Адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. Разгледжаны хадайніцтвы ўстановаў адукацыі раёна аб прыняцці рашэнняў па наяўнасці крытэрыяў і паказчыкаў недабрабыту па выніках сацыяльных расследаванняў.
Кулакі часаліся?
Ці варта жанчыне дазваляць, каб яе кулакамі “выхоўваў” абсалютна чужы чалавек? Кожная прадстаўніца слабой паловы адказ на гэтае пытанне дае сама. Напрыклад, паміж маці хлопца-падлетка і яе сужыцелем неаднаразова ўспыхваюць сваркі з рукапрыкладствам. Па выніках апошняй пракуратурай ініцыявана ўзбуджэнне крымінальнай справы на сужыцеля, а школай, дзе вучыцца сын пацярпелай, – правядзенне сацыяльнага расследавання. Ці варта казаць, што крытэрыі і паказчыкі недабрабыту даказаны.
Члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, куды былі запрошаны абодва бакі канфлікта і родны бацька падлетка, толькі пацікавіліся ў маці, чаму яна яшчэ жыве з хатнім тыранам, хаця даўно збіралася яго прагнаць. Жанчына па-філасофску адказала, што церпіць, бо верыць у лепшае. Хаця ў гэтай сітуацыі больш праўдзівым здаецца другі варыянт: ёй і сужыцелю камфортна разам выпіваць, а “бразільскія страсці” – пабочны эфект ад алкаголю.
Безумоўна, камісія аднагалосна прызнала падлетка ў сацыяльна ненадзейным становішчы. Як будуць далей развівацца падзеі, выявіць следства па крымінальнай справе. Здзіўляе адно: чаму родны бацька дзіцяці, які жыве паблізу, поўнасцю абстрагаваўся ад праблем сына? Яго і маці папярэдзілі: калі сітуацыя не наладзіцца ў бліжэйшы час, непаўналетняга прызнаюць маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне, і абавязанымі асобамі стануць адразу двое кроўных бацькоў.
Усё магло скончыцца трагедыяй
Старэйшая дачка-навучэнка пачатковай школы з сям’і, дзе гадуецца трое непаўналетніх, сама патэлефанавала ў міліцыю, каб папрасіць дапамогі, бо “тата біў маму”. Хто ведае, чым бы скончылася “сямейная разборка”, каб не званок: у жанчыны выявілі пераломы.
Усе трое дзяцей у той дзень былі сведкамі рукапрыкладства, а таму камісія па справах непаўналетніх без лішніх ваганняў прызнала іх у сацыяльна ненадзейным становішчы.
На пасяджэнні мужчына патлумачыў, што прыступ ярасці ў яго выклікала рэўнасць да жонкі. Справа ў тым, што да нядаўняга часу яна працавала, а на мужа быў аформлены догляд дзіцяці-інваліда. Пры гэтым ён дазваляў сабе ўжываць алкагольныя напоі. Седзячы дома, “падбадзёраны” спіртным мужчына не быў упэўнены ў вернасці сваёй “палавінкі”. Цяпер дарослыя памяняюцца ролямі: працаваць пойдзе гаспадар.
Члены камісіі патлумачылі бацькам, якая работа будзе наладжана з сям’ёй, і папярэдзілі, што нават пры нязначным пагаршэнні сітуацыі дачку і маленькіх сыноў прызнаюць маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.
Найшла каса на камень
“Не сышліся характарамі” – так можна сказаць пра гэтых нявестку і свякроў. З-за непаразумення і сварак паміж сваячкамі ў маладой сям’і, дзе гадуецца двухгадовы хлопчык, адбыліся ўжо два сацыяльныя расследаванні.
Вынікі апошняга пацвердзілі сямейны недабрабыт, дзіця прызнана ў сацыяльна ненадзейным становішчы. Усё таму, што маладая маці не змаўчала пасля заўваг свекрыві. Слова за слова – і паміж жанчынамі пачалася сур’ёзная сварка, па выніках якой малодшая “зарабіла” адміністрацыйны пратакол. На той час бацька дзіцяці адбываў пакаранне.
Цяпер маладая сям’я аб’ядналася, жыве асобна ад сваякоў, аднак патрабуе да сябе ўвагі службаў прафілактыкі. Калі сямейныя канфлікты скончацца і дарослыя прыкладуць усе намаганні для выпраўлення сітуацыі, праз паўгода сям’ю могуць зняць з уліку ненадзейных.
Вадзім БЯЛЯТКА,
старшыня камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнт газеты “Перамога”, член камісіі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga