І. Баравікоў: “Гераізм павінен быць разумным”

Ратаўнік – прафесія, служба ці лад жыцця і мыслення? Колькі гадзінаў у суткі працуе сапраўдны пажарны? На гэтыя пытанні дае адказ выпадак, які здарыўся нядаўна на Дзятлаўшчыне.

Малады пажарны Наваельнянскай пажарнай аварыйна-ратавальнай часці №14 Ігар Баравікоў у адзін адзень стаў вядомы на ўвесь раён – ён уратаваў жыццё чалавека на пажары ў Наваельні. Сітуацыя на першы погляд звычайная для службы супрацоўніка МНС, каб не адна акалічнасць: адбылося здарэнне ў выхадны для Ігара Ігаравіча дзень.

— Я змяніўся з дзяжурства і, як звычайна, пайшоў наведаць сваю любую дзяўчыну, – прыгадвае акалічнасці здарэння пажарны. – Час быў блізу абеду, калі мы адчулі незразумела адкуль пах дыму. Як пасля высветлілася, гарэла кватэра суседа. Я дакладна ведаю, як дзейнічаць у такой сітуацыі, разгубленасці ніякай не было. Выбіў дзверы, пачуў стогны чалавека і выцягнуў яго на вуліцу з агню. Вярнуцца другі раз у кватэру я ўжо не змог. Паспрабаваў сам тушыць агонь, тым часам і пажарныя нашы, наваельнянскія, пад’ехалі.

Ігар Баравікоў, ураджэнец гарпасёлка Наваельня, не рыхтаваўся быць ратаўніком загадзя, не марыў аб гэтай прафесіі з дзяцінства. Атрымаўшы школьную адукацыю, ён быў прызваны служыць у Гродна, у пагранічныя войскі. Нават хацеў застацца служыць па кантракце, але перадумаў. Спрабаваў працаўладкавацца ў абласным цэнтры, але не вельмі вынікова.

— У разгар маіх пошукаў працы адзін сябра, зямляк, заўважыў мне: “А чаму ты з вайсковай падрыхтоўкай ды не працуеш у нашым раённым аддзеле МНС?” І я, не губляючы час, падаў дакументы на працаўладкаванне ў аддзел, – расказвае малады чалавек.

Самы строгі адбор, каб стаць ратаўніком, – па здароўі. Не кожны сёння здолее выконваць часта нялёгкія задачы, якія ставіць пажарная служба. Пасля трох месяцаў спецыяльнай падрыхтоўкі ў Барысаве Ігар Баравікоў вярнуўся працаваць на Дзятлаўшчыну, у хуткім часе – паступіў у распараджэнне пажарнай часці ў Наваельні, дзе працуе крыху больш за год.

Служыць пажарны ў Наваельні пад кіраўніцтвам таксама маладога камандзіра аддзялення Дзяніса Болтача, разам са старшым пажарным Аляксандрам Халецкім і вадзіцелем Юрыем Баковічам.

— У нас дружны калектыў, у такім надзейна і ўпэўнена можна працаваць, –  кажа Ігар Ігаравіч, – бо без сапраўднага сяброўства і ўзаемнай падтрымкі ў пажарнай часці і праца не зладзіцца.

— А што самае галоўнае для ратаўніка? – пытаюся ў маладога пажарнага, мяркуючы пачуць развагі пра смеласць і гераізм.

— Самае важнае – дакладна ведаць свае абавязкі, строга выконваць усе загады камандзіра нават у экстрэмальнай сітуацыі, – адказвае суразмоўца.

— Але ратаўнік – гэта ўсё ж прафесія мужных, справа смелых?..

— Без гэтага, вядома, аніяк у нашай справе. Але гераізм таксама павінен быць разумным – у любой надзвычайнай сітуацыі не трэба дапускаць, каб эмоцыі пераважылі над розумам, нельга слепа рызыкаваць сваім жыццём.   

— Вы ў пажарнай часці толькі год. Чаго чакаеце ад будучыні? Застаняцеся служыць ратаўніком?

— І году было дастаткова, каб зразумець, што служба пажарнага мне па душы. Я ўжо падаў дакументы, каб атрымаць вышэйшую адукацыю па гэтай спецыяльнасці.

Сваім саслужыўцам з нагоды свята Ігар Баравікоў адрасуе пажаданні сухіх рукавоў, моцнага здароўя, міру і дабрабыту ў сем’ях.

Н. АВЯРЧУК
Фота аўтара

administrator

Recent Posts

Александр Лукашенко в Бресте поставил задачи на уборочную кампанию

Президент Беларуси Александр Лукашенко во время рабочей поездки в Брест актуализировал задачи для аграриев на…

2 часа ago

У ААТ “Дварэц-Агра” – першыя на Дзятлаўшчыне камбайнеры-тысячнікі!!! (будзе дапоўнена)

Другі год запар ААТ “Дварэц-Агра”, падшэфнае сельгаспрадпрыемства ААТ “Молочный Мир”, трымае пальму першынства на жніве…

3 часа ago

Іншаземкі прыжыліся на Дзятлаўшчыне

КСУП “Хвінявічы” славіцца высокімі паказчыкамі ў жывёлагадоўлі, нязменна знаходзячыся ў лідарах раёна па надоях, прывагах…

20 часов ago

Каб “золата” з хлебнай нівы было вышэйшай якасці

Гудуць магутныя машыны, высыпаючы з прычэпаў зярняты. Яны льюцца хуткай плынню, горамі ўзвышаюцца на збожжатаку…

20 часов ago

Вблизи белорусско-литовской границы задержан мужчина с беспилотником

Гродненские пограничники задержали мужчину с беспилотником кустарного производства. Об этом БЕЛТА проинформировали в Госпогранкомитете. Вблизи…

23 часа ago

Юрий Караев представил активу Слонимского района нового руководителя

На 30-й внеочередной сессии районного Совета депутатов в должности председателя Слонимского райисполкома утверждён Виталий Шулейко,…

23 часа ago