Перад Новым годам мы пісалі пра жыхарку горада Дзятлава, якой пагражала прымусовае высяленне з арэнднай кватэры за працяглую няўплату камунальных плацяжоў.

Навагоднія святы жанчына ўсё ж сустрэла ў кватэры, а вось усе вясновыя для яе дакладна пройдуць на новым месцы. Грамадзянцы далі шанц выканаць пастанаўленне суда і пакінуць арэнднае жыллё самой, якое яна праігнаравала, таму на днях у прысутнасці работнікаў АУС райвыканкама, аддзела прымусовага выканання Дзятлаўскага раёна, сіламі работнікаў жылкамунгаса гэта зрабілі незалежна ад яе волі. Усю маёмасць вынеслі з памяшкання і перавезлі транспартам Дзятлаўскага РУП ЖКГ у месца, указанае неплацельшчыцай. Ад іншай кватэры меншай камфортнасці ў Гезгалах, прапанаванай жылкамунгасам для пражывання, яна адмовілася, пажадала, каб рэчы перавезлі на яе малую радзіму, у бацькоўскі дом у адну з вёсак раёна.

Аб тым, што будзе далей з кватэрай і доўгам, расказаў юрысконсульт Дзятлаўскага РУП ЖКГ Ігар Глускі:

– Рашэнне суда выканана, аднак доўг грамадзянкі застаецца за ёю і павінен быць пагашаны, будзе ўтрымлівацца з яе заработку. Вызваленая кватэра засталася ў фондзе арэнднага жылля раёна і ў бліжэйшым часе будзе заселена новымі жыхарамі, для якіх гісторыя налічэння камунальных плацяжоў пачнецца з нуля.

У гэтай гісторыі няма чаго дадаць, акрамя кароткай рэмаркі: плаціць за камунальныя паслугі павінен кожны грамадзянін, які імі карыстаецца. Ад “другім разам заплачу” да страты жылля – імгненне вока.

Наталля АВЯРЧУК

Фота прадастаўлены Дзятлаўскім РУП ЖКГ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles

Похожие публикации