Categories: Падзеі

Хрольчыцы. Нарысы пра іх жыхароў

Вёска Хрольчыцы, згодна з дадзенымі кнігі «Памяць»,  яшчэ напрыканцы 90-х гадоў налічвала больш за восемдзесят жыхароў. Сёння, як адзначае стараста населенага пункта  Іван Віктаравіч Лазовік,  у Хрольчыцах жывуць 26 вяскоўцаў. А пачыналася гісторыя вёскі і ўвогуле  з некалькіх хатаў. Першым уладальнікам населенага пункта быў пан Хрольчыцкі — адсюль і вытворная назва вёскі.


Самая старэйшая з яе жыхароў  — Ніна Паўлаўна Гранкоўская. Яна з таго пакалення людзей, дзяцінства якіх апаліла Вялікая Айчынная вайна. Ніна Паўлаўна была сувязной партызанскага атрада, у якім ваяваў родны брат яе мамы. Неяк, узгадвае жанчына, дзядзька папрасіў яе схадзіць у Круцілавічы, паглядзець, ці ёсць там немцы. На зваротным шляху  дзяўчынку затрымалі. Толькі дапамога настаўніка, ды слёзныя просьба мамы, якая стаяла на каленях перад паліцаямі, дазволілі Ніне выйсці з-пад варты.
Сёння Ніне Паўлаўне ўжо 87 гадоў, аднак падзеі тых далёкіх часоў свежыя ў яе памяці:  перажытае не забудзецца ніколі.
У мірны час Ніна Паўлаўна працавала ў калгасе. А яшчэ была выдатнай майстрыхай па ткацтве так званых «перабіранак» — дываноў з кветкавымі арнаментамі. Умее  Ніна Паўлаўна і вязаць.
Цяпер жанчына  жыве  адна, як і многія іншыя вяскоўцы некалі вялікага населенага пункта, дзе толькі за год гулялі 10 вяселляў.  Гэта была значная падзея для цэлай вёскі, паколькі на ўрачыстасць запрашалі ўсіх жыхароў. А знаёміліся будучыя сямейныя пары часцей за ўсё на танцах.


Так сустрэў і  сваю другую палавінку Іван Віктаравіч Лазовік. Сам ён ураджэнец Карыцы-1, у Хрольчыцы пераехаў пасля жаніцьбы.
Усё жыццё Іван Віктаравіч працаваў у калгасе, быў камбайнерам. Пачынаў яшчэ на камбайне СК-4, які не меў кабіны. Быў толькі навес, які абараняў ад сонца.
За сваю шматгадовую і добрасумленную працу Іван Віктаравіч неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі БССР. Мае  ордэн Працоўнай славы трэцяй ступені, а таксама  званне заслужанага камбайнера.
А ў 1985-1990 гадах перадавік працы з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Значнымі падзеямі ў жыцці Івана Віктаравіч з’яўляюцца ўдзел у чацвёртым Усесаюзным  з’ездзе калгаснікаў, які праходзіў у сакавіку 1988 года ў Маскве, а таксама  ва Усесаюзным  з’ездзе прафсаюзаў.
Як перадавік працы Іван Антонавіч узнагароджваўся і паездкамі на адпачынак па бясплатнай пуцёўцы. Масква,  Ленінград, Стаўрапольскі край, Каўказ — гэта няпоўны пералік мясцін, дзе ён паспеў пабываць. Фотаздымкаў з тых паездак не так ужо і шмат (фотаапарат у тыя гады быў рэдка ў каго), аднак адметнасць і непаўторнасць убачаных краявідаў захавала памяць.


У час размовы мінулае ўзгадала і Соф’я Уладзіміраўна Грынь, карэнная жыхарка Хрольчыцаў. Нядаўна яны з мужам адзначылі залатое вяселле. А пазнаёміліся Соф’я і Фёдар яшчэ ў школьныя гады. Дзіцячая сімпатыя перарасла ў сур’ёзнае пачуццё, якое стала падмуркам для стварэння сям’і.
Падворак ля дома сям’і Грынь адразу ж кідаецца ў вочы: з ранняй вясны і да позняй восені яго ўпрыгожваюць кветкі. Яны — шматгадовае захапленне Соф’і Уладзіміраўны. Самыя любімыя з «гадаванцаў», як адзначае яна, — гэта флоксы.
Сакрэты кветкаводства Соф’я Уладзіміраўна чэрпае са спецыяльнай літаратуры, часопісаў, якіх шмат выпісвае.
А яшчэ жанчына любіць кулінарыць. Кажа, што гэтае майстэрства перадалося ёй у спадчыну ад мамы. Яна, ўзгадвае мая суразмоўца, нават са звычайных прадуктаў магла прыгатаваць смачныя стравы. А вучылася кулінарыць, прыслужваючы ў паноў у Навагрудку, да якіх пайшла працаваць яшчэ 17-гадовай дзяўчынай. Вучыла  кулінарнай справе сама пані.
— Мы з братам рана засталіся без бацькі, — расказвае Соф’я Уладзіміраўна. Ён быў вядомым у вёсцы кавалём. Нават і цяпер у жыхароў вёскі ёсць вырабы, зробленыя яго рукамі.
Мама падымала на ногі нас адна. Працавала яна ў калгасе. А яшчэ яе запрашалі гатаваць на вясковыя вяселлі. Яна ўмела  пячы караваі, хлеб — гатавалася ўсё ў печы. Смак гэтага хлеба не забыць ніколі.
—Раней хацелася, — працягвае жанчына, —  каб хутчэй у гаспадарцы з’явілася газавая пліта. А цяпер разумееш, што самая смачная ежа — прыгатаваная менавіта ў печы.
Ужо шмат гадоў Соф’я Уладзіміраўна на заслужаным адпачынку. Да гэтага працавала бухгалтарам у калгасе. А пачынала свой працоўны шлях загадчыцай Навасёлкаўскага клуба.
Цяпер жанчына займаецца няхітрай гаспадаркай. Вечарамі любіць чытаць, пераважна часопісы і газеты. Летам ходзіць у грыбы і ягады. Адным словам, жыццё ідзе ў звычайных вясковых клопатах, да якіх яна прывыкла змалку.
А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота П. АДАМЧУКА.

administrator

Recent Posts

Рыхтавацца да зімы – загадзя і грунтоўна

Пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага прайшло…

13 часов ago

Последствия выплаты заработной платы «в конверте» для нанимателей

Под зарплатой «в конверте» принято понимать незаконную форму  оплаты труда, при которой часть или весь…

13 часов ago

Навучыліся аказваць неадкладную дапамогу

Другі раз запар у Беларусі прайшоў рэспубліканскі міжведамасны адукацыйны праект “Запусці сэрца”, арганізатарамі якога выступаюць…

14 часов ago

Добрахвотнікаў стала больш

У рамках месячніка Таварыства Чырвонага Крыжа ў Дзятлаве адбылося ўрачыстае ўручэнне пасведчанняў новым валанцёрам аб’яднання.…

14 часов ago

Макроэкономическая стабильность и повышение качества жизни. Александр Лукашенко назвал базовые цели ЕАЭС

Президент Беларуси Александр Лукашенко на заседании Высшего Евразийского экономического совета назвал базовые цели ЕАЭС, передает корреспондент БЕЛТА. "Реагировать…

15 часов ago

Программа заключительных мероприятий XV Республиканского фестиваля национальных культур

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

15 часов ago