Хто крылы расправіў на роднай зямлі. Васіль Бортнік. Душа творцы не ведае стомы

Графічныя партрэты, кранальныя пейзажы, яркія нацюрморты, характарныя сцэны з жыцця, якія застылі на палотнах. У верасні-лістападзе ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі ладзілася выстава нашага вядомага земляка – маскоўскага мастака Васіля Бортніка.

Дзяцінства і юнацтва Васіля Міхайлавіча цесна звязаны з нашым раёнам, менавіта адсюль пяцьдзясят гадоў таму, 27 верасня далёкага 1975 года, выпускнік Дзятлаўскай школы-інтэрната пайшоў “у людзі”, крок за крокам адкрываючы для сябе складаны і бясконцы свет творчасці, каб роўна праз паўстагоддзя ў дарагім сэрцу куточку Беларусі, які лічыць малой радзімай, урачыста адкрыць персанальную выставу, цёпла сустрэцца з былымі педагогамі, аднакласнікамі, роднымі, сябрамі.  

Васіль Бортнік нарадзіўся 5 студзеня 1959 года ў Казахстане, але лёс звязаў яго з вёскамі Ведравічы і Старына нашага раёна, а ў 1969-1975 гадах ён вучыўся ў школе-інтэрнаце. Сёння за плячыма Васіля Міхайлавіча Варашылаўградскае дзяржаўнае вучылішча, Маскоўскі дзяржаўны мастацкі інстытут імя В. І. Сурыкава, ён з’яўляецца членам Саюза мастакоў Расіі, Маскоўскага саюза мастакоў, лаўрэатам шматлікіх мастацкіх конкурсаў. 

У дзень закрыцця выставы аўтар даў інтэрв’ю, у якім расказаў, як жыве, што любіць маляваць, дзе чэрпае натхненне.

– Персанальная выстава – важная для кожнага творцы, што адчуваеце вы?

– Хваляванне, бо выставу прысвяціў малой радзіме, Дзятлаўшчыне, адкуль пяцьдзясят гадоў таму пайшоў у вялікі свет. Аб яе арганізацыі мяне прасілі аднакласнікі з Дзятлаўскай школы-інтэрната. Менавіта настаўнікі і выхавальнікі праклалі мне дарогу ў будучыню, бо рос без бацькоў. У школе ўвесь час быў заняты: раніцай вучыўся, пасля ўрокаў у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе займаўся футболам, маімі трэнерамі былі Міхаіл Шайбак, Валерый Петрыкевіч. Я гуляў за зборную раёна, вобласці, пакуль не зламаў меніск. З-за траўмы ляжаў у Гродне ў бальніцы, там у адной палаце са мной быў мужчына, адзін з пляменнікаў якога аказаўся мастаком. Калі ён наведваў дзядзьку, пагутарыў і са мной, пацікавіўся, ці люблю маляваць. Менавіта ён забраў мяне пасля лячэння да сябе дамоў, некалькі дзён мы разам у майстэрні пісалі нацюрморты. Даў мне з сабой фарбы, пэндзлі, палотны і сказаў: “Будзеш працаваць – усё ў цябе атрымаецца”. Да гэтага выяўленчым мастацтвам я займаўся ў школьным гуртку ў Лідзіі Дубок, якая не была прафесіяналам, але старалася развіць здольнасці ў дзяцей. У школе-інтэрнаце  былі цудоўныя педагогі, якія не толькі давалі грунтоўныя веды, але і натхнялі.

– Ці магло захапленне спортам адцягнуць вас ад жывапісу?

– Упэўнены, што не. Калі мяне запрасілі гуляць за данецкі “Шахцёр”, я туды не даехаў. Спыніўся ў цёткі ў Луганску, а яна прапанавала пайсці ў мясцовую футбольную каманду “Заря”. Я скарыстаўся парадай. Паблізу якраз знаходзіліся мастацкае вучылішча, абуткавае аб’яднанне. Так і склалася, што раніцай працаваў у аб’яднанні, потым бег у вучылішча, дзе рыхтавацца да паступлення мне дапамагаў знаёмы старшакурснік, хадзіў на трэніроўкі. Праўда, лёс склаўся так, што потым скончыў Варашылаўградскае вучылішча і Маскоўскі дзяржаўны мастацкі інстытут імя В. І. Сурыкава.

– Дзе чэрпаеце натхненне?

– Натхненне – цудоўнае пачуццё, але яно не заўжды бывае. Як зазначаў адзін з маіх выкладчыкаў Сяргей Андрыяка: “Трэба прыходзіць дамоў і кожны дзень пісаць-пісаць, толькі так можна вырасці ў добрага мастака”. Зразумела, што дома шмат іншых спраў, але іх можна сумяшчаць. Напрыклад, я вельмі люблю вырошчваць і маляваць кветкі, у мяне іх шмат. Увогуле, новыя сюжэты можна нечакана сустрэць сярод будняў: прыгожы пейзаж, цікавы цень на зямлі, домік… У такія моманты галоўнае – хуценька зрабіць для сябе замалёўку, якую потым можна будзе выкарыстаць для карціны.

– Ці ёсць у вас месца сілы?

– Калі і ёсць, то яно на Дзятлаўшчыне. Хоць у Падмаскоўі, дзе жыву, шмат маляўнічых мясцін, лес, вялікае возера, але я вырас на дзятлаўскай зямлі, працаваў у калгасах, прайшоў школу сталення, таму тут адчуваю асаблівыя эмоцыі.

– Які Васіль Бортнік мастак, мы даведаліся, а які вы чалавек?

– З раніцы да вечара працую, чаргуючы мастацкія справы з дамашнімі. Заўжды стараюся дапамагчы жонцы Наталлі Аляксандраўне, якая таксама мастачка, тонкі жывапісец, мой першы і галоўны крытык. Мы выгадавалі двух цудоўных сыноў, дачакаліся ўнукаў. Старэйшы сын працуе генеральным дырэктарам буйной кампаніі, малодшы – спецыялістам у сферы камп’ютарных тэхналогій, яны таксама ў свой час сур’ёзна захапляліся спортам, някепска малявалі.  

– Ці можна спадзявацца, што дзятлаўчане зноў убачаць вашы работы? Чаго на развітанне пажадаеце нашаму раёну?

– Я планую як мінімум яшчэ адну выставу на малой радзіме. Мяркуецца, што яна будзе арганізавана летам 2026 года. Зразумела, пастараюся прывезці іншыя свае карціны.

Дзятлаўшчыне жадаю працвітання, мірнага неба і ўсяго шчаслівага, бо ў мяне аб ёй самыя шчырыя, цёплыя, кранальныя ўспаміны.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашалепшае #нашелучшее

administrator

Recent Posts

На Зецельскім фэсце гуляе народ…

На Зецельскім фэсце гуляе народ,На плошчы вясёлы вядзе карагод,Танцуе, спявае і славіць сям’ю,А хтосьці газеце…

4 часа ago

Рыхтавацца да зімы – загадзя і грунтоўна

Пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага прайшло…

19 часов ago

Последствия выплаты заработной платы «в конверте» для нанимателей

Под зарплатой «в конверте» принято понимать незаконную форму  оплаты труда, при которой часть или весь…

19 часов ago

Навучыліся аказваць неадкладную дапамогу

Другі раз запар у Беларусі прайшоў рэспубліканскі міжведамасны адукацыйны праект “Запусці сэрца”, арганізатарамі якога выступаюць…

20 часов ago

Добрахвотнікаў стала больш

У рамках месячніка Таварыства Чырвонага Крыжа ў Дзятлаве адбылося ўрачыстае ўручэнне пасведчанняў новым валанцёрам аб’яднання.…

20 часов ago

Макроэкономическая стабильность и повышение качества жизни. Александр Лукашенко назвал базовые цели ЕАЭС

Президент Беларуси Александр Лукашенко на заседании Высшего Евразийского экономического совета назвал базовые цели ЕАЭС, передает корреспондент БЕЛТА. "Реагировать…

20 часов ago