– У кожнага чалавека ёсць Радзіма, нават дзве – малая, там, дзе нарадзіўся, і вялікая – цэлая краіна, дзяржава. Даты нараджэння, пісьмовых згадак, заснавання, летапісных падзей, прыняцця важнейшых рашэнняў – усё гэта наша гісторыя: асобы, вёскі, горада, раёна, вобласці, краіны, якую вывучаем, стараемся ведаць, любіць, паважаць, ды і пісаць разам, – зазначае наш вядомы зямляк, дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза.

З Вадзімам Леанідавічам рэдакцыя газеты “Перамога” звязалася, каб з першых вуснаў пацвердзіць інфармацыю аб тым, што горад Дзятлава на паўстагоддзя старэйшы, чым было вядома. Навуковец расказаў, якая каласальная работа ў апошнія гады вядзецца па ўдакладненні і вывучэнні гістарычных фактаў, тычыцца яна многіх гарадоў і сталіцы:

– У апошнія гады асаблівая ўвага вучоных Інстытута гісторыі НАН Беларусі надаецца пошуку і вывучэнню новых пісьмовых крыніц па гісторыі асобных населеных пунктаў. Устаноўлены ці ўдакладнены даты першых згадак ужо многіх з іх. Для мяне, ураджэнца вёскі Явар Дзятлаўскага раёна, вельмі важна, што ў гэтым спісе і горад Дзятлава – 1450 год. Бо яшчэ ў студэнцкія гады я працаваў у архівах з дакументамі і ў дыпломнай рабоце, першых артыкулах у газеце “Перамога”, кнізе “Памяць” выкарыстоўваў вядомую для маіх землякоў дату – 1498 год.

– Вадзім Леанідавіч, у якім менавіта архіўным дакуменце Дзятлава ўзгадваецца ў 1450 годзе?

– Гісторыя – дакладная навука, якая абапіраецца на канкрэтныя архіўныя дакументы, артэфакты, вынікі пошукаў, сістэматызацыю і аналіз усіх сукупных даных па гістарычным пытанні канкрэтных вучоных. У гэтым кірунку адзначу карпатлівую работу загадчыцы сектара Інстытута гісторыі Рагнеды Аляхновіч, навуковую і папулярызатарскую: выступленні на канферэнцыі і артыкул у зборніку “Дзятлава і Дзятлаўскі край: гісторыка-культурная і археалагічная спадчына”. Менавіта яе стараннямі мы сёння робім супольную з вамі працу па ўдакладненні даты першай пісьмовай згадкі пра Дзятлава, якая знаходзіцца ў “Кнізе данін Казіміра”. Яе перапісчыкі ў XVI стагоддзі ўключылі ў састаў трэцяй кнігі запісаў Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага (унікальнага збору рукапісных кніг XV–XVIII стагоддзяў, які сфарміраваўся ў працэсе дзейнасці вялікакняскай канцылярыі, куды ўключаліся копіі дакументаў, выдадзеных ад імя вялікага князя і вышэйшых службовых асоб краіны). Метрыка захоўвалася ў галоўным дзяржаўным архіве ВКЛ, і што вельмі важна – дакументы перадаваліся ў архіў на неабмежаваны час. Большасць арыгіналаў кніг Метрыкі ВКЛ сёння знаходзяцца ў Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў у Маскве.

Найстарэйшай кнігай Метрыкі ВКЛ з’яўляецца “Кніга данін Казіміра”. Як сцвярджаюць спецыялісты, яна змяшчае ў асноўным не поўныя тэксты выданых вялікакняскай канцылярыяй дакументаў, а толькі кароткія запісы з асноўнымі звесткамі: каму і якая маёмасць была дадзена вялікім князем літоўскім Казімірам. Большасць запісаў не ўтрымліваюць звестак аб часе стварэння, і даследчыкі вымушаны адзначаць у якасці даты той ці іншай падзеі шырокі перыяд на аснове праўлення вялікага князя літоўскага Казіміра (паміж 1440–1492 гадамі).

У “Кнізе данін Казіміра” пра Дзятлава (пад гістарычнай назвай Здзецел) ёсць два запісы. У першым адзначана, што вялікі князь падарыў дзевяць людзей у Здзецеле і Беліцкай воласці нейкім Рамашкавічам: “У Белицкой волости и у Здетеле, у Васковичох Ромашковичомъ: Тарас, Мартинъ, Дмитръ, Супря, Трухон, Мась, Микулица, Олекса, Еско новгород(ец). Сопега”. Яшчэ больш цікавы для нас другі запіс: здзецелцу Мінялку Драмуцэвічу вялікі князь пацвердзіў права на яго вотчыныя, атрыманыя ў спадчыну пасля смерці бацькі, землі ў Здзецеле: “Минялку Дромутевичу Здетелцу отчина его у Здетеле, земля без людей. Панъ Кгастовтъ. Сопига”.

Паколькі два гэтыя запісы не датаваныя, але ў апошнім указана, што дакументы падрыхтаваў пісар Сапега ў прысутнасці пана Кгаштаўта, на дапамогу прыходзяць спецыяльныя гістарычныя метады даследавання. Пісарам Сапегам, без абазначэння імя, у дакументальных крыніцах XV стагоддзя звычайна называюць Сямёна Сапегу – пісара вялікага князя Казіміра ў 1440–1450 гадах. А панам Кгастаўтам у “Кнізе данін Казіміра” запісвалі Яна Гаштольда, калі ён займаў пасаду віленскага ваяводы ў 1443–1458 гадах. Калі суаднесці час, у які Сямён Сапега і Ян Гаштольд займалі свае пасады, можна зрабіць выснову, што дакументы былі складзены паміж 1443 і 1450 гадамі. Паколькі пры вызначэнні даты першага ўпамінання з дыяпазону бярэцца апошняя з магчымых, то такім чынам датай першай пісьмовай згадкі Дзятлава і з’яўляецца 1450 год!

– У праекце “У тэме. Гісторыя” вы расказвалі, што  задача гісторыкаў – запэўніць мясцовыя ўлады у прыняцці рашэння аб змяненні даты. Наколькі складаная і доўгая гэта працэдура?

– Шчыра кажучы, не задумваўся пра падобныя моманты пры прыняцці рашэння аб змяненні даты. Думаю, яны вырашаюцца на ўзроўні мясцовых органаў улады, тым больш што даследаванні па гісторыі асобных населеных пунктаў і рэгіёнаў Беларусі становяцца ўсё больш запатрабаванымі ў грамадстве, цалкам адпавядаюць сучасным задачам гістарычнай палітыкі Беларусі і нацыянальным інтарэсам краіны. Спачатку рашэннем Дзятлаўскага райвыканкама ўдакладняецца дата першай пісьмовай згадкі горада Дзятлава, у тым ліку на афіцыйных інтэрнэт-рэсурсах, сувенірнай прадукцыі, элементах дэкаратыўнага ўпрыгажэння ў горадзе, а затым ужо справа ўсіх нас – дакладна яе запомніць, ганарыцца і шырока трансліраваць.

– Калі можа быць афіцыйна зацверджаны новы ўзрост Дзятлава і ці мяркуецца ўрачыстасць з вашым удзелам да гэтай падзеі?

– 3 ліпеня 2025 года, на Дзень Незалежнасці і Свята горада, можна адзначыць 575-гадовы юбілей Дзятлава, а канчаткова гэта замацуем і шырока данясём грамадству і краіне праз СМІ і вучоных на сумеснай навукова-практычнай канферэнцыі “Дзятлава і Дзятлаўскі край: гісторыка-культурная спадчына (да 575-годдзя горада)”, якую мяркуецца правесці ў Дзятлаве 12 верасня 2025 года. З вялікім задавальненнем буду на радзіме ў ліпені, а ў верасні абавязкова.  

– У тым жа праекце вы расказалі, што дакументальныя звесткі павінны быць пацверджаны археалагічнымі знаходкамі, ці ёсць такія ў Дзятлаве?

– Ёсць практычна поўнае супадзенне звестак з пісьмовых крыніц і археалагічных раскопак у Дзятлаве і многіх помнікаў археалогіі раёна. Магу спаслацца на шматгадовыя даследаванні ўласныя і П. Русава, Э. Зайкоўскага, С. Юрэцкага. Прыемна, што яшчэ студэнтам я працаваў на раскопках Дзятлава ў якасці лабаранта Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Многія цікавыя для навукі прадметы матэрыяльнай і духоўнай культуры нашых продкаў прайшлі і праз мае рукі. Несумненна, Дзятлава і многія сучасныя населеныя пункты вакол яго ўжо існавалі ў сярэдзіне ХV стагоддзя, хутчэй за ўсё і раней. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае #Дятловщина

Похожие публикации