9 мая – дата, асаблівая для ўсіх беларусаў, сімвал таго, што ўжо 80 гадоў мы жывём пад мірным небам. У гэты адметны дзень Іван і Валянціна Рэйбы стварылі ўласную сям’ю і ўжо паўстагоддзя пражылі разам у каханні ды згодзе, каб гэтым прыгожым майскім днём зноў абмяняцца клятвамі вернасці і заручальнымі пярсцёнкамі перад сваёй вялікай любячай сям’ёй. Іх родныя і блізкія, сябры сабраліся ў зале ўрачыстых абрадаў аддзела ЗАГС райвыканкама, каб павіншаваць зноў маладажонаў.


Святочную цырымонію для Івана Канстанцінавіча і Валянціны Аляксандраўны правяла галоўны спецыяліст аддзела Святлана Вінакурава. Яна павіншавала юбіляраў з гэтай падзеяй:

– 25 гадоў таму вы ўжо былі прыкладам для ўсіх нас. У акружэнні блізкіх увайшлі ў гэтую залу, каб адзначыць свой сярэбраны юбілей сумеснага жыцця. Ваш шлюб прайшоў шлях ад серабра да золата, і гэта невыпадкова. Серабро сімвалізуе чысціню і гармонію, а золата – мудрасць і сілу пачуццяў. Вы даказалі, што ваша каханне ззяе і мацнее з кожным днём.

Яна прапанавала юбілярам па добрай традыцыі разам устаць на залаты ручнік і прыняць віншаванні ад родных.









Гаспадар сям’і Іван Рэйба нарадзіўся ў 1950 годзе на хутары каля вёскі Міклашы ў сям’і, дзе выхоўваліся сямёра дзяцей. Пасляваеннае жыццё было нялёгкім, аднак, нягледзячы на выпрабаванні, бацькі ў любові і клопаце гадавалі дзяцей. Іван Канстанцінавіч скончыў школу, затым Казлоўшчынскае прафтэхвучылішча, служыў у войску. Ён працаваў вадзіцелем у лясгасе, ратаўніком Таварыства ратавання на водах і амаль два дзесяцігоддзі жыцця прысвяціў рабоце на заправачнай станцыі, адкуль пайшоў на заслужаны адпачынак.
Восенню 1951 года ў Дубраўцы нарадзілася яго будучая жонка Валянціна. Пасля школы яна накіравалася вучыцца ў Навагрудскі сельгастэхнікум, працавала бухгалтарам, многія гады працоўнай дзейнасці з’яўлялася эканамістам камбіната бытавога абслугоўвання нашага раёна.

Яны сустрэліся ў 1972 годзе на вяселлі сяброў. Гулянне было вясёлым і яркім, а па яго заканчэнні госці раз’ехаліся дахаты. Аднак лёс падарыў Івану і Валянціне яшчэ адну сустрэчу.
У лютым 1975 года было вельмі холадна, мяла мяцеліца, і Іван Канстанцінавіч вырашыў падвезці дзяўчыну, якая стаяла каля дарогі. Ужо ў салоне аўтамабіля Валянціна Аляксандраўна разгледзела вадзіцеля і спытала:
– Вы мяне не пазналі?
З таго часу маладыя людзі не расставаліся. У самым пачатку сумеснага шляху яны яшчэ не здагадваліся, што разам сустрэнуць сярэбраны і залаты юбілей сямейнага жыцця.

9 мая 1975 года нягледзячы на тое, што музыканты затрымаліся на святкаванні Дня Перамогі і маладыя спазніліся ў сельскі савет распісацца, хоць позна ўвечары, рэгістрацыя шлюбу адбылася. І прырода радавалася нараджэнню новай сям’і лагодным надвор’ем.




За гады сямейнага жыцця муж і жонка пабудавалі дом, пасадзілі, пэўна, не адно дрэва, выгадавалі дачку Наталлю і сына Івана, якія ў гэты ўрачысты дзень прыйшлі павіншаваць сваіх самых дарагіх людзей разам з сем’ямі.

Госці пажадалі маладажонам моцнага здароўя, заўжды мірнага неба і сустрэць наступную юбілейную дату разам.

Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #Дятловщина