новыя для мяне сітуацыі, я заўсёды магу абмеркаваць іх са спецыялістамі нашай паліклінікі. Да таго ж, раней эндаскапіяй займаўся цяперашні загадчык рэанімацыі Арцём Орсік, які валодае добрым багажом ведаў і таксама ніколі не адмовіць у парадзе. За шэсць гадоў работы я ўсё радзей прыбягаю да такіх парадаў, напрацаваў свой вопыт.
– Што вам падабаецца ў рабоце?
– Вельмі часта ў рабоце сустракаецца нешта новае, непадобнае на папярэднія выпадкі. Страўнік – орган асаблівы: у здаровым выглядзе прыкладна аднолькавы ў кожнага чалавека, а калі пачынаюцца нейкія запаленні, захворванні, тут заўсёды ёсць што даследаваць, дадаткова вывучаць. Як вынік – пастаянны рост у сваёй спецыяльнасці.
– Што найбольш уплывае на захворванні страўніка?
– Самая частая прычына хранічных захворванняў – гэта бактэрыя хелікабактар пілары, якая сама сабой з арганізма не выходзіць. Калі ў вас ёсць скаргі на самаадчуванне, трэба абавязкова звяртацца да спецыяліста, які пры неабходнасці выпіша накіраванне на абследаванне. Наш лад жыцця, харчовыя звычкі не праходзяць бясследна і таксама пагаршаюць сітуацыю. Мы ўвесь час гонімся за чымсьці – кар’ерны рост, вялікія заробкі, прызнанне ў грамадстве, забываючы, што здароўе – гэта фундамент. І калі ён падвядзе, пахіснецца ўся канструкцыя. Што рабіць? Адчуваць, слухаць сябе, хаця б раз на год праходзіць дыспансерызацыю і пры неабходнасці звяртацца да спецыялістаў. З іншага боку, заклікаю не панікаваць і не імкнуцца праходзіць эндаскапію “на ўсялякі выпадак”. Па-першае, гэта працэдура ўсё ж не самая прыемная, па-другое, гэта складанае медыцынскае ўмяшальніцтва са сваімі наступствамі.
– Што пажадаеце абітурыентам і студэнтам медыцынскіх ВНУ, якія яшчэ толькі ступаюць на гэты шлях?
– Спадзяюся, што тыя, хто выбраў медыцыну, зрабілі гэта свядома і грунтоўна, азнаёміўшыся з усімі нюансамі і цяжкасцямі, якія чакаюць наперадзе. Скажу шчыра, у гэтай сферы хутка злятаюць ружовыя акуляры, тут нічога не бывае напалову: або ты гатовы прыняць сваю прафесію ва ўсіх яе праявах, або гэта не тваё.
– Ваш выбар апраўдаўся?
– Ёсць крылаты выраз, які прыпісваюць пяру Канфуцыя: “Знайдзі работу па душы, і ты не будзеш працаваць ніводнага дня”. Гэта, напэўна, пра мяне. Рады, што побач працуюць такія самыя ўлюбёныя і зацікаўленыя сваёй справай людзі.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае